Выбрать главу

Усе бяз вынятку сацыялістычныя і сацыял-дэмакратычныя партыі надавалі яму вялікую ўвагу, але шляхі вырашэння бачылі рознымі. Што меркавала на гэты конт Беларуская Сацыялістычная Грамада? У праграме БСГ, якая выходзіла ў 1905 годзе асобнаю улёткаю, адзначаецца: "Па пытанню аграрнаму: мы будзем імкнуцца да зьнішчэньня права прыватнай зямельнай уласнасьці, пакідаючы кожнаму права індывідуальнага працоўнага карыстання без эксплуатацыі наёмнай рабочай сілы і распаўасаджваючы адначасна для пераходу да сацыялістычнага ладу ідэю ўсебаковай кааперацыі".

У адозвах БСГ мы знаходзім удакладненьне сітуацыі, якая склалася ў зямельным пытанні Беларусі, і шляхі яе вырашэньня. У звароце "Да усих работникау..." размова ідзе аб несправядлівы падзел зямлі. Мы чытаем: "Па справядлівасьці, то зямля — ніхто яе сам не зрабіў, і дзеля таго яна павінна належаць да усяго народа, да ўсёй нацыі, усе, што працуюць на зямлі сваімі рукамі, павінны з ёй самі карыстаць".

У гэтым самым звароце разглядаецца механізм эксплуатацыі сялянства: "Усё багацьце бярэцца толькі з працы людзкой. Вы, мужыкі, усе цяжка працуеце, усе абліваеце зямлю сваім потам, каб толькі пражыць, а памешчыкі, царскія чыноўнікі і другія дармаеды нічога ня робяць і жывуць з вашай крывавай працы".

У іншай улётцы, якая выйшла з нагоды першага сялянскага зьезду, фіксуецца асноўны, на думку бэсэгоўцаў, пункт грамадзкіх супярэчнасцяў: "Пакуль зямля будзе да казны, да цара і да паноў належаць, так шчасьця на сьвеце мужыку й усякаму працуюшчаму чалавеку ня будзе", а таксама прапануецца вырашэнне гэтага найважнейшага для сялянства пытання шляхам канфіскацыі зямлі бяз выкупу: "Трэба ўсю зямлю адабраць ад цара, ад казны, ды паноў, трэба, значыцца, дастаць зямлю сілай".

А як жа разумелі гэтае пытанне беларускія паэты? Яшчэ ў беларускім народным рэвалюцыйным гімне "Адвеку мы спалі" былі адзначаныя асноўныя задачы, якія стаялі перад народам:

Адвеку мы спалі і нас разбудзілі,

Мы зналі, што трэба рабіць:

Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,

Што трэба зладзеяў пабіць.

Разам з воляю чалавека ў грамадзтве, сацыяльнай справядлівасьцю, валоданьне зямлёю забясьпечвала незалежнае, годнае існаваньне беларуса-працаўніка. Літаральна тыя ж словы, якія фармулююць сутнасць жаданых зьменаў, мы знаходзім у Янкі Купалы:

Жый згодна з усімі

І Бога хвалі,

Не крычы з другімі:

"Свабоды! Зямлі!"

Ці:

Хто ты гэткі?

— Свой, тутэйшы.

Чаго хочаш?

— Долі лепшай.

Якой долі?

— Хлеба, солі.

А што болей?

— Зямлі, волі.

Варта згадаць, што ў 60-я гады пад назовам "Зямля і воля" існавала рэвалюцыйная арганізацыя, якая, дарэчы, падтрымлівала паўстаньне 1863 г., у праграме якой вылучалася патрабаваньне: "Замацаванне за сялянамі ўсёй карыстанай імі зямлі... вызваленне народа ад чынавенства і ўладкаваньня сапраўды сялянскага самакіравання" (Вялікая Савецкая энцыкляпэдыя).

Гэтыя ж ідэі былі закладзеныя ў падмурак дзейнасці сацыялістычных партыяў на Беларусі на пачатку XX ст. Таму лёзунг: "Свабод! Зямлі!" па-сутнасьці быў кодам, за якім хавалася цэлая праграма рэвалюцыйных зьменаў.

Для таго, каб жыць, патрэбная зямля, і ў марах беларускага селяніна пра шчасьце ў Купалы мы чытаем:

Ад сьвету, ад Бога

Жадаю нямнога:

Зямелькі з валоку,

К ёй шнур неўдалёку.

Барацьба ў сьвеце ідзе, мяркуе Купала, для таго:

...Каб бедным і галодным

Дзянькі сыцейшы зацьвілі,

Зрабіць нявольніка свабодным,

Даць беззямельнаму зямлі.

Пра тое ж піша Я.Колас, які жадае беларусам на Новы Год:

Каб пабольшала нам поля,

Каб разросься вузкі луг...

Якое яно, сялянскае шчасьце? Колас перадае ўяўленьні пра яго праз сон мужыка ў астрозе:

Поле сонцам скрозь заліта, —

Шырыня, раўніна!

Глеба тлуста, сакавіта —

Чарназём ды гліна.