Альгерд Бахарэвіч
ЛІСТ ДА ЎКРАІНЫ
Дарагія ўкраінцы! Мае героі, мае сябры.
Людзі, за якіх нам усім цяпер баліць.
Мне вельмі не хацелася б, каб гэты тэкст выглядаў як апраўданьне. Апраўдвацца перад Украінай ужо позна -- дый ня мае сэнсу, машына вайны запушчаная, сьмерць ідзе адразу з розных бакоў, у тым ліку з тэрыторыі маёй радзімы, і апраўданьнямі яе не спыніць. І мне вельмі не хацелася б, каб мой тэкст быў прачытаны як пакаяньне. Няхай каюцца тыя, у каго на руках кроў. Вы на вайне, і вы бароніце сваю краіну -- а мы не ў царкве. І ўсе мы разам на судзе гісторыі, па розныя бакі ня намі праведзенай цывілізацыйнай мяжы. У страшныя дні, найперш для Ўкраіны, але і для ўсёй Эўропы, спайманай у вечную пастку свайго імкненьня да міру любой цаной. Той Эўропы, у якую я яшчэ веру і надзеяй якой вы цяпер ёсьць. Мне вельмі хочацца, каб вы дачыталі гэты тэкст да канца. А затым ужо ненавідзелі, пагарджалі і праклялі нас, зноў і зноў -- або ўсё ж задумаліся, хто супрацьстаіць вам, і ці супрацьстаіць вам мая Беларусь.
“Мы, беларусы, мірныя людзі... “
Так пачынаецца дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Музыка яшчэ з савецкіх часоў -- толькі словы зьмяніліся. Некалі на іх месцы гучала рабскае: “Мы, беларусы, з братняю Русьсю...” Але ні стары гімн БССР, ні новы мая, сапраўдная Беларусь не прызнавала і не прызнае. Ён -- гэткі самы сымбаль дыктатуры, як чырвона-зялёны сьцяг і саўковы герб. Толькі вось сьвет гэта ўжо ня надта цікавіць.
“Мы, беларусы, мірныя людзі”. Доўгі час такая формула задавальняла ўсіх. Яе ахвотна выкарыстоўвала як дзяржаўная прапаганда, так і праціўнікі ўлады. Мы мірныя людзі. Гэта была дэклярацыя, пад якой падпісаліся б і ўлада, і апазыцыя.
Цяпер гэта брахня. Прыгожая старая казка пра мірных людзей і добрых суседзяў умомант абярнулася крывадушнай і крывавай хлусьнёй. Разам “з братняю Русьсю” Беларусь зрабілася пляцдармам для нападу на Украіну, ператварылася ў сапраўднага агрэсара і стала ўпоравень з самымі адыёзнымі краінамі ў гісторыі. Вобраз “мірных людзей” рассыпаўся -- ужо навечна. Як і вобраз нас як ахвяраў -- якіх стагодзьдзямі прыгняталі і вынішчалі, а яны здолелі ацалець і вартыя за гэта павагі. Лукашэнка нарэшце прывёў Беларусь і яе народ у той апошні тупік, зь якога выкарасквацца давядзецца ўсім -- нават тым беларусам, якія ўсё жыцьцё пахваляліся, што “не цікавіцца палітыкай”. Ніхто ня зможа адсядзецца і адмаўчацца. Ніхто ўжо ня зможа сказаць: я тут ні пры чым. Ніхто ня зможа сказаць: я чалавек маленькі, ад мяне нічога не залежыць. Але самае жахлівае нават ня гэта. За тую ганебную ролю, якую Беларусь адыгрывае цяпер, расплачвацца давядзецца і будучым пакаленьням. Пры слове “Беларусь” яшчэ вельмі доўга ў сьвядомасьці сьвету будуць усплываць карціны вайны -- той вайны, дзе Беларусь упершыню ў гісторыі не абаронца і не ахвяра, а верны паслугач пуцінскага фашызму.
Яшчэ нядаўна мы ганарыліся, што нарэшце маем прыгожы моцны вобраз у вачах сьвету. Вобраз сотняў тысяч мужчын і жанчын, якія ў 2020-м выйшлі бяз зброі, толькі з прагай свабоды і словамі пратэсту, супраць узброеных бандытаў, якія называлі сябе “міліцыяй” і “арміяй”. Цяпер гэты вобраз перакрэсьлены, замазаны -- так у маім родным Менску і па ўсёй Беларусі дагэтуль замазваюць рэвалюцыйныя графіці 2020-га. Толькі замазваюць яго цяпер украінскай крывёй -- замазваюць тыя, хто таксама, як і я, лічаць сябе беларусамі. Хоць мы -- тыя, хто марыць пра іншую Беларусь, тыя, хто гадамі спрабуе ператварыць мару ў рэальнасьць -- адчуваем з вамі несувымерна большую і мацнейшую сувязь, чым са сваімі генэраламі, з тымі салдатамі, якія пайшлі на вашую зямлю.
Таму я, беларускі пісьменьнік Бахарэвіч, гатовы прыняць на сябе маю частку адказнасьці за тое, што адбываецца. Я гатовы прыняць на сябе беларускія сорам і ганьбу -- як гэта некалі, у часы другой сусьветнай, рабілі нямецкія літаратары ў эміграцыі. Гэта адна з задачаў літаратуры сёньня.
Але я ня згодны з тым, што ўся мая Беларусь мусіць быць цяпер для сьвету суцэльнай плямай ганьбы і нянавісьці.
Вы, украінцы, бароніце сваю краіну. Вашае войска, вашая тэрытарыяльная абарона, кожны ўкраінец і кожная ўкраінка разам чыняць адпор акупантам. Ваша вайна -- абарончая і вызваленчая. Вы ўжо прайшлі такі шлях да свабоды, што пуцінскай імпэрыі вас ужо ніколі не вярнуць у сваю турму. Украіна зьмянілася ўжо назаўсёды.
У 2020-м мы, беларусы, пераканаліся, што ў нас няма свайго войска. Тыя фармаваньні, якія мусілі бараніць нас, вялі вайну супраць бяззбройных людзей. Людзі ў Беларусі пабачылі, што тыя, хто даваў прысягу на вернасьць народу, здрадзілі гэтаму народу без усялякіх ваганьняў, узялі самы актыўны ўдзел у рэпрэсіях супраць уласных грамадзян. З таго часу ўжо ніхто ня лічыць беларускае войска беларускім. У Беларусі няма войска. Ёсьць лукашэнкаўскія генэралы, якія заадно з пуцінскімі, якія сьпяць і бачаць сябе ў пуцінскіх мэдалях. Ёсьць выканаўцы іх злачынных загадаў. І ёсьць людзі -- якіх цяпер робяць гарматным мясам на злачыннай вайне.