Мы зноў вярнуліся — ужо ўтраіх — у сельсавет.
Змітрок Іванавіч Хаміцэвіч аказаўся адным з арганізатараў партызанскага руху на Палессі. Яшчэ 28 чэрвеня 1941 года ім была створана партызанская група з 22 чалавек. Дачуўшыся пра дзейнасць тады яшчэ малавядомага партызанскага камандзіра Каржа, партызаны вырашылі далучыцца да яго брыгады. Змітрок Іванавіч стаў камісарам атрада імя Бандараўца, атрада, які добра даўся ў знакі нямецкім акупантам. Змітрака Іванавіча добра ведаў Васіль Іванавіч Казлоў, сябраваў з ім, пра яго ён пісаў у сваёй кнізе «Людзі асобага складу».
— Вёска Хадыка, — расказаў мне Змітрок Іванавіч Хаміцэвіч, — утварылася ў 1912 годзе, Гэта была наша купча. Дата мне запомнілася таму, што мне тады стукнула якраз 10 гадоў. Раней там была палянка сярод лесу, урочышча. Называлася Хадыка. Даманаўцы купілі тую зямлю ў нясвіжскага пана, прозвішча яго, здаецца, Агаркоў. Перад вайной у вёсцы налічвалася 24 двары. Спалілі яе немцы ў 1942 годзе. У маім атрадзе былі партызаны з Хадыкі. Восіп Хаміцэвіч, муж i жонка Андруховічы... Ix дзяцей немцы спалілі. Расказвалі, яны былі ўцяклі з агню, дык паліцай Кузьма Хаміцэвіч зноў паўкідаў ix у агонь — такі быў звер. A маці тых малых дзяцей, Ганна Андруховіч, i цяпер жыве. У вёсцы Яскавічы.
Яскавічы? Так, гэта былі тыя самыя Яскавічы, куды я мерыўся ехаць пасля Хадыкі. Я знайшоў ix на карце — аказалася, яны зусім недалёка ад Даманавіч. Не дзіва, што Сыракомля ведаў легенду пра Хадыку.
Я папытаў у Змітрака Іванавіча, ці не ведае ён, чаму ўрочышча называлася Хадыка, ці няма пра гэта якога-небудзь падання.
— Хадыка, — адказаў Змітрок Іванавіч, — ад слова хадзіць. З Даманавіч туды 15 кіламетраў, дарог ніякіх не было, хадзілі пеша праз лес. Таму — i Хадыка.
Ясна, гэта пазнейшае тлумачэнне назвы, так званая народная этымалогія. Але яна ўжо сведчыць аб тым, што Хадыка сапраўды было глухое, далёкае ад чалавечага жылля месца.
— А хто яшчэ, акрамя Ганны Андруховіч, астаўся з вёскі жывы?— папытаў я.
Наўрад ці мог бы хто лепей за саміх жыхароў вёскі расказаць мне пра паходжанне яе назвы.
— Хаўроння Іванаўпа Хаміцэвіч, але яна цяпер жыве ў вёсцы Таварышч.
— Ну, што ж, давайце з'ездзім да яе, — згадзіўся Барыс Рыгоравіч.
На вуліцы ён завёў свой матацыкл. Па пясчанай палявой дарозе, потым па лясной сцежцы мы хутка даехалі да маленькай, акружанай лесам утульнай вёсачкі.
Хаўронню Іванаўну засталі непадалёку ад яе двара — яна палола сваю норму буракоў. Пагаварыць прымасціліся на лавачцы пад ліпамі — у хаце спала малое дзіця («Даччыно, прыпаручылі глядзець мне, бабе»).
— Калі палілі нашу вёску, я пасвіла каровы, — расказвала Хаўроння Іванаўна. — Яшчэ тата прыходзіў: паглядзець, ці не баюся я адна пасвіць па лесе... Пабыў са мной трохі, памог мне сабраць каровы ў гурт... «Доўга ж не пaci, дачка, як пачне цямнець, то i гані». Сказаў так i пайшоў лесам дадому... Потым чую — страляюць. У мяне аж абарвалася нешта ўсярэдзіне: немцы!.. Я кінула каровы на руні (была якраз восень), пабегла ў лес... Адна... Толькі сабачка пры мне быў... Каровы самі пайшлі дадому... Пераначавала ў лесе, потым пайшла па лесе шукаць сваіх людзей... Аднаго чалавека знайшла, ён з коньмі ўцёк. Дрымак з Ляхавіч... Разлажылі агонь... Потым чуем— вішчаць свінні, коні ржуць... Не ведаю, праз колькі часу — пайшлі глядзець... Замест вёскі — адны галавешкі... Адзін будынак дагараў... А людзей — ні душы. I нічога, дажа ката няма... Дзе ж, думаем, людзі?.. Глянулі ў калодзеж — аж там чалавек забіты. Хаміцэвіч Арцём. I больш — нікога... Думалі ўжо ісці ў лес шукаць, але адзін хлопец — мы яго сустрэлі раней у лесе, ён уцёк яшчэ да прыходу немцаў, — гэты хлопец глянуў на тое месца, дзе быў калгасны склад. А ж там — усе нашы, спаленыя, знявечаныя... Касцей — як картошкі... Не ведаю, колькі б мы там млелі, галасілі, каб нас не адцягнулі партызаны... Яны забралі нас у атрад... Я асталася адна — усе мае загінулі тады... I бацька, i сястра з хлопчыкам...
Успамінаючы, Хаўроння Іванаўна бралася рукой за шчаку, губы яе дрыжалі, а ў вачах — у мяне аж мароз прайшоў па скуры — я ўбачыў жах. Як бьщцам яны, вочы, цяпер вось глядзелі на груды касцей тых родных i блізкіх, з якімі яна, здаецца, яшчэ во нядаўна гаманіла, смяялася, сядзела за сталом, выбірала бульбу, спявала на радзінах...
На развітанне я ўсё ж папытаў Хаўронню Іванаўну, ці не ведае яна, чаму вёску называлі Хадыка.
— Раней было там урочышча Хадыка, — адказала жанчына. — А чаму яно так называлася — хто ж яго ведае... Урочышча даўнейшае...
Я разумею, вельмі цяжка ўтрымаць у памяці пасля перажытых жахаў нейкую там легенду пра далёкія часы. Тым больш, што сама рэчаіснасць была непараўпальна больш драматычная.