Выбрать главу

Перш за ўсё Ігнат Дамейка схадзіў пакланіцца магіле сваёй мацеры — упершыню пасля яе смерці, а таксама магіле бабкі. Могільнік быў зусім недалёка, на Паповай гары, паміж Сачыўкамі і Загор'ем. Як расказала мне ўраджэнка Загор'я паэтэса Ніна За горская, на гэтых могілках ужо нікога не хавалі, але людзі шанавалі гэтае месца, не пускалі туды жывёлу. Ды зусім нядаўна аж занадта разумны мясцовы начальнік загадаў узараць стары могільнік, дзе значыліся яшчэ магільныя курганкі, і засеяць яго збажыной. Вяскоўцы са слязамі на вачах расказвалі Ніне, як плугі выварочвалі з зямлі чарапы ды косці іх продкаў. Жанчыны журботна пазбіралі тыя астанкі і перазахавалі ў агульнай ямцы пад бліжэйшымі кустамі.

У свой прыезд Ігнат Дамейка меў магчымасць пабачыць абрад дажынак, паслухаць знаёмыя з дзяцінства песні беларускіх сялянак. Адна з газет пісала, што ён пры гэтым нават расплакаўся: «Якраз так спявалі вясковыя жанчыны на Літве пяцьдзесят гадоў назад».

Пасля полудня пачалі з'язджацца на сустрэчу з земляком, славутым вучоным Ігнатам Дамейкам шматлікія госці зблізку і здалёку — Радултоўскія, Верашчакі, Анцуты, Кабылінскія, Слізені, Абламовічы з Нясвіжа і іншыя, сярод якіх быў і «Завадскі з Крашына, унук паланецкай пані Радзівіл».

Назаўтра Дамейка разам з сям'ёй і сваім спада рожнікам Антоніем Эдуардам Адынцом выехаў у Крашын. «У дзесяць гадзін раніцы, — успамінаў Дамейка, — у Крашыне чакаў нас на імшу ксёндз у касцёле, пры якім пахавана мая сястра Язерская. Імша была жалобная. Пасля імшы пайшлі мы пакланіцца магіле маёй сястры, а потым — мураванай грабніцы сям'і Завадскага, дзе ляжаць яго бабка Юрага з Радзівілаў, матка і жонка, ад якой асталіся два прыгожыя хлопцы. Ласкавы гаспадар запрасіў мяне і Адынца, каб мы на памяць недалёка ад дома пасадзілі па дубку. З ахвотай выканалі мы гэтую ганаровую місію — пасадзілі ў падрыхтаваныя ямкі два дубкі, а ксёндз асвяціў гэтае месца...»

Нельга абысці і яшчэ адно імя, звязанае з крашынскай драмай. Гэта — наглядчык вучылішчаў Наваградскага павета граф Адам Храптовіч. Ён удзельнічаў у следстве з нагоды крашынскага бунту і асабіста пазнаёміўся з Паўлюком Багрымам. Як паказваюць дакументы, ён «чуў памянёныя вершы, якія чыталі хлопчыкі, што служылі ў ксяндза Магнушэўскага», але рэктару універсітэта паведаміў, што «ў Крашынскім вучылішчы ніводнаму з вучняў яны не былі вядомыя». Як відаць, Адам Храптовіч імкнуўся апраўдаць Паўлюка Багрыма.

Граф Адам Храптовіч, гэтак жа як і бацька Іаахім Літавор Храптовіч, быў перадавы чалавек, ён удзельнічаў у паўстанні 1794 года. Гэта той самы Адам Храптовіч, у маёнтку якога ў ІПчорсах знаходзілі спагаду і прытулак філаматы Адам Міцкевіч, Францішак Малеўскі, Юзаф Яжоўскі, Тамаш Зан і іншыя, карыстаючыся яго багатай бібліятэкай, той самы Храптовіч, які прытуліў у сябе Яна Чачота пасля яго вяртання з уральскай ссылкі і даў яму працу ў той бібліятэцы. Вядома ж, Адам Храптовіч не мог не расказаць беларускаму паэту і фалькларысту Яну Чачоту пра таленавітага хлопца з Крашына, пра яго трагічную долю.

Вельмі пашырыў нашы ўяўленні пра ўзаемасувязі дзейных асоб крашынскай эпапеі амаль сенсацыйны артыкул Язэпа Янушкевіча «Ледзьве здымкі ўратаваў...», апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 4 лістапада 1988 года. У ім даваўся агляд матэрыялаў, прысланых на імя аўтара ў Інстытут літаратуры нашай Акадэміі навук з Польшчы 85-гадовым ксяндзом Каролем Жураўскім, які служыў перад вайной пробашчам у Крашынскім касцёле і збіраў усё пра Паўлюка Багрыма і гісторыю мястэчка. Жураўскі паведамляў, што ведаў хату Паўлюка Багрыма пад саламянай страхой і кузню, дзе ён працаваў, што гэтая кузня «месцілася дзесьці на дворскай тэрыторыі, бо такі быў звычай, што ў двары мелася кузня для направы інструментаў і для кавальскіх работ: падкоўвання коней, вастрэння і вырабу плугоў, сярпоў, барон і г. д.».