І праўда, вельмі лагічна выстраіў сваю версію вопытны даследчык Генадзь Кісялёў.
Аднак гэтая версія не спраўдзілася. Зацікавіўшыся сям'ёю Тамаша Зана, я даведаўся з літаратуры, што ён меў трох сыноў — Віктара, ці Віктарына (другое імя — Серафін), Абдона і Кліменція. Але быў і чацвёрты, які нарадзіўся якраз у 1854 годзе і памёр адразу пасля таго, як яго хрысцілі. Значыць, якраз гэты апошні хлопчык і ўшаноўваўся на магільным камені Занаў.
Каб высветліць долю апошняга прыстанка Зана, мне трэба было перш за ўсё даведацца, як доўга жыла там яго сям'я.
Смерць Тамаша Зана была для непрактычнай Брыгіды з трыма малымі дзецьмі на руках зусім неспадзяваным вялікім ударам. Перад ёю ўстала пытанне: як ёй цяпер жыць, ці аставацца ў Кахачыне? Разгубленасць Брыгіды відаць з яе пісьма да Марылі Путкамер ад 15 жніўня 1855 года, якое варта прывесці тут больш-менш поўна: «Дарагая і любая Марыя! Колькі тыдняў назад я паслала пісьмо Зосі Каліноўскай (Марылкай дачцэ. — К. Ц.) у Вільню — выказала ў ім надзею хутка з Вамі ўбачыцца. Цяпер ужо сама разам з трыма сіротамі хачу выказаць перад Вамі свой боль, просячы Вашай малітвы і падмогі ў горы. Вы ўжо ведаеце, што Бог пазваў на Неба сапраўднага Анёла, якім быў наш Найдаражэйшы Тамаш. О, калі б я магла Вам, дарагая Марыя, выказаць боль, які поўніць маё сэрца! Вы, што любілі і цанілі яго ў жыцці, зразумееце, як цяжка стала мне жыць пасля адыходу гэтага Анёла, што быў для мяне цэлым светам і адзіным шчасцем на гэтай зямлі. Я страціла Мужа, Апекуна, Бацьку і адзінага павадыра, які вёў нас па гэтай беднай зямлі да лепшага... Так раптоўна прыйшла да яго хвароба, а за ёй і смерць, што мне ўсё гэта здалося сном — часам мне зусім не верыцца, што гэта праўда... Перад смерцю ён блаславіў дзяцей і мяне... Ён так суцяшаў усіх нас і вельмі шкадаваў, што пакідае нас сіротамі... дзякаваў мне за ўсе клопаты, да апошняй хвіліны аслабелымі ўжо рукамі прыціскаў мяне да свайго сэрца і прасіў змірыцца з Божаю воляю... Ён жыў і паміраў, як сапраўдны хрысціянін, хоць і нялёгка было яму паміраць, пакідаючы жонку і трое дзяцей са сціплымі сродкамі для жыцця. А дзеці, хоць яшчэ такія малыя (Віктару толькі што мінулася сем гадоў, Абдону — шэсць, а Клімэку — чатыры), але ад жалю аж млелі і заліваліся слязьмі. Не ведаю яшчэ, што буду рабіць — ці Бог дасць тут застацца з дзецьмі, ці перанесціся ў нашы мясціны, якія заўсёды былі такія мілыя для нябожчыка і для мяне самой, бо родныя. Як бы там ні сталася, заклінаю Вас, дарагая Марыя, каго ён лічыў самай вернай сваёй прыяцелькай, каб і Вы ў памяць гэтага Анёла захавалі для нас, сірот, такую самую прыязнасць і зычлівасць, якую ён меў да Вас. Бо ні для мяне, ні для дзяцей ніхто не можа быць больш даражэйшым, чым тыя, што паважалі яго і любілі так, як ён гэтага быў варты...»
Марыля Путкамер з усёй чуласцю жаночага сэрца адгукнулася на пісьмо Брыгіды. І вельмі хутка даўняя сяброўская прыязнасць Марылі да Тамаша Зана перайшла і на яго жонку, на дзяцей. Паміж абедзвюма жанчынамі завязалася сардэчная і шчырая перапіска. На жаль, мне не ўдалося пазнаёміцца з большасцю іх пісем, што друкаваліся, як сведчыць бібліяграфія, у розных польскіх выданнях, якіх у нашых «дзяржаўных» бібліятэках я не адшукаў. Але і з таго, што я прачытаў у розных «працах», відаць было, што Марыля чым магла дапамагала Брыгідзе Зан, якая з цягам часу змагла выехаць з Кахачына. Спачатку мяне збівала з тропу тое, што і сама Брыгіда, і сын Абдон былі пахаваны якраз у Смалянах, прытым ужо ў пачатку нашага стагоддзя: значыць, яны датуль жылі ў Кахачыне? Але яснасць унёс тут друг Занавай сям'і М. Гавалевіч сваёй публікацыяй у часопісе «Край» з нагоды смерці «пані Тамашовай» (1900, № 36), дзе расказаў, што яна, застаўшыся ўдавою, жыла «то ў сябе ў вёсцы, то ў Пецярбургу (можа, там працаваў старэйшы сын Віктар, доктар медыцыны. — К. Ц.), а найболей у Вільні (там жыў Кліменцій. — К. Ц.), адкуль на сталае жыхарства пераехала ў Панямонь» — маёнтак свайго сына Абдона, «вядомага грамадзяніна і саветніка камітэта Крэдытнага земскага таварыства». Маёнтак гэты быў на высокім беразе Нёмана «у Сувалкскай губерні». Якраз адсюль і прывезлі Брыгіду ў Смаляны, каб пахаваць побач з яе Тамашом — праз сорак пяць гадоў пасля ягонай смерці.
Выпадкова я натрапіў у бібліятэцы і на след самога Кахачына. У кнізе «З філарэцкага свету». У прадмове да змешчаных там успамінаў былога студэнта Віленскага універсітэта Міхала Чарноцкага, брата славутага славяназнаўца Адама Чарноцкага (Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага), я прачытаў, што ў 1848 годзе ён набыў у Магілёўскай губерні ў князёў Сангушкаў маёнтак Леднявічы, які «знаходзіўся за пяць вёрст ад Кахачына, уладання Тамаша Зана» (дарэчы, сам аўтар успамінаў таксама пахаваны на тых жа могілках у Смалянах; шкада, што я пазнавата пра гэта даведаўся — варта б было наведаць там і магілу гэтага малавядомага публіцыста). Леднявічы я вельмі лёгка знайшоў на карце. Гэта — вёска ў Какоўчынскім сельсавеце Сенненскага раёна. Усё правільна: частка сённяшняга Сенненскага раёна ўваходзіла некалі ў Аршанскі павет.