Да нас падышоў высокі, шыракаплечы мужчына-здаравяка. Гэта быў старшыня калгаса Кароткі.
— Ну, што ж, зойдзем пагаворым, — сказаў ён, кaлi мы пазнаёміліся, i, бразнуўшы ў кішэні ключамі, накіраваўся да Дома культуры.
Адчыніў дзверы кабінета, сеў за свой стол, сабраў паперкі, што ляжалі пасярод стала, i стосікам палажыў збоку.
— Я гатоў. Чым магу служыць?
Я паўтарыў тое, што казаў парторгу, i дадаў, што, вядома, мне цікава было б ведаць i пра калгас увогуле, пра гаспадарку...
— Ясна. Зараз паклічам брыгадзіраў — яны вам усё пабрыгадна выкладуць, — сказаў ён i гукнуў у акно.
Зайшлі брыгадзіры, селі з парторгам пры сцяпе, дзе стаяў рад крэслаў, — якраз насупроць мяне. Неўзабаве да ix далучылася i Валя Чаркас, старшыня сельсавета. Так што — хоць пачынай нараду калгаснага актыву: усе ў зборы. Ды гэта, мусіць, i была маленькая нарада, лятучка на тэму: «Як лепш расказаць мінскаму карэспандэнту пра калгас».
Старшыия сказаў, што хваліцца пакуль няма чым. Ён тут не вельмі даўно. Быў сакратаром райкома партыі, сюды накіравалі на ўмацаванне. Але падняць гаспадарку нялёгка. I асноўная прычына — гэта Князь-возера.
— Праз яго мы ніяк не можам дабіцца дазволу на асушку балот. Я быў у другіх калгасах, дзе ўсё асушана, дык гэта ж любата: возьмеш у рукі сена з тарфянікаў — ну што чай. Даць бы нам такое сена — было б зусім іначай. Мы дзержым жывёлу на адных дзікіх травах, на асацэ. Карова толькі з гора яе есць. А што значыць скасіць гэтую асаку, выцягнуць з балота — там жа вады па пояс. Во сёння прыехалі адтуль — два тыдні, не вылазячы, сядзелі ў балоце. Але зрухі ўсё ж у нас ёсць. Балота асушваць ужо дазволена. Праблему захавання возера вырашылі — вада ў яго будзе паступаць з каналаў праз трубы. Так што i балота будзе асушана, i возера астанецца. Гэта я ўнёс такую прапанову...
Потым старшыня «даў слова» аднаму з брыгадзіраў:
— Раскажы пра сваю брыгаду.
Брыгадзір расказаў, колькі гектараў трэба яму скасіць, колькі скошана, пачаў пералічваць лепшых касцоў, даводзіць, па колькі кожны з ix скошвае за дзень...
Вядома, я з цікавасцю слухаў расказ брыгадзіра Міхала Чаркаса, які быў да таго ж студэнтам-завочнікам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Мне падабалася, з якой павагай гаварыў ён пра людзей сваёй брыгады, пра ix справы. Напрыклад, пра Мікалая Васільевіча Кудзельку, Уладзіміра Паўлавіча Жураўлевіча, Уладзіміра Змітравіча Весялова, якія скошваюць — па балоце ў Розе — па 45-50 сотак за дзень. Ды яшчэ такога сенакосу, як асака. Мне самому даводзілася не раз касіць дома асаку, на Ласінай Балоціне, i я добра ведаю, якая гэта работа. Мне, ды i здаравейшым за мяне i спрактыкаваным мужчынам, паколькі помніцца, ні разу не ўдавалася скошваць за дзепь болей за сорак сотак такой травы. Ад брыгадзіра я даведаўся таксама пра выдатнага трактарыста калгаса Міхала Мікалаевіча Рагалевіча, пра школьніцу Надзю Жураўлевіч, якая, памагаючы мадеры, стала ўзорнай даяркай... Вось бы пажыць тут, у Дзякавічах, сярод людзей, пазнаёміцца з імі. На жаль, мне трэба было ехаць далей — па сваім маршруце. Рабіць сваю справу.
На адыход старшыня сказаў мне, што машына будзе, мне трэба толькі падысці сюды заўтра раніцай, роўна ў сем.
Значыць, цяпер можна ісці спакойна спаць.
У хаце разам з Валяй была Лёнева маці. Сядзела на ложку, падпёршы далоняй шчаку. Думаць ёй, як высветлілася, было над чым. Дачка Люся — тая кірпаносая рыжуха — едзе заўтра ў Крым. Наймацца ў саўгас на працу — збіраць вінаград. Я ўсномніў, яна з Валяй, калі я еў маладую бульбу, усё валтузілася з чамаданам — нешта не замыкаўся.
У сенцах загрукала — было чуваць, як там укацілі веласіпед.
— Лёня прыехаў, — надхапілася Валя.
Мне ўяўляўся калгасны механік высокім, шыракаплечым, з асмужаным тварам. Убачыў жа я шчуплага хлопца, падобнага на тых студэнтаў з Інстытута механізацыі i электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, што жывуць у інтэрнаце паблізу маёй кватэры ў Мінску.
Ён сеў пры парозе разувацца. Маці таксама падышла. Пачала зноў пра Люсю: каб хаця ўсё добра было ёй у тым Крыме.
— Вам, мусіць, рабіць няма чаго, — зазлаваў раптам Лёня. — Надумаліся — Крым, Крым. Нашто ёй той Крым? Думаеце, тут не тое самае? Абы ездзіць. Хай лепш уладкуецца ў які тэхнікум. Як я: павучыўся — ёсць ужо свая спецыяльнасць... А то пралётае толькі дарэмна...
Маці адно слухала. Так i пайшла з хаты, схіліўшы ў маўчанні галаву.
Мы таксама доўга не сядзелі: i Валі трэба было заўтра, як i мне, рана ўставаць — яна павінна ехаць у Жыткавічы, на нараду культасветработнікаў. Аўтобус таксама ідзе ў 7 гадзін раніцы.
— Пайду скажу маці, каб разбудзіла.