Выбрать главу

Сярод прысланых Жураўскім матэрыялаў была фотакопія запісу хрышчэння Паўла Багрыма ў Крашынскім касцёле, дзе ясна гаворыцца, што нарадзіўся ён 2 лістапада 1812 года і праз дзень быў ахрышчаны ксяндзом Магнушэўскім. Дакументы паказваюць таксама, што ў Паўла Багрыма былі яшчэ чатыры браты — Вінцэнт, Аляксандр, Валенцій, Станіслаў і дзве сястры — Ганна і Тэрэза, што маці паэта памерла 9 студзеня 1832 года ва ўзросце 40 гадоў, а бацька дажыў удаўцом да 1855 года.

Па-новаму глянуць на біяграфію Паўлюка Багрыма змушае і прысланая фотакопія пратакола аб шлюбе яго ў 1864 годзе, дзе падаюцца дакладныя звесткі пра абаіх «маладых». З ім мы даведваемся, што Павел Багрым быў «сынам Юзафа і Марыі з Стахоўскіх», а маладая — «дачка Юстына і Ядзвігі з Сівіцкіх-Рэўкоўскіх, што ён — «родам з мястэчка Крашын», а яна — з фальварка Канілова тутэйшай парафіі, што яму было ў той час — 52 гады, а ёй — 26, што абое — католікі, што ён — «з мяшчан», а яна — «са шляхецкага стану», што ён жыве ў парафіі ад нараджэння, а яна — шэсць гадоў, што ён — «вольнага стану», а яна — «удава» (муж яе загінуў у паўстанні 1863 года).

Публікацыя Язэпа Янушкевіча дала новыя звесткі пра адносіны філаматаў з Юрагамі. З яе мы даведваемся , што пры шлюбе дачкі Юрагаў Тэафіліі з князем Яўгеніем Робертам Святаполк-Завадскім летам 1843 года ў Крашыне адным са сведкаў быў Тамаш Зан.

Пра другіх сведкаў у артыкуле нічога . не гаварылася. Але ж мне было важна даведацца, з кім жа Тамаш Зан падзяляў гэтую місію. Таму давялося папрасіць у аўтара публікацыі дазволу прагледзець у Інстытуце літаратуры прысланыя яму матэрыялы. Выявілася, што разам з Тамашом Занам сведкамі пры шлюбе дачкі Юрагаў былі вядомы ўжо нам Канстанцін Радзівіл і Гектар Анджэй Прушынскі. Гэта таксама не абы-які факт. Ён гаворыць пра тое, што Тамаш Зан быў добра знаёмы з Канстанцінам Радзівілам. Завадатар студэнцкай моладзі мог пазнаёміцца з князем праз свайго дзядзьку — ксяндза Валентага Зана, які служыў нейкі час пробашчам у радзівілаўскай Паланечцы. Факт гэтага знаёмства наводзіць на думку, што Канстанцін Радзівіл, ведучы ў 1823 годзе ў Вільні перамовы з Аляксандрам Бястужавым, проста не мог не пазнаёміць з прадстаўніком дзекабрысцкай арганізацыі і Тамаша Зана як кіраўніка антыцарскага згуртавання моладзі і адначасова члена таго ж самага Патрыятычнага таварыства. П. Альшанскі, аўтар кнігі «Дзекабрысты і польскі нацыянальна-вызваленчы рух» (Масква, 1959), кажучы пра тую паездку ў Вільню рускага рэвалюцыянера, пераканаўча паказаў, што «Бястужаву ўдалося ўстанавіць сувязь з некаторымі кіраўнікамі Таварыства філаматаў». Цяпер можна сказаць з упэўненасцю, што адным з гэтых кіраўнікоў быў Тамаш Зан. Якраз з ім і меў сустрэчы Аляксандр Бястужаў.

Будачаму даследчыку, відаць, варта зацікавіцца і трэцім сведкам пры шлюбе дачкі Юрагаў — Гектарам Анджэем Прушынскім. Ці не продак гэта па якой-небудзь лініі выдатнага беларускага паэта Алеся Гаруна — Аляксандра Уладзіміравіча Прушынскага? У нашай жа гісторыі ўсё нейкім чынам пераплецена.

Апрача публікацыі Язэпа Янушкевіча апошнім часам у друку з'явілася пра Паўлюка Багрыма нямала іншых цікавых матэрыялаў, якія дадаюць новыя штрышкі да біяграфіі паэта. Напрыклад, аўтару змешчанага ў часопісе «Родная прырода» (1978, № 2) нарыса «Лотаць цвіце...» Яраславу Пархуту ў час паездкі ў Крашын удалося пагутарыць з людзьмі, якія добра ведалі дачку Паўлюка Багрыма (называлі яе Багрымша) і яе дзяцей Фрыдрыха, Івана і Ванду; «Багрымша» ў 1914 годзе выехала з сям'ёй у Расію. Яраслаў Пархута нават натрапіў на след вершаў Паўлюка Багрыма. Быццам бы іх зберагаў адзін з завадатараў Крашынскага бунту Казімір Камінскі, які нібыта быў высланы не ў Сібір, як мы ведаем з літаратуры, а недалёка ад Крашына, ва ўрочышча Залужжа, дзе была вельмі кепская зямля («суцэльны глей») і дзе ён пражыў да канца сваіх дзён. Перад смерцю Камінскі перадаў «сшытак багрымаўскіх вершаў» свайму сыну Антону. Той хаваў іх за бэлькаю хаты і «толькі ў рэдкіх выпадках, калі збіралася ў хаце ўся радзіна, даставаў той сшытачак і чытаў вершы». Гэты сшытак нібыта загінуў у 1941 годзе. Ад яго засталася толькі зялёная вокладка. Яе паказала аўтару нарыса дачка Камінскага Алена, расказаўшы ўсю гісторыю пра Багрымавы вершы. Што гэта — рэальны факт ці яшчэ адна паэтычная легенда? У кожным разе ёю варта зацікавіцца літаратуразнаўцам. Тым больш што асобныя факты з артыкула Я. Пархуты пацвярджаюцца дакументальна. Напрыклад, тое, што завадатар Крашынскага бунту і праўда не быў сасланы ў Сібір. Пра гэта сведчыць апублікаваны ў згаданай кнізе Ісідара Баса дакумент, дзе гаворыцца, што гродзенскі цывільны губернатар вынес прапанову не высылаць у Сібір Казіміра Камінскага, «улічваючы яго малады ўзрост», а «аддаць у вайсковую службу, калі ён акажацца да яе здольны».