Выбрать главу

Як бачым, тут шмат што не стыкуецца з успамінамі Ігната Янкоўскага.

Галоўнае — з паказанняў самога Паўлюка Багрыма вынікае, што ён чытаў не свае вершы, а толькі перапісаны ім верш «Размова хлопаў» — варыянт вядомага беларускага верша Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў». Але тады ўстае пытанне: адкуль жа ўзяўся ў Ігната Янкоўскага верш «Заграй, заграй, хлопча малы...»? Тут магчыма такая версія: услед за вершам Яна Баршчэўскага Паўлюк Багрым, падахвочаны Магнушэўскім, чытаў і свае, але запісаў іх пад адзіным загалоўкам — «Размова хлопаў». А хутчэй за ўсё ён напісаў свае вершы пазней і паказаў іх разам з іншымі Ігнату Янкоўскаму як адвакату.

Што ж да наведвання Крашына самім сенатарам Навасільцавым і рэктарам Віленскага універсітэта Пеліканам, то гэта дакументальна, здаецца, не пацвярджаецца. Але пра падзеі ў Крашыне яны дасканала ведалі з данясенняў службовых асоб і на іх аснове прымалі «неабходныя меры».

Самае галоўнае, мы не ведаем, дзе дзеліся вершы Паўлюка Багрыма. Няўжо не была «падшыта» гэтая «крамола» ў якіх-небудзь справах? А можа, Багрымавы вершы згубіліся ў паперах каго-небудзь з удзельнікаў тых далёкіх падзей і, некранутыя, пыляцца недзе на архіўных паліцах, чакаюць не дачакаюцца свайго Шэрлока Холмса?

Загадкі, загадкі...

Па-моўму, па-сапраўднаму разгадваннем іх у нас ніхто яшчэ не браўся. Ды, відаць, работа гэта — не для аднаго даследчыка. Каб разгадаць загадку Паўлюка Багрыма, трэба падступацца да яе, мусіць, з розных бакоў.

Перш за ўсё, відаць, варта больш уважліва прыгледзецца да ўсіх дзейных асоб той хвалюючай драмы пад назвай «Крашынскі бунт».

Толькі ці правільна будзе паказваць яе ў адных чорна-белых фарбах, як гэта бачым ва ўсіх без выключэння артыкулах і мастацкіх творах? Узяць хаця б Станіслава Юрагу. Ці папраўдзе такі ўжо быў ён звер, як малюецца ўсюды? Мусіць, не варта абмінаць тут заўвагу пра яго і звязаных з ім асоб, зробленую ў згаданых успамінах Ігнатам Янкоўскім, чалавекам перадавых поглядаў, спагадлівым да сялян (ужо тое, што ён захаваў у памяці праз многа год хвалюючы Багрымаў верш, шмат пра што гаворыць): «...мы ведалі ўсіх асоб, што дзейнічалі ў гэтай драме, з найлепшага боку і ў наўмыснай жорсткасці ніводную з іх не абвінавачваем...» Але паколькі «жорсткасць усё-такі адбылася», Ігнат Яцкоўскі, «не адважваючыся сам выносіць прысуд», імкнецца аб'ектыўна расказаць, з чаго ўсё пачалося. З яго тлумачэння вынікае, што Юрага хацеў свае спрэчкі з сялянамі наконт зямлі скончыць «па-прыяцельску». Але тут нібыта ксёндз Магнушэўскі перашкодзіў дамоўленасці. Тады Юрага «запатрабаваў сабе ўласнасці праз афіцыйныя ўстановы». Пачалося следства. Юрагу і сялянам прапаноўвалася прыйсці хоць да якога-небудзь пагаднення. «Аднак усе сродкі аказаліся дарэмнымі, а ўрад, узяўшы аднойчы гэту справу ў свае рукі, лічыў неабходным пераканаць бакі, што пастановы вышэйшай улады павінны быць выкананы, і дзве роты салдат, накіраваныя з гэтай мэтай у маёнтак, дамагліся здзяйснення статута, зацверджанага ўрадам». Вядома, я не збіраюся апраўдваць Станіслава Юрагу: усё ж гэта ён дамагаўся падпарадкавання сабе крашынцаў, але ж, як відаць, былі ў яго і «змякчальныя абставіны». У кожным разе з дакументаў не відаць, што ён выклікаў салдат для ўціхамірвання сялян.

Будучы скрупулёзны даследчык, я думаю, аб'ектыўна разбярэцца ва ўсім, дэталёва прасочыць біяграфію Станіслава Юрагі, які, дарэчы, паходзіў з багатага колісь княскага роду Гедройцяў.

Як відаць з дакументаў і кнігі Янкоўскага, на баку Станіслава Юрагі ў яго спрэчцы з сялянамі быў і брат Антаніны, уладар Паланечкі Канстанцін Радзівіл. Гэта таксама не адназначная гістарычная постаць. У дарожных нататках пра Уладзіслава Сыракомля^ мне ўжо даводзілася згадваць пра Канстанціна Радзівіла як ліберальнага князя, аднаго з кіраўнікоў літоўскага філіяла тайнага антыцарскага польскага Патрыятычнага таварыства, яго актыўнага дзеяча, які наладжваў сувязі з дзекабрыстамі для сумесных дзеянняў супроць царскага самадзяржаўя, дзеля чаго ён неаднаразова сустракаўся ў 1823 годзе з Аляксандрам Бястужавым. Імя Канстанціна Радзівіла сустракаў я і сярод карэспандэнтаў Рускага геаграфічнага таварыства, куды ён пасылаў матэрыялы па беларускай мове і этнаграфіі.