Выбрать главу

Нямала цікавага паведаў нам Іван Фёдаравіч пра вёску Малюшычы, пра яе мінулае. Як расказваў яму яшчэ бацька, тут некалі жыў памешчык Дубічынскі, «паляк». Калі ў 1860 годзе (чамусьці якраз гэты год запомніўся Івану Фёдаравічу) «узбунтавалася Польшча, каб аддзяліцца», то Дубічынскі «сабраў сваю чэлядзь» і далучыўся да «мяцежнікаў». Расказваючы пра «мяцеж», Іван Фёдаравіч звязаў з ім і імя легендарнага Тадэвуша Касцюшкі, якога назваў так — «кароль Касцюшка». За ўдзел у тым паўстанні Дубічынскага арыштавалі, а яго маёнтак быў канфіскаваны царскімі ўладамі. Купіў яго свяшчэннік з-пад Баранавіч — Савіч...

Але самым цікавым было для нас мясцовае паданне, якое расказаў Іван Фёдаравіч.

Паданне пра апетае Адамам Міцкевічам возера Свіцязь, да якога ад Малюшыч дванаццаць кіламетраў.

Калі Іван Фёдаравіч пачаў расказваць, мы слухалі, баючыся прапусціць хоць слова. Бо адразу адчулі, што гэта было не простае паданне...

Але спачатку — само паданне.

Калісьці на тым месцы, дзе цяпер плешчацца Свіцязь, былі два хутары. У гаспадара аднаго хутара свяціла голымі латамі бядняцкая хаціна, у другога ж — красаваўся раскошны прыгожы палац. Бедны хутаранін меў сына, багаты — дачку. Хлопец і дзяўчына моцна пакахалі адно аднаго, хацелі пажаніцца. Але багацей і думаць не хацеў аддаваць дачку за сына бедняка. Тады хлопец наважыў любой цаной разбагацець — толькі б заваяваць каханую дзяўчыну. Выйшаў ён сярод ночы на вялікую дарогу. Калі праязджалі па ёй купцы-гандляры, перастрэў іх, перабіў, а грошы забраў сабе. За тыя грошы пабудаваў ён багаты дом-палац, можа, нават прыгажэйшы, чым у суседа-багацея. Цяпер багаты хутаранін не супярэчыў дачцэ выходзіць за каханага хлопца. Згулялі вяселле. Маладыя муж і жонка сталі жыць у яго доме. Праз нейкі час муж прызнаўся жонцы, якім чынам дасталося яму багацце. Паслухаўшы яго расказ, жонка сказала яму схадзіць на магілу забітых ім купцоў і паслухаць, што яны будуць там казаць. Пайшоў туды яе чалавек і праўда пачуў з-пад зямлі голас купцоў. Купцы гаварылі пра тое, што іх забойца ўсё роўна, рана ці позна, а будзе пакараны. Вярнуўшыся з могілак, гаспадар расказаў пра пачутае жонцы. Каб адхіліць бяду, надумалі асвяціць дом. Паклікалі свяшчэнніка. Асвяціў дом свяшчэннік і паехаў. Але па дарозе ўспомніў, што забыўся малітоўнік. Вярнуўся назад, а на месцы тых хутароў — пляскалася ўжо возера. Па вадзе плаваў толькі столік з малітоўнікам. Калі свяшчэннік дастаў свой малітоўнік, столік адразу ж пайшоў на дно.

Даслухаўшы дзядулю, мы пераглянуліся са Львом Паўлавічам: ці не тое гэта паданне, што легла ў аснову Чачотавай балады «Свіцязь»? Вельмі важнай балады. Адной з тых, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да нараджэння на беларускай зямлі цэлага напрамку, а лепш сказаць, эпохі ў гісторыі літаратуры — рамантызму, пра што больш падрабязна скажацца пазней...

Балада Яна Чачота «Свіцязь» да апошняга часу была не вядома шырокаму чытачу, і ў першую чаргу беларускаму. Між тым яна вельмі шмат можа сказаць нам аб характары літаратурнай творчасці аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, аб прынцыпах выкарыстання ім фальклору ў сваіх творах, наогул аб светапоглядзе паэта.

Сюжэт Чачотавай балады — для параўнання — такі. На месцы Свіцязі некалі стаяў горад з той жа назвай. У аднаго багатага чалавека была вельмі прыгожая («цуда з цудаў») дачка. Дзяўчыну пакахаў хлопец-бядняк, хацеў ажаніцца з ёй, але бацька не дазволіў дачцэ выходзіць замуж за такога жаніха. Хлопец намерыўся прасіць дапамогі ў д'ябла. Выйшаў на «расстайныя дарогі», свістам паклікаў «нячысціка». Той не прымусіў сябе доўга чакаць: тут жа выскачыў на дарогу — «такі страшны, такі брыдкі... пазногці — як крукі, лапы — курыныя, нос — як дзюба, казліны хвост, у куцым фраку, у губе — агонь, валасы — са змеяў». Убачыўшы чорта, хлопец хацеў пусціцца наўцёкі. Але д'ябал пачаў яго сарамаціць: «Калі ўжо надумаўся ісці — ці ў пекла, ці да неба, — то не трэба баяцца». Жаданне стаць багатым, каб заваяваць любую дзяўчыну, перамагло, і хлопец, слухаючыся д'ябла, на валовай скуры «накрымзоліў» уласнай крывёй «абавязацельства». За гэта, сказаў яму чорт, «паможам табе забіць купца... І ўсе забярэш грошы... І будзеш жыць ціха, добра і спакойна, з жонкай і дзецьмі купацца у раскошы і шчодрым багацці... А як міне сорак гадоў, даб'ешся гонару быць у пекле...» Сказана — зроблена. Хлопец выходзіць на дарогу. Па ёй вяртаецца з Зэльвы, з кірмашу, купец, які прадаў там свае тавары — «вязе дукаты, талеры... вязе поўныя рукі падарункаў, якіх чакаюць дзеці і жонка». Раптам у возе купца — так падстроілі д'яблы — ломіцца кола. Пакуль ён папраўляў тое кола, настае ноч. Чэрці пускаюць купецкі караван па бездарожжы, падымаюць яшчэ на яго буру. Калі караван пад'язджае да слупа на расстайных дарогах, хлопец-бядняк нападае на купца і, не зважаючы на яго просьбы, забівае разам з прыслугай. Перад смерцю купец праклінае забойцу, папярэджваючы, што за гэта яго чакае страшная помста. Праклён і прадказанне кары чуе хлопец і тады, калі ідзе да ручая змыць з рук кроў.