Выбрать главу

Рабочыя расказалі мне, як яны будуць аднаўляць замак, што папраўляць, што дабудоўваць. Успомніўшы, што пра Мірскі замак пісаў у сваіх «Вандроўках» Уладзіслаў Сыракомля, я дастаў i разгарнуў кнігу. На самай першай яе старонцы быў малюнак Мірскага замка. Рабочыя вельмі зацікавіліся ім: гэтаму ж малюнку было прыкладна 120 гадоў. Параўноўваючы малюнак з «натурай», мы знайшлі месца, адкуль мастак маляваў замак. Аказалася, што на пярэднім яго плане не было цяпер той невялікай прыбудоўкі-тэрасы, што значылася на малюнку. Міхал Антонавіч сказаў, што пра гэта трэба будзе паведаміць галоўнаму інжынеру, які цяпер недзе ў Мінску. Я параіў яму запісаць назву кнігі — што ж, хай i сёння паслужыць Уладзіслаў Сыракомля на карысць справе.

Ад міран я даведаўся, што не вельмі далека адсюль знаходзіцца мястэчка Паланечка, пра якое я ўпершыню прачытаў у Сыракомлі, але чамусьці не верыў у сапраўднае яго існаванне: сама назва гучала для мяне неяк экзатычна.

З Паланечкай, з яе ўладаром звязана, аказваецца, яшчэ адна старонка жыццёвага шляху Уладзіслава Сыракомлі, якую, здаецца, ніхто не адгарнуу. Але перш — пра яго ўладара. Ім быў князь Канстанцін Радзівіл, які яшчэ ў 20-х гадах знаходзіўся ў цесных сувязях з прагрэсіўнымі арганізацыямі Польшчы, Беларусі i Расіі, з'яўляўся адным з кіраўнікоў антыцарскага Патрыятычнага Таварыства. На Канстанціна Радзівіла была ўскладзена важная місія па наладжванню сувязей гэтай агульнапольскай арганізацыі з дзекабрыстамі. Дзеля гэтага ён неаднаразова сустракаўся ў Вільні з рускім рэвалюцыянерам Аляксандрам Бястужавым, меў з ім працяглыя гутаркі на рэвалюцыйныя тэмы, потым вёў перапіску. Вядома, Канстанцін Радзівіл не пазбегнуў бы кары, але Пецярбургскі следчы камітэт даведаўся пра гэта позна: калі следства над дзекабрыстамі закончылася. Даведаўся тады, калі было выкрыта Патрыятычнае Таварыства i Канстанцін Радзівіл аказаўся ў сувязі з гэтым арыштаваным. У саракавыя гады князь жыў у сваім маёнтку ў Паланечцы і, як відаць, не здрадзіў сваім ліберальным перакананням. Ён групаваў вакол сябе мясцовую прагрэсіўную інтэлігенцыю, прыкладаў памаганні па развіццю культуры краю.

Яркім сведчаннем гэтага з'яўляецца тое, што ў яго палацы ў Паланечцы знаходзілася рэдакцыя часопіса «Люд i час», які выдаваў Януары Філіповіч. Часопіс «Люд i час» меркавалася зрабіць цэнтрам культурнага жыцця краю «па Віліі i Неману». Адной з асноўных яго задач з'яўлялася вывучэнне мовы, звычаяў i фальклору мясцовага люду, г. зн. беларускага народа.

Уладзіслаў Сыракомля з ахвотай прыязджаў да князя Канстанціна Радзівіла, які даў прытулак рэдакцыі такога часопіса. Вось як гаворыць пра гэта ў сваіх «Карцінах з узбярэжжа Нёмана» Вінцэсь Каратынскі: «Кандратовіч... абыходзіў панскія дамы, ахвотна кружачыся толькі ў шэрай сферы. Адзіным з гэтага выключэннем быў дом князя Канстанціна Радзівіла ў Паланечцы».

У стварэнні часопіса, як відаць, Уладзіслаў Сыракомля прымаў самы актыўны ўдзел. Калі выйшаў першы нумар часопіса, паэт адразу ж адгукаецца на гэтую падзею станоўчай рэцэнзіяй у газеце «Tygodnik Petersburski». Гаворачы ў ёй пра змешчаныя ў часопісе апісанні абрадаў i вясельныя песні беларускага народа, сабраныя ў Падзвінні, Сыракомля заклікае мясцовую інтэлігенцыю збіраць народную паэзію: «Будзем жа цаніць гэтыя працы, рабіць усё, каб яны з'яўляліся i далей. Хочацца верыць, што мы хутка будзем мець камплектны збор песень народа з усіх мясцовасцей нашага краю». Заканчваючы рэцэнзію, Ул. Сыракомля прапаноўвае літаратарам падтрымаць маладое выданне.

На жаль, першы нумар часопіса «Люд i час» аказаўся i апошнім. Быў падрыхтаваны i другі нумар, але ён па невядомых прычынах не ўбачыў свету. Адзіны нумар «Люду i часу» стаў помнікам культурнага руху, які распачынаўся ў Беларусі ў першай палавіне XIX стагоддзя.

Да Паланечкі з Міра з'ездзіць мне не ўдалося: дзень ужо быў на зыходзе, i я проста не знайшоў у той бок ніякага транспарту.

«ПІЛІГРЫМ» У КАНЦЫ ВАНДРОУКІ

Сцежкі двух песняроў. Вучоныя думкі. Што такое адзінота? Горад Ізяслава. Купіць з лесам рэха. Каб не лопнуць. Памяць пра родны край.

З Міра я трапіў у Навагрудак, дзе сцежкі Сыракомлі перапляталіся са сцежкамі вялікага Адама Міцкевіча: абодва паэты, хоць i ў розны час, вучыліся, як сведчаць даследчыкі, у адной i той жа школе. Сыракомля, хоць i ў меншай ступені, чым Міцкевіч, але ўсё ж ведаў Навагрудчыну, хадзіў па яе дарогах. Ёсць весткі, што ён быў частым госцем у «міцкевічаўскіх» Шчорсах, дзе па матэрыялах бібліятэкі Храптовічаў займаўся вывучэннем гістарычнага мінулага Беларусі.