Выбрать главу

Не дакінеш проста вокам

Да суседскіх межаў...

... Ды рэальнасьць была іншаю:

Колькі поля, колькі

Ў тых, каму ня трэба!

А ў нас гэтак мала,

Што няма і хлеба. (Купала).

Купала адкрыта абвяшчае пра несправядлівасьць існуючага парадку, выступае супраць эксплуатацыі сялянства панамі:

Даўней мы знаці

Мусілі пана,

Каб карыстацца

З нівы ўспаханай.

Цяпер жа ў двор сіл

Цягнеш астаткі,

Каб зарабіці

На ўсе падаткі.

Паэта крытыкуе сістэму падаткаў, цяжар якой у першую чаргу лёг на мужыцкія плечы:

Няхай зьнімуць з цябе

Чынш, падаткі, налог,

Бо бясплатна для нас

Даў зямлю гэту Бог! Абмалёўваючы механізм эксплуатацыі мужыка панамі ды дзяржаваю, паэта ўжывае зразумелы для селяніна аргумэнт:

Калі часам дзе двузлотку

Зрабіў ты ў пана дзе,

Дык на чынш і на падаткі

Яе воласьць забярэ.

Хоць нам гэту зямлю-матку

Бог бясплатна дараваў

І плаціць чыншоў, падаткаў

За яе нам не казаў, —

Дый на гэта тут ня помняць

І, як могуць, так дзяруць,

Апасьледнюю кароўку

За падаткі прададуць.

Згадаем, што патрабаваньне пераразьмеркаваньня падаткаў, зьмяншэньня іх для сялянства было адным з патрабаванняў БСГ: "Усякі ведае, што мужыку цяжка жыць на сьвеце. З мужыкоў цар дзярэ падаткаў болей, як з усіх: паны плацяць 236 міліёнаў рублёў у год, а мужыкі — 700 міліёнаў, значыць у тры разы болей; зямлі ж у цара і ў паноў у два разы болей, як у мужыкоў. І цар, і паны, і чыноўнікі — усе жывуць з цяжкой мужыцкай працы".

"Ня плоцім падаткаў усе разам", — заклікала Грамада. Таму зусім натуральным гучаў заклік паэтаў-адраджэнцаў пра перадзел зямлі. Гэты ж заклік гучаў і ў праклямацыях БСГ. Цётка пагражае:

Нам зямлю, паны, аддайце.

Пагаворым, паталкуем,

Так разьдзелім, як зьмяркуем,

Каб ні многа і ні мала,

Каб зямля матуляй стала

Для усіх, каго зрадзіла,

Каб больш паноў не тварыла.

Яна ўпэўненая, што перадзел зямлі прывядзе да агульнай роўнасьці і шчасьця.

Я.Купала перакладае М.Канапніцкую і разам з ёю сьцьвярджае, што толькі той мае права на зямлю, "каму ў полі труд — закон, А чужыя з нівы вон!"

Але паэты-адраджэнцы добра адчувалі сітуацыю ў краі і ня мелі ілюзыяў на бесканфліктнае яе вырашэньне. БСГ вучыла мужыкоў: "Калі ні купіць зямлі ні можна, калі ні цар ні паны самі яе мужыкам не дадуць, то трэба значыцца дастаць зямлю сілай". Пра тое ж піша і Я.Купала:

Не чакай ты ласкі братняй,

Што можа калі

Дабравольна і бясплатна

Дастанеш зямлі...

Павер сіле, толькі сілай

Збудзесься ўсіх мук!

Яшчэ больш радыкальна выступае Якуб Колас:

— Што, брат Грышка, папраўляйся:

Чутка ёсьць — зямлі дадуць.

Не хварэй, брат, падымайся

Ды ачуньвай як-нібудзь.

— Эх, Мікола, што тут цешыць?

І стары, а як дзіця:

Не, ня будзе нам жыцьця,

Як паноў не перавешаць.

Ідэі сацыяльнай справядлівасьці, будучага ўладкавання сьвету ў беларускіх паэтаў не былі дакладнай копіяй тэарэтычных распрацовак БСГ. Паэты сыходзілі найперш з патрэбаў беларускага сялянства, улічвалі і ягоную псыхалёгію і тыя формы землекарыстання, якія склаліся на. Беларусі. У нас адсутнічала абшчыннае землекарыстанне, адкуль нерэальным уяўляўся пераход да калектыўнага карыстання зямлі, што прапаноўвалі расейскія сацыялісты. Так атрымалася, што ідучы ад жыцьця, пісьменьнікі-адраджэнцы былі большымі рэалістамі за палітыкаў. БСГ па перадзеле зямлі меркавала пра ўтварэнне калектыўных гаспадарак: "Добрэ было бы, каб уся вёска чы там часьць яе, калі яна надта вялікая, не дзяліла зямлі, але каб вяла гаспадарку гуртом. Выбрала б яна сабе чалавек пяць такіх, што ўмеюць чытаць ды пісаць і шчоты ўмеюць вясьці, і тыя выбарныя каб запісвалі, сколькі дзён кожны мужык на зямлі працаваў. Прышла восень і з поля ўсё сабралі, кожны ўзяў сабе сколькі хлеба чы чаго, сколькі трэба, каб яму пражыць, пракарміцца, а рэшту прададуць гуртом і дадуць кожнаму столькі грошай, сколькі яму па рабоце выходзіць". Ніводнае загадкі пра магчымасць такога гаспадараньня ні ў кога з беларускіх пісьменьнікаў-адраджэнцаў мы ня знойдзем. Вельмі добра яны разумелі, што такое для сялянаў зямля і што такое на ён сапраўдныя гаспадарскія рукі.