Якой сутнасці?.. Вось тут і паспрабуй вытлумачыць! Спрабуючы выказаць тое, што мне хочацца, я баюся перадаць не галоўнае, а толькі яго водбліск. Бязрадныя словы могуць не ўхапіць маю ісціну. Я рызыкую быць незразуметым, калі скажу, што мы ахвотна прынялі б бой дзеля выратавання своеасаблівай усмешкі воднікаў, і тваёй усмешкі, і маёй, і ўсмешкі служанкі — гэтага цуду, створанага сонцам, якое столькі мільёнаў гадоў шчыравала, каб у нас магла нарадзіцца своеасаблівая ўсмешка — даволі ўдалае завяршэнне ягонай працы.
Галоўнае часцей за ўсё бязважкае. Тут самае галоўнае нібыта ўвасаблялася ва ўсмешцы. Усмешка часта бывае самым галоўным. Усмешкай расплачваюцца. Усмешкай дзякуюць. Усмешкай вяртаюць да жыцця. Часам з-за ўсмешкі ідуць на смерць. I таму, што гэтая асаблівая ўсмешка вызваляла нас ад страху перад часам і абдорвала нас пэўнасцю, надзеяй, мірам, мне трэба сёння намагчыся як мага лепей выказаць свае думкі, прыгадваючы гісторыю другой усмешкі.
IV
Гэта адбылося ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі, дзе я працаваў тады рэпарцёрам. Я меў неасцярожнасць без адпаведнага дазволу прысутнічаць а трэцяй гадзіне ночы на адной з таварных станцый пры пагрузцы нейкай сакрэтнай тэхнікі. Мітусня і паўзмрок, здавалася, спрыялі маёй нясціпласці. Але я здаўся падазроным анархісцкім міліцыянерам-апалчэнцам.
Усё адбылося надзвычай проста. Я і апамятацца не паспеў, як яны ціха, крадком падышлі і цесна абступілі мяне, быццам заціснулі ў кулак. Дула карабіна злёгку ўперлася мне ў жывот, і цішыня паказалася мне шматзначнай. Я падняў рукі.
Я заўважыў, што іх погляды прыкаваны не да майго твару, а да гальштука (мода анархісцкага прадмесця не прызнавала гэтай раскошы). Цела маё сцялося. Я чакаў стрэлу, — гэта былі часы, калі суд і расправа чыніліся на месцы. Але стрэлу не паследавала. Прайшло некалькі секунд абсалютнай пустаты, мне здавалася, што брыгада грузчыкаў у нейкім іншым свеце выконвае казачны балет, — і мае анархісты лёгкім кіўком галавы загадалі мне ісці паперадзе іх, і мы нетаропка пайшлі цераз пад'язныя пуці. Мой арышт адбыўся пры поўнай цішыні і надзвычайнай скупасці рухаў. Гэтак паводзіць сябе падводная фауна.
Неўзабаве мяне прывялі ў склеп, перароблены ў каравулку. Пры цьмяным святле нягеглай керасінавай лямпы некалькі апалчэнцаў драмалі на лаўках, заціснуўшы ў каленях карабіны. Абыякавымі галасамі яны абмяняліся некалькімі словамі з маімі канвойнымі. Адзін з іх мяне абшукаў.
Я гавару па-іспанску, але каталонскай мовы не ведаю. Аднак я зразумеў, што яны патрабуюць мае паперы. Я забыўся іх у гатэлі. Я растлумачыў: «Гатэль… Журналіст…» — без аніякай упэўненасці, што мае словы ім што-небудзь скажуць. Апалчэнцы з рук у рукі перадавалі мой фотаапарат — як рэчавы доказ. Некалькі апалчэнцаў з тых, што расслаблена драмалі на кульгавых лаўках, з позяхам усталі і з выглядам дакукі прыперліся плячыма да сцяны.
Бо тут панавала дакука. Дакука і санлівасць. Пільнасць гэтых людзей, як мне здалося, была вычарпана дарэшты. Я, бадай, узрадаваўся б праяўленню нават варожасці як знаку чалавечага стасунку. Але яны не уганаравалі мяне ніякім праяўленнем гневу ці хоць бы асуджэння. Некалькі разоў я намагаўся выказаць па-іспанску свой пратэст. Але мае пратэсты падалі ў пустату. Ніяк не рэагуючы, апалчэнцы глядзелі на мяне, быццам на кітайскую рыбку ў акварыуме.
Яны чакалі. Чаго яны чакалі? Вяртання аднаго з сваіх? Світання? Я падумаў: «Можа, яны яшчэ не прагаладаліся?..»
I яшчэ я думаў: «Яны гатовы зараз учыніць несусветнае глупства! Смех, дый годзе!..» Пачуццё, якое адчуваў я, было не так страх, як агіда да бяссэнсіцы таго, што мелася адбыцца. Я думаў: «Калі яны раскачаюцца, калі ім захочацца дзейнічаць, яны стрэляць!»