І яшчэ напрошваецца адно пытанне: ці не было якой-небудзь сувязі, хай і ўскоснай, паміж Паўлюком Багрымам і філаматамі? Пра філаматаў і філарэтаў пасля іх выкрыцця ў 1823 годзе гаварыла ўся Беларусь, і моладзь, вядома ж, не магла не зацікавіцца смелымі антыцарскімі вершамі паэтаў-філаматаў, у тым ліку і беларускімі. Не мог не ведаць гэтыя творы і цікаўны да ўсяго Паўлюк Багрым. Тым больш што самыя славутыя паэты-філаматы Адам Міцкевіч і Ян Чачот былі якраз з гэтага ж самага Наваградскага павета, што і Паўлюк Багрым. А дзяцінства Яна Чачота праходзіла зусім блізка ад Крашына, на рацэ Мышанка, таксама «пад Баранавічамі». Як паказваў следчым ксёндз Магнушэўскі, Паўлюк Багрым на памяць ведаў як беларускі верш Яна Баршчэўскага «Размова хлопаў», так і «розныя байкі з Нарушэвіча, Эзопа і «Вядомосці Бруковых» — віленскага сатырычнага антыпрыгонніцкага часопіса. Вядома, называць творы нядаўна пакараных, высланых за межы Беларусі паэтаў-філаматаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана ксёндз-дэмакрат зусім не мог. Можна з упэўненасцю сказаць, што творы паэтаў-філаматаў, паэтаў-землякоў Паўлюк Багрым таксама чытаў і перапісваў у свае сшыткі, толькі пра гэта нельга было і заікацца.
Дадатковым доказам знаёмства Паўлюка Багрыма з творамі філаматаў могуць быць і іх непасрэдныя кантакты з асобнымі дзейнымі асобамі той крашынскай драмы, кантакты, пра якія чамусьці яшчэ не згадвалі нашы літаратуразнаўцы.
Я прыводзіў ужо згадку філамата Тамаша Зана пра тое, што ў час яго вясельнага падарожжа па Беларусі восенню 1846 года ён разам са сваёй мала дой жонкай Брыгідай Свентажэцкай, аб'язджаючы блізкіх і сяброў, наведаў і Юрагаў у Крашыне.
Шукаючы вытокі гэтага сяброўства, я на ўсякі выпадак прагартаў выдадзеную ў Польшчы «перапіску філаматаў» у пяці тамах. Эўрыка! Сярод тых, з кім былі звязаны філаматы ў 1817-1823 гадах, знаходжу і Юрагаў, а канкрэтна — імя жонкі Станіслава Юрагі — Антаніны, з якой, аказваецца, сябравала каханая Адама Міцкевіча Марыля Верашчака (Путкамер). Прывядзём тут урывак з пісьма Марылі да Тамаша Зана ад 18 (30 па ст.ст.) верасня 1822 года: «Няхай пан Тамаш будзе такі добры і напіша мне пра пані Юрага, як яна сябе пачувае і дзе жыве. Пані Юрага вельмі мяне запрашала, каб я наведала яе ў Вільні да канца гэтага месяца, але я яшчэ не ведаю, ці здолею зрабіць гэта». У чарговым пісьме да Зана Марыля ізноў пытаецца пра здароўе «любай пані Юрага» і паведамляе, што збіраецца яе наведаць. Пра гэта Тамаш Зан паведамляе і Адаму Міцкевічу, які таксама, як вынікае з пісьма, ведаў Антаніну Юрага.
Перапіска паказвае, што Антаніна была замужам за Станіславам Юрагам ужо ў 1822 годзе, а не ў 1826, як падае, напрыклад, Сцяпан Александровіч у нарысе «Слядамі легенды», апублікаваным у яго кнізе «Незабыўнымі сцежкамі» (Мінск, 1959). Выходзіць, спрэчка паміж Юрагай і крашынцамі цягнулася не меней як шэсць гадоў?
Марыля Верашчака ведала Антаніну Юрага, відаць, з маленства: за чатыры ж кіламетры ад радзівілаўскага Крашына ў маёнтку Сачыўкі над той жа Шчарай жыла яе бабуля і іншыя сваякі.
Не мог не ведаць Антаніну Юрага і Марылін брат філамат Ігнат Дамейка, які наведваўся ў Сачыўкі і да агульнай для яго і Марылі бабкі, і да сваёй сястры, а потым і да мацеры, што з часам перабралася сюды. На ўсё жыццё запомніліся Ігнату Дамейку тутэйшая прырода і дзіцячыя забавы ў Сачыўках. «Нібы цяпер бачу, — пісаў ён на схіле жыцця, — як тры малыя Марылькі: мае дваюрадныя сёстры — Верашчака (пазнейшая Марыля), Залэнекая (паходжаннем з Касцюшкаў) і родная сястра, — трымаючы доўгую гірлянду з руж і язміну, спяваюць перад расчуленай бабуляй». Ігнат Дамейка ўспамінаў, як у час, калі жыла тут яго маці, гулялі вяселлі дзвюх яго сясцёр і брата Адама. «Тут, — згадваў Ігнат Дамейка, — развітаўся я з маткай, апошні раз пацалаваўшы ёй рукі (у красавіку 1831 года) — праз год яе ўжо не стала...»
Пасля паўстання 1831 года Ігнат Дамейка як яго ўдзельнік вымушаны быў пакінуць Беларусь, выехаць у эміграцыю. Толькі ў 1884 годзе, пасля больш чым паўвекавой разлукі змог ён наведаць бацькоўскі край. І больш за ўсё цягнулі Ігната Дамейку родная Мядзвядка, вёска ў цяперашнім Карэліцкім раёне, дзе ў 1802 годзе ён першы раз убачыў свет, і Сачыўкі, дзе былі пахаваны яго бабка, маці і дзе заставалася яшчэ яго радня. Гэтую хвалюючую сустрэчу падрабязна апісаў ён ва «ўспамінах выгнанніка», што выйшлі ў Польшчы асобнай кнігай пад назвай «Мае падарожжы». Думаю, варта прывесці тут асобныя вытрымкі з кнігі, дзе гаворыцца пра Сачыўкі, Kpa шын і ваколіцы. Вось як апісвае аўтар саму сустрэчу з краем яго дзядоў: «Галава мая поўнілася думкамі і ўспамінамі, я кідаў вачамі ва ўсе бакі. Ужо відаць былі вялікія белыя вежы Сталавіцкага касцёла, статкі кароў, што пасвіліся каля лянівай Шчары на шырокай даліне, удалечыні адкрывалася вёска Крашын, вятрак на ўзгорку; і вось з-за цёмных вольхаў паказаўся Сачыўскі двор, палепшаны, але не зменены. На ганку сустракала мяне многа гасцей і шматлікая радня — нашчадкі маіх братоў і сясцёр; справа ад ганка — дамашнія, слулсба, злева — грамада сялян. Гаспадар Язерскі і яго жонка... падалі мне на падносе хлеб, соль і мёд, а старшы з сялян, пакланіўшыся, прывітаў мяне: «Hex бэндзе пахвалены пан Езус». Я адказаў яму «навекі», і пачаліся поціскі і пацалункі. Якая гэта была радасць!..»