Клопаты пра хворага, прытулак, аказаны выгнанніку, нават дараванне віны віноўнаму набываюць вартасць толькі дзякуючы ўсмешцы, якая апраменьвае свята. Мы лучымся ва ўсмешцы, узняўшыся над адрознасцю моў, кастаў, партый. Мы прыхільнікі адной і той жа веры — той чалавек са сваімі звычаямі, і я са сваімі.
V
I хіба асаблівая гэтая радасць не самы каштоўны плод духоўнай культуры, якую мы прызнаём сваёй? Таталітарная тыранія таксама магла б задаволіць нашы матэрыяльныя патрэбы. Але мы ж не кормная жывёла. Нам мала дастатку і камфорту. Для нас, выхаваных у духу павагі да чалавека, такое важнае значэнне маюць звычайныя сустрэчы, якія часам ператвараюцца ў непараўнаныя святкаванні…
Павага да чалавека! Павага да чалавека!.. Вось дзе ён, пробны камень! Калі нацыст паважае выключна толькі таго, хто падобны да яго, ён паважае толькі самога сябе. Ён адмаўляе стваральныя процілегласці, і руйнуе ўсялякую надзею на ўдасканаленне чалавека, і на тысячу гадоў замест чалавека сцвярджае робата ў мурашніку.
Парадак дзеля парадку разбурае чалавека, бо пазбаўляе яго асноўнага дару — дару пераўтвараць свет і сябе самога.
Жыццё творыць парадак, але парадак жыцця не творыць.
Нам жа, наадварот, здаецца, што наша пераўтварэнне яшчэ не завершана, што заўтрашняя ісціна мацуецца ўчарашнімі памылкамі і што адольванне супярэчнасцей і з'яўляецца глебай для нашага росту. Мы прызнаём сваю роднасць і з тымі, хто непадобны да нас. Але якая гэта своеасаблівая роднасць! Яна грунтуецца на будучым, а не на мінулым. На мэце, а не на вытоках. Мы адзін для аднаго — папутнікі, якія рознымі шляхамі імкнуцца да адной і той жа сустрэчы.
I вось сёння самая ўмова нашага пераўтварэння — павага да чалавека апынулася ў небяспецы. Патрасенні сучаснага свету паверглі нас у морак. Усе праблемы выглядаюць заблытаныя, усе рашэнні супярэчлівыя. Учарашняя ісціна памерла, ісціну заўтрашнюю яшчэ неабходна стварыць. Ніякага прымальнага сінтэзу пакуль не відно, і кожны з нас валодае толькі часцінкай ісціны. 3-за таго, што няма відавочнай праваты, якая магла б прыйсціся даспадобы ўсім, палітычныя рэлігіі ўзносяць на шчыт насілле. I вось, з-за нязгоды ў сродках, мы рызыкуем забыць, што мэта перад намі — адна.
Падарожнік, які ўзбіраецца на гару па зорцы, а будзе занадта пільна ўзірацца сабе пад ногі, рызыкуе пераблытаць, якая ж зорка — ягоны арыенцір. Калі ён будзе рухацца дзеля таго, каб рухацца, ён нікуды не прыйдзе. Брамніца храма, якая занадта заклапочана зборам грошай за месца ў храме, рызыкуе забыць, што яна служыць богу. Занурыўшыся ў сектанцкія звадкі, я рызыкую забыць, што палітыка мае сэнс толькі тады, калі яна служыць духоўнай ісціне. Некалі нам было дадзена спазнаць цуд асаблівых чалавечых адносін: у іх наша ісціна.
Якім бы важным ні здаваўся нам учынак, каб ён не аказаўся бясплённым, мы не смеем забываць, дзеля чаго гэты ўчынак чыніцца. Мы імкнёмся выхаваць у людзях павагу да чалавека. Навошта ж мы ненавідзім адзін аднаго, калі мы з аднаго лагера? Ніхто з нас не можа прэтэндаваць на манапольную чысціню намераў. У імя майго ўласнага шляху я магу адвяргаць дарогу, якую выбраў нехта іншы. Я магу крытыкаваць пасылкі яго інтэлекту. Пасылкі інтэлекту не бясспрэчныя. Але я абавязаны паважаць гэтага чалавека, як носьбіта Духу, раз ён імкнецца да той жа зоркі.
Павага да Чалавека! Павага да Чалавека!.. Калі павага да чалавека закладзена ў сэрцах людзей, яны ўрэшце непазбежна прыйдуць да заснавання такой сацыяльнай, палітычнай ці эканамічнай сістэмы, якая зробіць гэтую павагу непарушным законам жыцця.
Усялякая культура закладваецца перад усім у самой чалавечай сутнасці. Спачатку гэта сляпое імкненне чалавека да цяпла. I толькі потым, ідучы ад памылкі да памылкі, ён знаходзіць шлях, які вядзе яго да агню.
VI
Вось чаму, сябар мой, мне так патрэбна тваё сяброўства. Я прагну спадарожніка, які, узняўшыся над усімі-ўсялякімі звадкамі інтэлекту, паважаў бы ўва мне паломніка, які шукае шлях да гэтага агню. Часам мне трэба загадзя адчуць абяцанае цяпло, хоць трошкі ўзняўшыся над самім сабою, адпачыць у сустрэчы, якая будзе нашай.
Я так стаміўся ад палемікі, ад непрымірымасці, фанатызму! Я магу зайсці да цябе, не нацягваючы на сябе аніякага мундзіра, не спавядаючы ніякага Карана і не адракаючыся ні ад чога, што складвае частку майго ўнутранага «я». Побач з табой мне няма патрэбы ні каяцца, ні апраўдвацца, ні нешта даказваць; наша сустрэча ахіне мяне мірам, як некалі ў Турню. Па-над усімі маімі няўклюднымі словамі, па-над усімі маімі нягеглымі разважаннямі, якія могуць быць памылковыя, ты бачыш ува мне проста Чалавека. Ты ганаруеш ува мне пасланца маёй веры, маіх звычак, маіх прыватных захапленняў. I калі я рознюся ад цябе, дык гэтым я не толькі не ганьблю цябе, а, наадварот, узбагачаю цябе. Ты распытваеш мяне, як распытваюць падарожніка.