Выбрать главу

Гаварыў ён...

Што так жыць нягожа,

Жыць і гнуцца прад багатым

Поўзаць чарвякамі,

Што даволі ўжо цярпелі

Доўгімі вякамі.

Я.Колас бачыў абавязковаю ўмоваю для зьменаў у грамадзтве шлях аб'яднаньня, сумесных дзеяў:

А каб справіцца з няпраўдай,

З крыўдаю, з бядою,

Дык націснуць трэба людзям

Дружнай грамадою...

Бачылі пісьменьнікі-адраджэнцы і мэту гэтых жаданых пераменаў, якія разумеліся імі як вынік грамадзкай дзейнасьці найперш. Лепшая доля дабываецца працаю ці заваёўваецца:

Выйдзем разам да работы,

Дружна станем, як сьцяна,

І прачнецца ад дрымоты

З намі наша страна!

- пісаў Я.Колас. Тое ж чытаем і ў Купалы:

Працай усё зможам, новы быт зложым,

Гора затопчам сільнай нагой,

Зможам нядолю, зможам няволю,

Сьветач запалім шчасьця свайго!

Будучнасьць у разуменьні беларускіх творцаў — гэта і канкрэтыка, зразумелая кожнаму селяніну-беларусу, так бы мовіць, праграма-мінімум. Найбольш поўна яе адбіў Я.Купала ў вершы "Чаго нам трэба":

Трэба нам, трэба перш-наперш хлеба,

Хлеба, каб стала на цэленькі год,

Дроўцаў палена, конікам сена,

Капейку якую сабе на зварот.

Трэба нам, трэба, як сонца з неба,

Лепшы, даўжэйшы зямелькі шнурок,

Сытай скацінкі, новай хацінкі,

Каб красаваўся пры хатцы садок.

Размова ідзе аб дастатак у беларускай сялянскай сям'і, яе забясьпечанасьць харчамі, і як аснова гэтага дастатку — наяўнасьць зямлі, гаспадаркі, жытла. Купала "папросту" піша пра нармальнае чалавечае жыцьцё для беларуса, якое выражаецца і ў тым, што ў сям'і павінны быць "боты на ногі, мультан жонцы на лепшы каптан". Далей згадваецца ім адукацыя. Беларусу трэба "Кніжак для дзетак, Трэба нам школы па вёсках прыдбаць". Затым — прававая дзяржава, што бараніла б інтарэсы грамадзянаў:

Жыць сьмела ў хатцы і не баяцца,

Каб не ганялі у воласьць, у стан.

Не забывае Купала паўсюдную медыцынскую дапамогу, дармовую для бедных:

Доктара трэба, шпіталь нам трэба,

Дарма лячыліся б дзе бедакі;

а таксама сацыяльнае забесьпячэньне:

З торбай жа ў старасьць каб не цягацца,

Трэба ўстроіць прытулак такі.

У гэтым вершы паэта выклаў цэлую праграму сацыяльных пераўтварэньняў, якія неабходныя, на ягоны пагляд, беларускай сялянскай грамадзе.

Купала малюе будучыну і бачыць там прававую дзяржаву, якая б вырашала ўсе пытаньні дэмакратычным шляхам, якая б гарантавала ўласную незалежнасць кожнаму:

На насадным месцы б селі

Права і закон,

Праўду вечную ўсе б мелі —

Вечавы свой звон...

Кожны сам сабе ад рана

Малаціў бы цэп.

У вершы "Змачу пёрка..." паэта таксама выказвае асноўныя моманты, якія ён жадаў бы бачыць у будучыне. Гэта і дэмакратычны лад і адукацыя і матэрыяльны дабрабыт народа:

Глянем, у адной з іх кучы

Прачытаем: "усе брацьці!"

У другой — гоман траскучы:

"Няма невукаў у хаце!"

А ўжо ў трэцяй дык свабоду

Бачыш вольную пад неба;

А ў чацьвёртай — "для народу

Досыць грошы, досыць хлеба!"

Асноўныя дэмакратычныя зьмены бачацца ў будучыне і Я.Коласу.У першы "На Новы год" Я.Колас хоча ўбачыць у гэтым новым годзе сацыяльны дабрабыт (Каб больш сьлёзы не ліліся, Каб не падаў чалавек), зьмену палітычнага ладу (Каб астрогу заперліся Ад людзей на вечны век... Каб са страхам не глядзелі на ўрадніцкі каўнер), свабоды слова (Каб казалі, што хацелі), перадзел зямлі (Каб пабольшала нам поля), дэмакратызацыю грамадзтва (Каб сьпявалі песьні волі).

Акрамя, так бы мовіць, набалелых, першасных задачаў, вырашэнне якіх бачылася нашым пісьменьнікам-адраджэнцам, яны імкнуліся зазірнуць і ў больш далёкую будучыну. Паспрабаваць зазірнуць самім дый іншых Падахвоціць. Гэтая будучына мроілася ім недастаткова выразнаю і акрэсьленаю. Купала, дапрыкладу, заклікаў да кардынальнай перабудовы грамадзтва, перагляду шляхоў ягонага разьвіцьця, пазбаўленьню ад злога і несправядлівага, маючы на ўвэце гуманныя асновы ў будучыне новага грамадзтва: