Выбрать главу

Праз колькі часу ў той жа «Літаратуры і мастацтве» было змешчана паведамленне, у якім гаварылася, што ліст А. Шоцкага быў разгледжаны ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкома, а таксама ў Ляхавіцкім райвыканкоме Саветаў народных дэпутатаў, які прыняў рашэнне аб добраўпарадкаванні парку ў Рэпіхаве, прычым аддзелу культуры райвыканкома і раённаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры даручана ўстанавіць там мемарыяльную дошку ў гонар Яна Чачота. Хвала краязнаўцам! Хвала тым уладам, якія гэтак хутка, без аніякай цяганіны прымаюць такія мудрыя пастановы!

У Рэпіхаве, куды пераехала сям'я Чачотаў недзе на сумежжы двух стагоддзяў — XVIII і XIX, і праходзілі дзіцячыя гады паэта. Але, мусіць, не толькі ў самім Рэпіхаве, а яшчэ недзе паблізу — на рацэ Мышанка, як відаць з твораў Яна Чачота: што ж, беззямельнаму Тадэвушу Чачогу, бацьку паэта, даводзілася не раз мяняць месца службы. Як бы там ні было, да ад'езду на вучобу ў Наваградак Ян Чачот быў з бацькамі ў Навамышанскай каталіцкай парафіі, у якую ўваходзіла і Рэпіхава. Усё ж нездарма Адам Міцкевіч называў Чачота — «Ян з Мышы».

Тут, у ваколіцах Новай Мышы, Ян Чачот і пазнаў жыццё беларускага селяніна, яго мову, назаўсёды палюбіў і запомніў яго песні, казкі, паданні. Пра зацікаўленасць Яна Чачота, яшчэ ў дзіцячыя гады беларускім фальклорам сведчаць яго балады «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка», «Узногі», напісаныя паводле мясцовых паданняў і пачутых ад людзей быляў.

У баладзе «Калдычэўскі шчупак» Ян Чачот скарыстаў паданне пра шчупака, які пераплыў нейкай падземнай ракой з Калдычэўскае возера (яно было непадалёк ад селішча Чачотаў, у цяперашнім Баранавіцкім раёне) у возера Свіцязь. У аснову балады «Мышанка» леглі аж два пачутыя ў маленстве паданні. Першае — пра дачку нейкага Мышкі, вельмі гожую дзяўчыну, якая, уцякаючы ад рыцара з княжацкага замка, кінулася ў раку — толькі б не трапіць у рукі гвалтаўніка; ён жа, гэты рыцар, на месцы гібелі дзяўчыны загадаў закласці горад, даўшы яму назву Мыш. Другое паданне, якое скарыстаў у сваёй баладзе Ян Чачот, таксама было пра паходжанне назвы гэтага мястэчка: чалавек, які яго залажыў, быццам бы сказаў, што назаве яго той істотай, якую першай убачыць, устаўшы раніцай; першай жа ўбачыў ён мыш...

У баладзе «Мышанка» Ян Чачот прапеў сапраўдную песню замілаванасці рацэ свайго маленства:

О, мілы ўспамінак! Рачулка Мышанка! Ізноў цябе бачу я ў бляску заранак. Ты першая ў свеце мая каханка, Праплыў тут жыцця майго ранак*.

Недзе тут, у сваёй Навамышанскай парафіі, пачуў Ян Чачот і праўдзівае, вельмі жудаснае паданне (што ўзнікла з сапраўднага факта) пра ліхога пана-прыгонніка з маёнтка Узногі, паданне, якое вылілася потым у адну з найцікавейшых балад паэта. Паколькі балада вельмі многа дае нам для разумення Яна Чачота, паколькі яна зусім недвухсэнсоўна паказвае яго ярка выражаны дэмакратызм, яго адносіны да прыгнечанага беларускага люду і стаўленне да жорсткіх і хцівых прыгоннікаў, урэшце, да самога прыгону, трэба спыніцца на гэтым даволі вялікім і важным у многіх адносінах творы больш падрабязна.

Пачынаецца балада Яна Чачота грозным папярэджваннем пана, уладальніка маёнтка Узногі сваім падданым:

Гэй, хамы нягодныя! Я вам дазволіў У лесе маім браць — і то па білету — Падгнілую леж усяго, і каб болей Не ссеклі і розгі — запомніце гэта! Гэй, хамкі нікчэмныя! Красці — даволі! Каб болей ні ягадкі з лесу, ні грыба! Ну, хіба ж вы сеялі іх тут, палолі? Маё усё гэта, мая тут сядзіба! І вашыя душы, як гэтыя дрэвы, Належаць мне толькі па праву. Каб зналі: не будзеце слухаць мяне вы, Знайду на вас хутка я ўправу! І ты будзь жа пільны заўсёды, ляснічы, Ды пушчу вартуй адмыслова. У тых, хто залезе сюды па здабычу, Здзірай кажухі з плеч без слова! Ніводны звярок і ніводны арэшак Прапасці ў мяне не павінен! Запомняць хай добра: не любіць пан смешак. Усіх пакарае, хто вінен!..*

Раскрыўшы перад чытачом хцівае, нікчэмнае нутро самазадаволенага прыгонніка, Ян Чачот са спагадай паказвае бязвыхаднае становішча бяспраўнага беларускага мужыка, які не можа выконваць поўныя самых страшных пагроз загады свайго пана: