Выбрать главу

Пра Антосіка Ян Чачот, вядома ж, чытаў у газетах. Але ведаў ён пра незвычайнага лекара яшчэ, як зноў сцвярджаюць польскія даследчыкі, да шуміхі вакол яго імя ў друку: Антосік жа быў з родных мясцін паэта...

І такіх прыкладаў «жыццёвасці» балад Яна Чачота можна б было даць тут нямала.

Інакш кажучы, калі добра прыгледзецца да творчасці Яна Чачота, то няцяжка ўбачыць, што якраз тут, у Рэпіхаве, у ваколіцах Новай Мышы і Баранавіч, яе самыя глыбінныя карані.

НАВАГРАДАК

Чыстая і звонкая раніца, ужо добра выстуджаная здаровым перадзімнім холадам. Барвовае, зусім няцёплае сонца, якое колькі хвілін назад неяк незаўважна ўсплыло над узгорыстым полем, толькі там-сям прабіваецца на цемнаваты асфальт скрозь даволі густую яшчэ тут лістоту пасвятлелых ясеняў і заўсёды зялёных таполяў, што дзвюма роўнымі сценкамі выструніліся ўздоўж дарогі. Кроны іх так перапляліся ўверсе, што здаецца, быццам мы едзем доўгім зялёна-залатым тунелем.

Ён, гэты тунель, толькі зрэдку перарываецца невялікімі прагаламі, поўнымі такога вабнага ўвосень сонца.

Пераначаваўшы ў Валеўцы, у гасціннага гаспадара добра дагледжанага вясковага дома, вядомага краязнаўца, аўтара даволі змястоўных кніг пра паходы школьнікаў па шляхах паэтаў і герояў роднага краю настаўніка Уладзіміра Аляксандравіча Урбановіча, мы прастуем у старажытны, слаўны многімі падзеямі свайго вельмі цікавага гістарычнага мінулага горад Наваградак.

І вось яны — дзе брукаваныя каменем, дзе заасфальтаваныя, а дзе і проста «без пакрыцця» — вулачкі і вуліцы вечна новага, хоць і старога горада.

Спачатку мы спрабуем коламі машыны брукаванкі садовай ускраіны. Тут можна пачуць яшчэ голас пеўня, убачыць у глыбіні цеснага ад розных прыбудовак і дрэў двара, як жанчына, закасаўшы па локаць рукавы кофты, мые ў цынкавых ночвах, пастаўленых на старым услоне, бялізну, улавіць вухам глухі шоргат рыдлёўкі, якой перакопваюць — відаць, ужо на зіму — агарод...

Тут гэтак жа, як і было у Ягоную пору: таксама пахне мятай, той самы вецер ад бору... Тут тая ж мова і песні, тыя ў садку незабудкі, толькі болей галасу ў сённяшнім Навагрудку.

Гэта ўсплылі ў памяці перакладзеныя мною раней радкі верша польскага паэта Станіслава Рышарда Дабравольнага, які хацеў у ім выказваць сваё ўражанне ад наведання радзімы Адама Міцкевіча.

Брукаванка прывяла нас на цэнтральную плошчу горада, дарожны знак падказаў месца аўтастаянкі, куды мы і павярнулі. Стаянка была ў двары напалову разбуранага, з грудамі бітай цэглы і друзу ўсярэдзіне даўняга дамініканскага касцёла Святога Міхала, да якога, як сказаў мне Леў Паўлавіч, і прымыкала тая школа, дзе вучыліся ў пачатку XIX стагоддзя Адам Міцкевіч з Янам Чачотам. Гэта тут пачыналася дружба вялікага польскага паэта з пачынальнікам новай беларускай літаратуры, дружба, якую абодва яны пранеслі праз усё жыццё.

І Чачот, і Міцкевіч пра сваё сяброўства ў Наваградскай школе заўсёды ўспаміналі з цеплынёй, даражылі і ганарыліся гэтым сяброўствам. Калі ў 1818 годзе філаматы святкавалі дзень нараджэння Адама Міцкевіча, Ян Чачот, як бы парушаючы загадзя падрыхтаваны сцэнарый урачыстасці, весела, па-сяброўску перапыніў Тамаша Зана, які першы выйшаў вітаць імянінніка, і сам узяўся «зачынаць» гэту ўрачыстасць, кажучы вершам так: «Мы склалі з Занам сцэнарый: ён павінен быў пачынаць свята, а я меўся заканчваць яго і прынесці вершы «на дэсерт». Але даруй мне, Тамаш, што... мушу разбурыць наша тварэнне. Бо якім вокам глянуў бы на мяне Адамэк, калі б ты пачаў весці рэй, а я сядзеў у кутку, як дурачына (я, нашай супольнасці частачка!), нічога не кажучы, хоць мне столькі можна расказаць пра нашу дружбу. Ён сказаў бы тады: «А дзе ж мой сябрук, з якім у адной школе лёталі па калідорах, лазілі па брамках і брамах, ловячы аднаго з папоўскіх прыслужнікаў і даючы яму добрага чосу, а калі той усчынаў дзікі піск, мы, брыдзячыся, са смехам адпускалі яго і на голас званка хутчэй беглі ў клас... А хто лепей, чым я з Янам, карыстаючыся шыфраванай мовай, абдурваў прафесараў?..» Думаў бы яшчэ Адам, што я забыўся пра нашы клятвы на Псей-горцы памагаць адзін аднаму, стаяць гарой адзін за аднаго... Хоць мы ў сваволі трацілі маладыя гады, заўсёды на чале класа стоячы ў мілай згодзе, перамагаючы ўсіх адвагай, часцей балбатнёй, былі мы першыя ў нікчэмным вучэнні... Хаця нас пераўзыходзілі іншыя сваім выглядам: былі высокія, як чаплі, а мы, як сарокі, малыя, усё ж святыя дамініканцы, якім мы смела і горда, са з'едлівай насмешкай выказвалі сваю агіду, міжволі адводзілі ад нас узброеную бізуном руку...»