Выбрать главу

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Жыцьцё не азіраецца ніколі, Ідзе ды йдзе дарогаю адной. I да магілы за яго сьпіной Ты блізішся ці шпарка, ці паволі.
Трымае радасьць дні свае ў прыполе. Жалоба ў чорнай хустцы плач нясе. Сябе паразгубляўшы пакрысе, Паскардзішся хіба што ветру ў полі.
Твой лёс рунее на нябесным доле, Яго сажне маладзічковы серп. У твар жыцьцю зірнуць табе няўсьцерп. Жыцьцё ня азіраецца ніколі...
21 верасьня 1999 г., 10-я лякарня

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

Нахмурыліся хмары на мяне, Што даўнавата не сачыў за імі. Плывуць сабе ў нябеснай старане Дарогамі бясьсьледнымі сваімі.
Я імі перадаць хачу паклон Найдарагому сябру на чужыне. Сум асланіўшы, дагарае клён, Аддаўшы долу золатам даніну.
Пастух нябесны, вецер, не гані Так хутка хмары, Дай ім запыніцца. Дай падзівіцца зь ціхай сьветлыні, Якая ў даўганоч выгнанцу сьніцца...
5 кастрычніка 1999 г., 10-я лякарня

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЙЦІ

Дзе яна, айчына душы? Дзе яна, радзіма спакою? Мы на гэтай зямлі прыбышы, Што пайшлі за ракой гаманкою?
За ракою жыцьця, што ўзяла Свой пачатак ад Млечнага Шляху. З тлену мы, а душа са сьвятла. I далучыцца цела да праху.
I застыгнуць грахоў ледзяшы Пад нябеснай страхой някранута. Дзе яна, айчына душы? Ня адкажа Ні гнеў, ні пакута...
1 лістапада 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦЬВЕРТЫ

А народу болей, чым людзей. Ды яно ня толькі на базары. Дзе яны, прасьветленыя твары, Душы годныя для добрых дзей?
Год любы ўраджайны На народ. На людзей хапае недароду. Так і йдзе ўсё Цераз пень-калоду. Ружай хоча быць калючы дрот.
Некалі налюдзіцца народ, Людна I на гэтым сьвеце стане. Выясьніцца сонца. Дзень настане. А пакуль усё наадварот.
27 лістапада 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

I ўзрушана Зямлю араў нарог, Каб сеяў лёс Журбу сваёй рукою. I сейбіту Спрыяў у працы Бог, Журба ўзыходзіла Каля дарог Сьцяна сьцяною. Мы ня жывем — Мы толькі жнем журбу, Цапамі нашай памяці Малоцім. Зажураныя, Ў неба шлем мальбу. Мяхі журбы Даем свайму гарбу I час наш блоцім. I кожны з нас Журбу ў сабе нясе. Дубам журба Маланкай крышыць кроны. I тоіцца Журба ў жывой красе. Журбою пахнуць Словы нашы ўсе, Наш хлеб надзённы.
1 сьнежаня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

У якой душы на куце, А ў якой у парозе самым Бог жыве. I жыцьцё расьце, Заглушаючы цішу гамам.
Знадакучыць кватараваць Богу ў цёмнай душы, I пакіне Халадэчу, I вандраваць Пойдзе Бог Па людзкой даліне.
I пагрукаецца туды, Дзе чакаюць Яго прыходу. Дзе ўцалуюць тыя сьляды, Што ў душу прывялі лагоду.
3 сьнежаня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

I адплыло ў чаўне смугі цяпло. I на душу дыхнула сівярамі. Сініца сон згубіла за марамі. I пасівела ў крумкача крыло.
Душы цяплей з прыходам халадоў. Свой гнеў сьціха астуджвае стыхія. Яшчэ ідуць апошнія сухія Асеньнія лісты з былых гадоў.
А ў тых лістах Пра восень напамін I пра вясну ўспамін Яшчэ вясёлы. Душа цяплее. Калянеюць долы. Сьвятлеецца завей гусіны клін.