Выбрать главу

Праблему па-свойму вырашылі вернікі, што патрабавалі вярнуць касцёл сабе. Гады два назад ён, на вялікую радасць крашынцаў, ізноў пачаў дзейнічаць.

Дзверы ў касцёл адчыніла нам яго работніца пані Гражына, вельмі гаваркая, шаноўнага веку жанчына.

Касцёл сціплы, невялікі, але дагледжаны, акуратны, па-дамашняму ўтульны. На сцяне нашу ўвагу запыніў перапісаны чыёйсьці стараннай рукой у добрым абрамленні тэкст адзінага Багрымавага верша — у арыгінале і ў перакладзе на польскую і англійскую мовы. Ад гэтага верша, які тут вельмі да месца, святыня стала яшчэ больш блізкай, сваёй.

А вось і выкаваная ў 1881 годзе састарэлым ужо Багрымам славутая жырандоля — з металічнымі бутонамі кветак і раскрыленымі жаўранкамі. Тонкая, сапраўды майстэрская работа!

Жырандоля, як відаць, і прызначалася для касцёла. Яна шчасліва правісела тут амаль стагоддзе, перажыўшы не адну ваенную завіруху. Жырандоля свяціла вернікам і ў апошнюю вайну. Паведаўшы гэта, пані Гражына хацела развеяць перад намі чыюсьці легенду — быццам пры немцах крашынцы, каб зберагчы люстру, утапілі яе ў Шчары. Жырандоля доўгі час вісела ў касцёле і тады, калі быў тут склад. Потым нейкі разумнік загадаў перанесці яе ў тутэйшы Дом культуры. Сёння жырандолю Паўлюка Багрыма вярнулі назад, на яе законнае месца. Але пакуль цягалі туды-сюды гэтую унікальную рэліквію, многіх выкаваных рукою паэта жаваранкаў яна не далічылася: ведама, надта ж вабныя цацкі, чаму б не сарваць іх для дзетак!

Цікава расказвала нам пані Гражына і пра той даўні бунт. Адчувалася, што яна ведае пра яго не з кніг, а з калектыўнай памяці Крашына, з паданняў старых людзей.

— Нашы дзяды, — казала пані Гражына, — не падлягалі паншчыне: нехта з роду Кабякоў дабіўся ў цара вольнасці ім. Але тут паявіўся Юрага, прымак...

Пані Гражына падрабязна расказала, як Юрага надумаўся адабраць у крашынцаў нададзеныя царом прывілеі, што былі запісаны ў спецыяльнай кнізе. Гэтую кнігу крашынцы хавалі ў патайным месцы, бераглі як вока. Ды знайшоўся нейкі Ролік, п'яніца. Хітры пан даў Роліку гарэлкі і папрасіў паказаць тую кнігу, паабяцаўшы яе вярнуць. Але пан і не падумаў выконваць абяцанку. А людзям аб'явіў, што крашынцы — яго падданыя і таму павінны «ісці на паншчыну». Крашынцы працаваць на пана адмовіліся. Тады Юрага выклікаў «карны полк», што выстраіўся «ад канторы да Шчары». Непакорных крашынцаў разувалі і праганялі скрозь строй салдат, якія білі мужчын палкамі — «кроў аж у Шнару цякла».

Пра тутэйшага пана — я толькі не зразумеў, пра Юрагу ці якога іншага — расказала пані Гражына яшчэ цікавае паданне. Быццам у гэтага пана была вялікая сабакарня. Малых шчанят ён аддаваў сялянкам, каб тыя кармілі іх сваімі грудзьмі. Калі адно такое шчанё прывезлі ў суседнюю вёску Скарчава да маладой сялянкі, яе муж, убачыўшы, як яна корміць яго грудзьмі, схапіў тое шчанё і стукнуў ім аб вугал хаты. Літасці ад пана чакаць за такое было нельга, таму скарчаўскі мужык уцёк у лес, дзе жыў да канца сваіх дзён, хаваючыся ад панскіх паслугачоў.

Потым пані Гражына павяла нас на могілкі, што былі адразу за касцёлам. Магілу Паўлюка Багрыма мы ўбачылі адразу: вельмі прыстойны помнік, з матывамі паэтавай жырандолі, зрабіў над ёй Сымон Свістуновіч.

Мой спадарожнік Аляксандр Пятровіч Шоцкі паказаў мне яшчэ адзін цікавы надмагільны помнік. На ім пісалася, што тут пахавана Серафіна Скаратовіч з дому Стыпулкоўскіх. Гэта не хто іншая, як дваюрадная сястра Адама Міцкевіча — магілу яе Аляксандр Пятровіч адшукаў нейкі час назад зусім выпадкова. Аказваецца, недалёка адсюль, у фальварку Белая, жыла родная цётка Адама Міцкевіча Барбара Стыпулкоўская. Трэба думаць, да сваёй цёткі ў Белую, а значыць і ў Крашын мог прыязджаць у кампаніі «Яна з Мышы» і Адам Міцкевіч — яшчэ адна нітачка сувязі філаматаў з радзімай Паўлюка Багрыма.

Добрае ўяўленне пра Крашын, яго гісторыю, пра паэта-каваля Паўлюка Багрыма дае даволі прадстаўнічы музей народнага мастацтва і рамёстваў яго імя пры тутэйшай сярэдняй школе, які мы наведалі пасля касцёла.

З матэрыялаў, прысвечаных Паўлюку Багрыму, адразу запыняюць увагу наведвальніка знойдзеныя Сымонам Свістуновічам мастацкія агароджы і веснічкі, што былі зроблены кавалём-паэтам — яны віселі на сцяне як экспанаты.

Як расказала нам загадчыца музея настаўніца Лідзія Іванаўна Голас, не вельмі даўно ў Крашыне можна было ўбачыць і зробленую Паўлюком Багрымам адмысловую брытву, але яе забраў у Мінск быццам бы «нехта з пісьменнікаў». Цікава, што пра гэтую ж брытву расказвае ў сваім пісьме да Язэпа Янушкевіча і ксёндз Жураўскі — ён сам трымаў яе ў руках. Ксёндз падрабязна апісаў брытву і нават зрабіў дакладны яе малюнак — на сярэдзіне ляза значылася прозвішча майстра: «П. Багрым». Таму вельмі праўдападобна гучыць пададзенае ў згаданым вышэй нарысе Сцяпана Александровіча легенда пра сцізорык. Легенда расказвала, што крашынскі пан паказаў Паўлюку Багрыму вельмі хітры ножык-складанчык з многімі ўпрыгожаннямі і што праз тыдзень паэт-каваль разам з панскім прынёс цюцелька ў цюцельку падобны на яго другі ножык, зроблены ўласнымі рукамі. Калі каваль паклаў на стол абодва ножыкі, пан не мог адгадаць, дзе свой, а дзе Багрымаў. Толькі надпіс «П. Багрым, Крашын» памог разгадаць загадку.