У Я.Купалы ёсьць ці не адзіная, але даволі грунтоўная спроба апісаць ідэальнага селяніна ў вершы "Сьцёпка Жук". Мы мяркуем, менавіта такім, як Сьцёпка Жук, Купала жадаў бачыць кожнага селяніна-беларуса:
Сьцёпка Жук, па бацьку Ёсьцы,
Гаспадар усім на дзіва,
Ўсімі хвалены на вёсцы,
Жыве згодна і пачціва.
Абычай стары шануе,
Не чураецца сярмягі,
Хаты дзедаўскай пільнуе,
Ад суседзяў шмат павагі...
Дзе якое сеяць збожжа, —
Трудна лепш ад Сьцёпкі знаці;
Знацца лепш ніхто ня можа
На ральлі, на сенажаці.
Дзе якая звадка, схопка,
Годзіць, рае ў полі, у хаце, -
Адным словам, як наш Сьцёпка,
Рэдка знойдзеш такіх, браце.
І яшчэ адзін урывак з гэтага верша:
Жыве, праве, шыкам пана:
Крупаў, сала мае многа,
Хлеб вядзецца ж у Сьцяпана
Круглы год, як у нікога.
А хлеб веяны, усё белы...
Эй, што там казаць далёка!
Шнур зямлі ён мае цэлы,
Значыць — поўная валока.
З усёй вёскай ён у згодзе:
"Кепска, кажа, жыці звадай".
Мы бачым селяніна ў дабрабыце і дастатку, які мае зямлю, харчы, актыўна дзеець у грамадзкім жыцьці вёскі, добрага мужа і мудрага гаспадара. Як дабіваецца такога становішча — асобнае пытаньне, але тое, што, у выніку, менавіта такое жыцьцё селяніна-гаспадара, асобы, было меркаю дабрабыту, ідэалам сялянскага жыцьця для Купалы, дзеля чаго і змагаліся беларускія пісьменьнікі-адраджэнцы, няма ніякага сумліву. Дарэчы, у хуткім часе на сваім зьезьдзе БСГ таксама адмовілася ад ідэі калектывізацыі зямлі.
"БУДУЧНАСЬЦЬ" У БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ ПАЧ. XX СТ.
Літаратура рэдка абыходзіцца без вылучэння пэрспэктываў у жыцьці народа, які даў ёй ход, бо гэта і яе пэрспэктывы. На дзіва маўклівай ў гэтым пляце была беларуская літаратура ў 70-я гады нашага стагодзьдзя. Нічога не сьвяціла наперадзе ні народу, ні ёй. А перад рэвалюцыяй? Уга! Усе толькі і чакалі пераменаў. Кожны ў нечым па-свойму, але ўсе глядзелі ў адзін бок. Аб'ектыўным пунктам адліку было становішча беларускага народа на той час. Чалавек складзены так, што заўсёды яму хочацца верыць у лепшую будучыну. А пісьменьнік і тым болей.
Беларускімі пісьменьнікамі разглядаліся розныя шляхі зьменаў грамадзка-палітычнай ды культурна-нацыянальнай сітуацыі ў краі. Купала, да прыкладу, адзначаў:
"Блудныя сьцежкі цёмнага жыцьця
Навукі сонцам мусім расьсвятляць...
Штандар свабоды хай вядзе усіх
У сьвет на бітву з цемрай і са злом..."
Ён працягваў у гэтым самым вершы:
Навукай, воляй зможам стогн бяды,
Засеем долю на роднай зямлі,
І зажывём шчасьліва мы тады,
Як прадзеды век нашы не жылі.
Усё даволі лягічна: адукацыя — гэтак званая "навука", ды воля вядуць народ непазьбежна да "долі". Я бы мовіў, што гэтыя аспэкты праблемы, вылучаныя Купалам, застаюцца нязьменнымі і сяньня. Купалам падкрэслівалася немагчымасць у прынцыпе быць шчаслівым у абняволеным, недэмакратычным грама дзтве:
Сумна, сумна жыць на сьвеце,
Жыць, ня меўшы долі;
Ой, сумней жа долю меці,
А ня меці волі!
Толькі воля дае права на шчасьце, сцьвярджае паэта:
Дык завабма ў нашы сеці
Ясназорку волю...
Аб нядолі тады Пеці
Ўжо ня будзем болей,
І так шчасьце будзем меці:
Воля будзе доляй!
Я.Колас гэтаксама абмалёўваў у сваіх вершах тую ненатуральную сітуацыю, якая склалася на той час ў грамадзтве: