Агонь тушылі, агонь душылі,
Агонь лавілі,
А ён выжываў.
А ён абвіваўся ў рэха ля шыі
I за падстрэшшамі віжаваў.
Агонь ніколі ня ўмеў вініцца
I сыпаў ж а р
У далоні хлусьні.
...I ўсе разлады і таямніцы
Палілі самі сябе на агні...
20 лістапада 1998 г.
ЛІСТ ШОСТЫ
У душы мае свой закутак
I туды ня пускае нікога
Катаржнік пажыцьцёвы —
Смутак.
Недзе блізка жыве трывога.
Недзе блізка радасьць рагоча.
Гурбы выгарбілі першапутак.
Ды пра волю і думаць ня хоча
Закаханы ў пакуту смутак...
19 сьнежаня 1998 г.
ЛІСТ СЁМЫ
Час зьнянацку зьмесьціцца ў зярнятку
I засьне ў настылай баразьне,
Каб прачнуцца руньню па вясьне,
Даганяць сябе
Пачаць спачатку.
Сьвету
Цесна думаць у зярнятку —
Ў вечнасьці ў маленькім кулачку.
Ціха йскрыпка жаліцца смычку.
Хоча гук сябе
Пачуць спачатку.
Час аднойчы
Зьмесьціцца ў зярнятку...
27 сьнежаня 1998 г.
ЛІСТ ВОСЬМЫ
Чалавечае сэрца
Меншае за гняздо салаўя,
Яшчэ меншае сэрца настрою.
Ды ў іх,
Пачынаючы ад позірку і кап'я,
Нацэлена зброя
Усіх часін,
Усіх народаў,
I зброя заклёнаў і кпін
Да ўзьнёслых одаў.
Ужо зьнішчуць, здаецца,
А сэрца б'ецца
Наўздрыж.
Як салаўіная песьня
Аб крыж...
4 студзеня 1999 г.
ЛІСТ ДЗЕВЯТЫ
Памяць —
Цямніца суровая —
Вязьняў не адпускае,
У хмары іх замуроўвае,
Як у жывыя скалы.
Успаміны —
Вязьні жывучыя —
Помняць сьцяжыну на волю,
Там,
Дзе над соннай кручаю
Радасьць старэе ўдавою.
Мроіцца —
Долу бразнулі
Ўсе ланцугі,
Каб разьбіцца.
Поўніцца ціхімі вязьнямі,
Покуль ня рухне,
Цямніца.
11 студзеня 1999 г.
ЛІСТ ДЗЕСЯТЫ
На радзіме расьце трава
Няпрытуленага блуканьня.
На радзіме ня сьпіць сава
Дакараньня і дараваньня.
На чужыне цьвіце язьмін
Перазяблага захапленьня.
На чужыне жыве ўспамін
Незаўважанага імгненьня.
Птушка смутку ў смузе растае.
Воўк зьняверу ў працягласьць вые.
На радзіме чужыя — свае,
На чужыне свае — чужыя...
11 лютага 1999 г.
ЛІСТ АДЗІНАЦЦАТЫ
Хапае на гэтым сьвеце сьвятла,
I цемры хапае.
I ўсіх нас адсюль
Вымятае мятла
Сьляпая.
Пабыць бы яшчэ і яшчэ
На сьвятле.
Хай цемра чакае.
Мы ведаем, хто
Той смале, што ў катле,
Патакае.
Ды клопат даскуб
Дзён вясёлых стагі
Ў хаўрусе зь вякамі.
Паціху самота
Да змоўклай тугі
Звыкае,
Звыкае,
Звыкае...
17 лютага 1999 г.
ЛІСТ ДВАНАЦЦАТЫ
На зямлі, дзе продкі спачываюць,
Сьцены памагаюць у бядзе.
Крумкачы
I тыя спачуваюць.
Сьцежка кожная дамоў вядзе.
I сівеюць, як сады, дакоры.
Каб труною стаць,
Сасна расьце.
Сына блуднага шукаюць зоры
На далёкай ад кута вярсьце.
Вечны небасхіл трымае круча.
Перапёлка смутку гнёзды ўе.
Адчуваюць крэўнікі балюча
Забыццё тваё й гады свае.
Сьнег забраць свой
Зімы забываюць.
Вёснам рупіць ашукаць свой сон.
На зямлі, дзе продкі спачываюць,
Дзе б ні быў,
Жывеш да скону дзён...
12 сакабіка 1999 г.