Шчырую любоў паэта да Беларусі польскія шавіністы лічылі літоўскім сепаратызмам, тым сепаратызмам, у якім яны абвінавачвалі i выдатнага беларускага рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага, сапраўднага патрыёта Беларусі i разам з тым перакананага інтэрнацыяналіста. Ці не таму доўгі час творчасць Ул. Сыракомлі адсоўвалася недзе на задні план, ігнаравалася, на што звярнуў увагу яшчэ А. Драгашэўскі, дзівячыся «ўбоству літаратуры пра літоўскага лірніка». «Тэарэтыкі» тыпу С. Цывінскага проста заяўлялі, што ў наш век «значэнне Сыракомлі зменшылася», прызнаючы разам з тым, што яго творчасць будзе мець цікавасць больш доўгі час хіба толькі сярод шырокіх мас «на Усходніх Крэсах». Толькі сённяшнія літаратуразнаўцы Народнай Польшчы, узброеныя марксісцка-ленінскай метадалогіяй, рашуча адхіляюць гэтую недаацэнку творчасці выдатнага паэта-дэмакрата, пра што сведчыць, напрыклад, грунтоўны артыкул В. Кубацкага «Гавэнда пра Сыракомлю», дзе ён пераканаўча даводзіць, што Ул. Сыракомля — паэт «далека не малой меры».
«Сепаратызм» Ул. Сыракомлі меў у сваёй аснове класавыя карані. Перад ім стаяла дылема: з кім ісці — з польскім панам, прыгоннікам, супроць беларускага селяніна ці наадварот — з беларускім селянінам супроць польскага пана. Ул. Сыракомля фактычна выбраў апошняе.
Паэт паслядоўна, з уласцівай яму публіцыстычнай страснасцю абараняў інтарэсы запрыгоненага беларускага селяніна, змагаючыся за яго разняволенне, за адмену бесчалавечнага прыгоннага права, якое зжыло сябе як эканамічна, так i маральна. «Я край мой кармлю ад веку i маю права звацца чалавекам», — заяўляў вуснамі свайго паэта селянін-беларус. Гэтае патрабаванне Сыракомлі аддаць народу ўсе яго чалавечыя правы пазней падхопіць i ўзніме як неадкладны лозунг часу вялікі абаронца свайго народа Янка Купала. Дарэчы, паэзія Я. Купалы, які надзвычай высока цаніў вясковага лірніка за яго дэмакратызм, за тое, што ён не забыўся «слоў беларускіх», сваімі некаторымі матывамі, вобразамі вельмі пераклікаецца з творчасцю Сыракомлі, што дае падставу гаварыць аб уплыве Сыракомлі на Купалу як аб адным са звенняў пераемнасці беларускай літаратуры. Абодва паэты былі выразнікамі самых кроўных інтарэсаў беларускага народа на розных этапах яго гісторыі: «Не я пяю, а люд божы, які песню ва мне творыць», — гаварыў Ул. Сыракомля, падкрэсліваючы сваю непарыўную злітнасць з мужыком-беларусам, «адвакатам i прадстаўніком на Парнасе» якога быў.
Вельмі ярка i зусім недвухсэнсоўна выказаўся Ул. Сыракомля аб сваёй блізкасці да беларускага народа ў выдатным вершы «Вясковы лірнік». Паэт піша, што яго ліру «людзі пояць слязьмі». Таму ён спадзяецца, што рэха ад яго песень панясецца шырока на свеце — «ад краю да краю, да самага Дунаю, да самага Кіева». I калі-небудзь пасля яго смерці «ў акно суседа пастукае грамада чужых людзей» i скажа: «Прыйшлі мы паглядзець, дзе ваш лірнік спачывае, лірнік, знаны ў свеце». Слухаючы гасцей, «люд з усёй вёскі будзе дзівіцца i шаптаць, паціскаючы плячыма: «Адкуль яны, людзі з далёкіх краёў, ведаюць песні гэтай вёскі?» I, вядома ж, здагадаюцца, што гэта разнёс ix па свеце «наш лірнік вясковы», i таму з гордасцю «перад людзьмі з чужой зямлі ўсёй душой будуць славіць лірніка, што спяваў i жыў з імі».
Пад гэтым вершам значыцца: «Залуча, 18 студзеня 1852 года». Адсюль вынікае, што вёска, якая зможа ганарыцца сваім лірнікам i песні якой ён разнясе па свеце, быў Жукаў Барок (за паўкіламетра ад Залучанскай сядзібы паэта). Іншымі словамі, Ул. Сыракомля тут сам прызнаецца, што асновай яго творчаеці быў беларускі фальклор. I гэта зусім не голая дэкларацыя. Пра творчае выкарыстанне Ул. Сыракомлем беларускага фальклору ёсць нямала сведчанняў як польскіх, так i беларускіх даследчыкаў. Многія вершы Ул. Сыракомлі — гэта «творчае наследаванне i апрацоўка беларускіх песенных матываў» (С. Александровіч).