З касцёла завяла мяне вуліца да замка, дзе цяпер санаторый «Нясвіж». Зялёныя агромпістыя насыпы-валы, тоўстыя мураваныя сцены палаца, вузкія высокія вокны, глушыня ўнутранага двара — адусюль веяла старажытнасцю, часамі, якія даўно праляцелі над светам, але якія, здавалася, нейкім чынам затрымаліся, зачапіліся тут за гэты вось грудок зялёнае зямлі.
Свае ўражанні ад велічы нясвіжскага замка Уладзіслаў Сыракомля выказаў у санеце, які так i назваў «Замак». Наогул, у Нясвіжы няма месца, якое б ён не апеў у сваіх паэтычных радках. Напрыклад, у цыкле санетаў «Успаміны Нясвіжа» паэт расказаў i пра Радзівілаўскія муры («Канторшчык бедны, там сядзеў я днямі»), i пра агульны выгляд горада («Малы занушчаны горад стаіць у руінах»), i пра Слуцкую браму, i пра радзівілаўскі звярынец Альбу з летнім палацам, які, дарэчы, як з абурэннем піша Сыракомля ў «Вандроўках», быў, ужо ў яго час, «рукою нейкага спекулянта перароблены на простую гаспадарчую ферму», ад чаго «пазбавіўся сваёй аздобы». Шмат нясвіжскіх пейзажаў першай палавіны XIX стагоддзя рассыпана i ў выдатнай паэме Сыракомлі пра яго «школьныя часы».
Пра ўсё гэта я ведаў, прачытаўшы Сыракомлю, асобныя радкі i строфы былі ў памяці. Таму, калі блукаў па Нясвіжу, было такое ўражанне, быццам горад мне даўно знаёмы i я цяпер толькі прыпамінаў, пазнаваў вядомыя мне мясціны.
На ўскраіне горада, за старым змрачнаватым паркам, мне падалося, што я іду якраз па той дарозе, якую некалі князь Кароль Радзівіл усыпаў соллю i ездзіў па ёй летам на санях, запрэжаных мядзведзямі. Дзядзька, які скошваў па броўках густы пырнік, пацвердзіў маю здагадку: сапраўды, гэта тая «белая» дарога, пра яе ён чуў ад старых. Пра гэтую дарогу, пра дзікія свавольствы князя пісаў i Сыракомля — як у нарысах, так i ў паэтычных творах. Князь марыў аб славе, аб людской памяці, a дабіўся таго, што паэт «увекавечыў» яго як тупога i бяздушнага самадура, самахвальца, часовая «вядомасць» якога вырасла на народнай крыві. Смяротны прысуд вынес яму паэт у сваёй «Народнай гутарцы» — «Ілюмінацыя», пачутай тут, у Нясвіжы, ад старой беларускай жанчыны.
Гэта, так сказаць, «запеў» гутаркі, дзе дадзена агульная характарыстыка Кароля Радзівіла. Далей Уладзіслаў Сыракомля — вуснамі боларускай жанчыны — расказаў пра дзікі факт свавольства i здзеку з народа ўсеўладнага князя-самадура. Задумаўшы гучна правесці свае ўгодкі, князь загадаў усім жыхарам Нясвіжа паліць паходні. Жанчына, ад імя якой вядзецца апавяданне, не магла выйсці на вуліцу, каб паліць на сваім слупу ліхтар, — у яе на руках было хворае дзіця. Тады служка з ратушы, паразбіваўшы ў хаце вокны, вырваўшы з рук дзіця, сілай выцягнуў яе на вуліцу. Дзіця, якое заходзілася ад плачу, засталося ў напоўненай холадам хаце адно.
У гэтай гутарцы — увесь Сыракомля з яго нянавісцю да прыгнятальнікаў, з яго шчырым спачуваннем да жыцця бяспраўнага беларускага селяніна.
Ходзячы па крывых нясвіжскіх вуліцах, я прыглядаўся да старых камяніц, да рэштак мураваных калон, гадаючы, дзе была, напрыклад, тая дамініканская школа, у якой вучыўся Сыракомля, i дзе той дамок, у якім кватараваў паэт. «Школа была ў кляшторы, а кватэры ў месце» (гэта значыць, у горадзе), чытаў я ў «Школьных часах». Але дзе канкрэтна яны былі? Я дастаў з сакваяжа i разгарнуў «Вандроўкі». З партрэта зноў глядзелі на мяне спакойныя вочы паэта, якія як бы гаварылі: што ж, разгадвай маю загадку, разгадвай, я сваё слова сказаў.
Сёння Нясвіж, канешне, змяніў свой выгляд. Новыя, шматпавярховыя дамы, школы, магазіны, адміністрацыйныя будынкі, нядаўна пабудаваная аўтастанцыя — добра ўпісваюцца ў стыль горада, мірна суседнічаюць са старажытнымі пабудовамі. I ўсё ж хацелася б, каб слаўнае мінулае горада неяк было ўвекавечана ў памяці нашчадкаў. Думаю, напрыклад, што помнікі такім двум выдатным сынам Беларусі, як Сымон Будны i Уладзіслаў Сыракомля, якія праславілі Нясвіж, якія аддалі яму добрую частку сваіх сэрцаў, — былі б тут вельмі да месца. Тым больш, што Нясвіж усё болей і болей прыцягвае да сябе сваімі старажытнымі помнікамі турыстаў, якія з цікавасцю пазнаёміліся б таксама з жыццём i творчасцю гэтых выдатных культурных дзеячаў.