Магчыма, у гэтым кутку «ціхай працы» Сыракомля застаўся б да канца свайго жыцця, калі б аднойчы не напаткала яго няшчасце: смерць дзяцей. «Магіла на Стаўбцоўскім могільніку, — пісаў пра гэта паэт, — забрала ў мяне двое дзяцей — маю самую светлую надзею на будучыню. Хто не быў бацькам, ніколі не марыў, не зразумее таго болю...» З гэтай часіны, — прызнаваўся ён, — «старана, так дарагая сэрцу, стала для нас невыноснай... Не ведаючы, дзе ўзяць сілы для таго, каб застацца сярод тых мясцін i тых успамінаў, кінуўшы жменю пяску на апошнюю дамавіну, вырашыў я, як сапраўдны бадзяга, падацца адсюль, куды вочы глядзяць». «17 верасня 1852 года, — з роспаччу працягваў Сыракомля... — развітаўшыся з добрымі прыяцелямі i кінуўшы затуманены слязамі погляд на дом, які перастаў ужо быць маім, i на аколіцы, так любыя сэрцу, рушылі мы ў дарогу на Мінск — да Вільні». (У Вільні, заўважу, паэт так i нe знайшоў ужо шчасця: змучаны непасільнай працай, прыціснуты бясконцымі нястачамі, паэт хутка згас, пакінуўшы за плячыма ўсяго 39 год жыцця.)
Злева ад Залучы, калі стаць тварам да Немана, відаць хаты Жукавага Барка. Залуча — гэта бліжэйшая аколіца вёскі, яе выган. Нездарма паэт называў Жукаў Барок сваім. Мікола Кавальчук, які быў не абыякавы да гісторыі свайго краю, расказаў мне, што ў Жукавым Барку нарадзіўся знаны вучоны XVIII стагоддзя Саламон Майман, які быў знаёмы з Кантам i Гётэ i выдаў на нямецкай мове каля 30 прац па філасофіі i матэматыцы. Я ведаў пра Маймана з «Вандровак» Сыракомлі, які пісаў пра яго як пра «вялікага чалавека», «вядомага ў свеце вучонага», ведаў пра тое, што Майман некаторы час жыў у Нясвіжы, а вось што ён родам з Жукавага Барка — пачуў упершыню. Гаворачы пра Саламона Маймана, Мікола прызнаўся, што, як гэта ні сорамна, ён дасюль чамусьці нічога не ведаў аб пражыванні ў Залучы Сыракомлі i цяпер быў прыемна здзіўлены. Ён здзівіўся яшчэ больш, калі я расказаў, што ў Жукавым Барку ў той жа час, што i Сыракомля, жылі яшчэ два пісьменнікі — аўтар многіх раманаў i аповесцей з жыцця Беларусі Адам Плуг (сапраўднае імя Аытоні Пяткевіч; дарэчы, Пяткевічы i цяпер ёсць у вёсцы) i беларускі паэт Вінцэсь Каратынскі, якога, паводле сведчання літаратара Юльяна Гарайна, адкрыў тут Сыракомля, дапамог яму выйсці ў людзі. Адным словам, мы прыйшлі да вываду, што Жукаў Барок — цэлае гняздо паэтаў. Мусіць, якраз яго i меў на ўвазе крытык Спасовіч, калі пісаў у 1889 годзе ў артыкуле «Уладзіслаў Сыракомля»: «З усіх родных зямель нашых найбольш багаты не толькі на мінеральныя крыніцы, але i на кастальскія крыніцы самароднай паэзіі — край прынёманскі». I гэта гаварылася задоўга да таго, як у «прынёманскім краі» забілі новыя, магутныя i чыстыя «крыніцы самароднай паэзіі». Гэта — Нізок з аколіцамі, дзе загучалі такія самабытныя галасы нашай беларускай літаратуры, як Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка. Гэта — Пясочнае, якому мы абавязаны многімі папулярнымі песнямі, напісанымі яго ўраджэнцамі — Анатолем Астрэйкам i Адамам Русаком. Гэта, нарэшце, — Мікалаеўшчына, калыска неўміручага Якуба Коласа, дзе сёння ўзышоў новы літаратурны падлесак — маладыя, здольныя беларускія паэты Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Мікола Міцкевіч.
Пакінуўшы каля былой паэтавай хаты машыну, мы вырашылі прайсці па вуліцы Жукавага Барка. У праваднікі ўзялі Сыракомлю, разгарнуўшы яго «Вандроўкі»:
«Праз пясчысты насып уязджаем у вёску Жукаў Барок, — працавіты люд урабіў праз вякі бясплодныя пяскі — збажына тут буйней кусціцца, чым у аколіцы; люд сярэдняга росту, лагодных славянскіх рысаў твару, у чорных з дамашняй воўны сярмягах, заклапочана снуе на сваіх шнурах. Вітаем яго па даўняму звычаю словамі: «Бог у помач» i ад сэрца зычым яму поспеху ў яго мазалю. Веска балоцістая, бо ў нізіне, i хоць малая — складаецца з якіх дзесяці хат — усё ж, дзякуючы таму, што побач Неман, — можа пахваліцца кузняй, млынам, царквой, плябаняй, лясніцтвам, вялікай новай карчмой i паромам».