Сьцены зробім чыста, гладка,
Як с крышталю, столь як шкло,
Скажуць людзі: "вось дык хатка!
Роўнай ў сьвеці ні было!"
Наіўная і па-мастацку зьдзіўляючая карціна жыцьця людзей у гэтай паўказачнай будучыне:
Будзем есьць ў гэнай хаці
Смачны, чысты, пульхны хлеб.
Мары, мары... Шлях у будучыну аказаўся далёка не такім светлым, як яго ўяўлялі нашыя пісьменьнікі-адраджэнцы. Магчыма таму, што не яны і ня іхнія аднадумцы аказаліся мулярамі адвечнае чалавечае мары — імкненьня да справядлівага грамадзтва.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ І БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА НА ПАЧАТКУ XX СТАГОДЗЬДЗЯ
Этнічная сьвядомасьць нацыі — магутная сіла ў грамадзкіх адносінах, дзякуючы якой беларусы захаваліся як этна-культурная супольнасьць у цяжкія часы існаваньня нацыі ад 17-га да 19-га стагодзьдзя. Але рух па інэрцыі, зададзены незалежнасцю беларускае дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага ў сярэднявеччы, росквітам у ёй беларускай культуры, паступова замаруджваўся, і без сьведамага падмацавання непазьбежна прывёў бы да развалу і дэградацыі беларусаў.
Адраджэнчыя працэсы, накіраваныя на захаванне нацыянальнае сьведамасьці беларусаў, што пачаліся на Беларусі ў 19 ст. разам з эпохаю асветніцтва, здолелі сфармавацца ў рэальны рух толькі на пачатку XX ст. Умоўнаю мяжою гэтага руху для мяне ёсьць кніжачкі Францішка Багушэвіча.
І вось хутка ўжо як сто гадоў адное пакаленьне сьведамых беларусаў замяняецца другім, вырашаючы галоўную задачу свайго жыцьця — даводзячы народу думку пра тое, што ён не горшы ад астатніх і мае гэткае ж права на існаваньне.
Незалежнасьць у гэтым выпадку — найбольш гарантаваная форма жыцьця для кожнае нацыі. Асабліва для беларусаў, заціснутых як паміж молатам і кавадлам, паміж дзвюма вялізнымі і агрэсіўнымі нацыямі — расейцамі і палякамі.
Беларускі нацыянальны рух няўхільна прыйшоў да гэтае ідэі і голасна абвясьціў яе пад час першае сусьветнае вайны і з тае пары шчодра абмыў яе ахвярнік крывёю дзесяткаў тысяч сваіх дачок і сыноў.
Мы маем за сабою амаль стогадовую гісторыю змаганьня за беларускую душу і адчуваем сябе досыць упэўнена на гэтым грунце. А з чаго ж пачыналі яны, нашыя папярэднікі — адраджэнцы? Людзі, якія выспелілі ідэю вартаснасьці беларускае нацыі і безаглядна паверылі ў беларускі шлях?
Задачы перад беларускімі адраджэнцамі стаялі іншыя ад цяперашніх. Ім прыходзілася пачынаць ледзь не з нуля, адно, маючы за сабой вялізны людзкі беларускі масіў. Закранем толькі некаторыя аспэкты, што разглядаліся ў мастацкіх творах беларускімі паэтамі на пачатку XX ст.
Вызначэнне этнасу і дасюль ідзе ў асноўным у рэчышчы: мы — яны. Калі ёсьць гэтая мяжа, значыць ёсьць і этнас. Сцьвярджэньне нацыі складаецца ў вылучэнні нацыянальных кампанентаў са стану няпэўнасці. Таму даволі часта самабытнасць беларускага народу, яго адрозьненьні ад суседніх народаў у гісторыі, культуры, мове, палітычным і нацыянальным жыцьці вызначаліся пісьменьнікамі-адраджэнцамі шляхам супастаўленьня з іншымі народамі, звычайна суседзямі, якія мелі найбольш адмоўны ўплыў на разьвіцьцё нацыянальнай самабытнасці беларусаў — расейцамі і палякамі.
Фармаванне нацыянальнага "я" ў вялікай ступені залежыць ад таго, наколькі гэтае "я" вылучаецца ня толькі аб'ектыўна, з прычыны сваёй самаіснасьці, але й суб'ектыўна, для кожнага прадстаўніка нацыі асобна. Адным словам, мала таго, што ты з пэўнага роду. Але ці разумееш ты гэта, і ці збіраесься адстойваць сваю прыналежнасць да гэтага роду, да ягонае мовы, культуры, звычаяў? Ці зьбіраесься перадаваць памяць рода сваім дзецям? Тое ж тычыцца і беларусаў у прыватнасці.
Купала накмячае асноўныя пастуляты, якія дазваляюць быць беларусу гаспадаром на сваёй зямлі, аб'ядноўваюць яго ў народ, нацыю:
Маю родну мову, край, -
Кажуць мне так людзі, -
Толькі выпрастайся, знай,
А твой верх тут будзе!
У той час як беларуская патрыятычна ўзгадаваная інтэлігенцыя імкнулася замацаваць адрозныя нацыянальныя рысы ў сьвядомасьці беларуса, вывесці яго са становішча непаўнавартаснага, прамежкавага, "тутэйшага", польскімі і расейскімі шавіністычнымі коламі вялася вайна за. беларускую душу і грунтавалася яна найперш на канфэсыйнай прыналежнасьці, на формуле: каталік — паляк, праваслаўны — расеец.
Беларуская ж інтэлігенцыя сфармулявала сваю асноўную тэзу гэткім чынам: свой — чужы.
Акрамя нацыянальнага падтэксту (свае — тыя, хто гавораць, жывуць гэтак як і мы), гэты падзел супаў і з падзелам сацыяльным, маёмасным. Свае — тыя, хто працуе гэтак як я, як правіла, на зямлі, ці з гэтага роду. Чужыя — паны-палякі, расейская адміністрацыя. Пра гэбраяў з-за іхняй вялікай нацыянальнай адрознасці нат' і не вялося гаворкі. І так зразумела, што не свае.