Іспас,
Што яблычным імем завецца.
Прапахлі яблыкамі крыжы.
Шапчу сваёй палахлівай вейцы:
Ня калышы слязу, ня дрыжы.
Сьлязою яблык дрыжыць на галіне.
Раса дрыжыць на смутнай траве.
Хмурынка лёгкая на ўспаміне
У памяць незабыцьця плыве...
19 жнівеня 1998 г.
ЛІСТ ШОСТЫ
Багоўка —
Кропелька вясёлкі —
Пагойдваецца на траве.
Стаміўся дождж,
А ўсё ж жыве
Настрой перадсьвітальны,
Золкі.
I хмелем,
Што трываліць зёлкі,
Упіцца хочацца асьве.
I сьніцца цэлы дзень саве
Багоўка —
Кропелька вясёлкі...
22 жнівеня 1998 г.
ЛІСТ СЁМЫ
Здаецца хата ўбогая палацам,
Толькі дасьць ступіць
На родны дол
Згадлівым заступцам і дарадцам
Сыну блуднаму
Сьвяты анёл.
Колькі б доля пражы ні напрала,
Ў шлях апошні йдзеш
Гол як сакол.
Дзе б душа на сьвеце ні блукала,—
Назіркам за ёй
Сьвяты анёл.
Цяжка дагадзіць зямной лагодзе.
У выгоды рэдкі частакол.
Чалавек датуль
З жыцьцём у згодзе,
Покуль зь ім
Яго сьвяты анёл...
23 жнівеня 1998 г.
ЛІСТ ВОСЬМЫ
У сьвет усьлед за намі йдзе яна,
Рака маленства, верная мясьцінам,
Якімі і ў апошніх снах ісьці нам,
Раку гаркоты выпіўшы да дна.
Рака маленства, перад ёй усе
Мы — дзеці, і сіўцы, і маладзёны,
I паркі ўпарта круцяць верацёны,
Рака сама халодна лёс нясе.
Рака надзеі чуліць чаўнара,
Які вядзе свой човен да вытокаў.
I шэпчуць хвалі,
Каб ня чулі крокаў
Той, што прашэпча кожнаму: пара...
11 лістапада 1998 г.
ЛІСТ ДЗЕВЯТЫ
Каб хоць неяк замаліць грахі
I свае й сякеры,
Я, магчыма,
Папрашуся ў ветра ў пастухі —
Пасьвіць лес зялёнымі вачыма.
Дрэвы мяне прымуць.
А ці не, —
Буду я сачыць
За імі ўсімі
У маёй апошняй старане,
Покуль позірк мой
Ня стане сіні...
6 ліпеня 1999 г.
ЛІСТ ДЗЕСЯТЫ
А над Вушачаю аблокі
Цябе чакалі два гады,
I закідалі невады,
I вабілі абшар высокі,
Каб лёгка вёў твае сьляды
Туды, дзе першы сум чакае
I пад ільдом,
I пад травой,
Дзе захлынае з галавой
Усё як ёсьць нудзьга начная
Палыннай хваляю сівой.
Ці хвалі мы,
Ці толькі крокі,
Што набліжаюць да бяды,
Хоць і чакалі два гады,
Адказу не дадуць аблокі.
Адказ расьце.
Ен малады.
18 ліпеня 1999 г.
ЛІСТ АДЗІНАЦЦАТЫ
Мясьціны родныя
Штогод далей
З вачэй тваіх
У памяць уцякаюць.
Дзе вір круціла,
Захрасае глей
I туманы
Цюкуюцца цюкамі.
Ты сам свае мясьціны
Кожны раз
Зьнішчаеш, бо
Ня крыўдзіцца ня ўмееш
На той, што
Адыйшоў з табою, час.
Гаворыць забыцьцё.
А ты нямееш...
23 ліпеня 1999 г.
ЛІСТ ДВАНАЦЦАТЫ
Свабодны ад будкі і ад ланцуга
Сабака брэша ў ноч глухавата.
Нібы пытае, чыя чарга
Завыць, каб забыць,
Што жыцьця нябагата.
Завыць, каб забыць
На брахню, на грызьню,
На здрадную строму,
На верную яму.
А можа, я ў хаце
Заціхлай прысьню
Вясёлага бацьку,
Шчасьлівую маму?..
2 жнівеня 1999 г.
ЛІСТ ТРЫНАЦЦАТЫ
I радзіма можа
Стаць чужынай,
Мачыхай,
Што пасынкаў сваіх
Аюбіць падбадзёрыць
Аютай кпінай,
Покуль іхны голас
Ня заціх.