Выбрать главу

— Няма ў нас цяпер сапраўдных пісьменнікаў, — катэгарычна заяўляе шафёр. — Такіх, як Пушкін, Лермантаў.

— Як гэта няма? — падхопліваецца жанчына з санстанцыі.

— Ну, хто? Назавіце...

— Хаця б Шолахаў...

— Ну, дапусцім... Л яшчэ?..

— Юрый Герман...

— А Роберт Раждзественскі, Эдуард Асадаў? — падымае ад кніжкі вочы студэнтка з Далёкага Усходу. — Чым дрэнныя паэты?

Шафёр толькі ўсміхаецца: не пераканалі.

Я таксама ўмешваюся ў гаворку: мне здалося, што ў шафёра свой густ, свой падыход да літаратуры. Называючы асобных, найбольш выдатных, на маю думку, пісьменнікаў, стараюся давесці, што нашай — як усесаюзнай, так i беларускай — літаратуры ўсё ж ёсць чым ганарыцца.

Але шафёр стаіць на сваім:

— Усё гэта не тое...

Мы пачынаем падазраваць, што ён проста нічога не чытае, а спрачаецца толькі каб падражніць нас, i пераводзім гаворку на другую тэму.

Я больш слухаю. I то не з увагаю — пятае цераз дзесятае. Я жыву ўжо сваім далейшым падарожжам. Каб даведацца, як дабірацца ў Дзякавічы, іду па аўтастанцыю. У дыспетчарскай сказалі: трэба ехаць да вёскі Абоз. Аўтобус «Любань — Абоз» ідзе роўна ў 9 гадзін раніцы. Як ехаць далей — не ведаюць. Можа, спадарожнымі. Машыны там хадзіць павінны, бо ў Абозе, хоць вёска i Любанскага раёна, — Жыткавіцкі леспрамгас. Леспрамгас? А можа, гэта якраз тое, што мне трэба? Хто ж лепей ведае лес, як не работнікі лесу? Ну, што ж, астаецца толькі добра адпачыць перад дарогай.

Вечарам загадчыца гасцініцы ўсё-такі нас усіх парастасоўвала — каго ў нумар, каго на калідор, каго ўладкавала проста на прыватнай кватэры непадалёку. Нават вясковаму дзядзьку з малым хлопчыкам знайшлося месца па раскладушках на калідоры. Дзядзька быў вельмі давольны: раскладушкі — яму i сыну — паставілі побач, галава к галаве. Малы, зашыўшыся над коўдру з падбародкам, пасопваў посам каля самай бацькавай галавы.

Мне знайшоўся ложак у нумары. У пакоі — утульна, халадок. Стол засцелены чыстым беласнежным абрусам. На ім — графін з вадой, шклянка. У калідоры нехта пранёс транзістар. Я ўлавіў голас дыктара: «...У наступныя два дні тэмпература паветра будзе 24-27 градусаў цяпла, вецер умераны. На поўдні Беларусі — кароткатэрміновыя дажджы, часамі з навальніцамі...» Значыць, еду заўтра проста пад дождж...

Раніца была ясная, рэдзенькі туманок (ці мо дым?) слаўся, ужо асвечаны сонцам, па сіўцовых паплавах i канавах. З травы дарожнай абочыны — перад самым носам аўтобуса — узляталі павольныя вароны i чародкі шэрых маладых шпачкоў. Перада мной разгортвалася — старонка за старонкай — найцікавейшая жывая кніга, назва якой «Палессе». Толькі чытай. Праўда, з акна аўтобуса яе не прачытаеш. Гэта толькі перагортванне яе, разглядванне малюнкаў. Каб чытаць яе, трэба пачуць пад нагамі трывалую цвердзь дарогі, халадок травы...

Аўтобус прыпыніўся ў саўгасе «10 год БССР» — тым славутым саўгасе, пра які пісаў у паэме «Над ракой Арэсай» Янка Купала. Шафёр пабег у сталоўку — значыць, аўтобус пастаіць. Я выйшаў на вуліцу размяцца. Абапёрся рукамі на штыкетнік. Па двары тупаў пажылога веку дзядзька. Каля хлява ляжала куча граверу, знятыя з крукоў дзверы, у праёме відаць быў сталярны станок з дзвюх дошчак, стружкі. Дзядзька неўзабаве падышоў да мяне, таксама палажыў на штыкетнік локці. Разгаварыліся. Дзядзька робіць прыбудоўку да хаты, склеп. Але нестае лесу, цэменту... Мы не дагаварылі: да кабіны падышоў шафёр, адчыніў дзверцы. Я хацеў развітацца з дзядзькам, але ён таксама, накульгваючы на адну нагу, накіраваўся ca мной да аўтобуса.

— Дык вы таксама едзеце? I куды?

— Да Абоза.

— Раз так, то давайце, дзядзька, сядзем разам — i я ж да Абоза.