Найбольш небяспечнымі ў асіміляцыйным пляце былі свае браты-славяне. І менавіта да іх зьвяртаецца Я.Купала, як да чужых:
Загаманілі, зашыпелі
Вось так, па-своему "вовсю"...
Няварта гэтак распінацца,
Мае шмялькі, ў чужым вульлі.
Зацесна вам у нашай хатцы —
Гайда! туды, адкуль прыйшлі!...
Як трутні, ласыя на соты,
Вы к нам прыйшлі ў гадзіну бед;
Чуць толькі сталі да работы,
А груганам гатоў абед.
Пафас гэтага верша Купалы накіраваны супраць расейскай шавіністычнай бюракратыі, якая навалілася на Беларусь пасьля яе анэксыі ў канцы 18 ст. Асабліва ўзмоцніўся працэс русіфікацыі пасьля паўстаньня 1863 года. Менавіта гэтыя вехі, як нам здаецца, меў на ўвэце Купала пад "гадзінай бед". Зразумелая задача прышлай навалы:
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
Народным дабром, як сваім...
зразумелыя для паэты таксама іхныя маральныя, палітычныя ўстаноўкі:
Цямніц і вісельняў асновы,
Слугі нагайкі і штыха,
Сумленьне, край прадаць гатовы
За бліск нагруднага значка.
Купала даволі выразна выказвае свае адносіны да "апекуноў" беларускага народа, мяркуючы аб верагоднасьць непадлеглага жыцьця для беларусаў, падводзячы чытача да вызваленчых, незалежніцкіх задач адраджэнчага руху. Паэта крытычна ацэньвае час уваходжаньня Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі:
Што вы прынесьлі? Што?
Загляньце
Да беларуса сумных хат...
З тых самых лык пляце ён лапці,
Якія плёў сто год назад.
Нічога не зьмянілася ў жыцьці карэннага народа гэтай зямлі — беларусаў. Лягічны працяг — які ж сэнс беларусам уваходзіць у склад гэтай "турмы народаў"? У канцы верша Купала выказвае ўпэўненасць у перамозе "праўды", у тым, што беларускі народ стане гаспадаром на сваёй зямлі. Паэта не імкнецца дакладна прадказаць будучыну — у якой канкрэтнай форме ён бачыць волю для Беларусі — фэдэрацыі, аўтаноміі ці поўнай незалежнасьці, але ён упэўнены ў канцовым станоўчым выніку барацьбы:
Не вам, не вам! гасіць паходні,
Што распаліў жывы народ!
І праўда возьме верх нязводне:
Такі ўжо сонца вечны ход.
Паэта не сумляваецца ў аб'ектыўнасці і непазьбежнасьці разьвіцьця адраджэнчага руху, які імкнуўся да найбольш дасканалага нацыянальна-дзяржаўнага ўладкаваньня, якое заключалася ў супадзеньні нацыянальных і дзяржаўных межаў.
У нялёгкім працэсе нацыянальнага ўсведамлення заўсёды значнае мейсца займае імкненьне зразумець і адчуць папярэдні шлях народа, г.зв. беларускі шлях. Што прывяло беларусаў да цяперашняга стану? Якім ён быў, гэты шлях? Купалу ён бачыўся такім:
Шмат лет не ручыла нам доля...
Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі,
Ня раз падцікалася з думкай,
Што мы ўжо — ня мы і ня людзі.
"Чужыншчына" — шматгадовая чужая ўлада, чужыя парадкі, канстатуе Купала, прывялі да драматычнага становішча беларускі народ. У беларускіх адраджэнцаў быў дакладны гістарычны арыентыр, ад якога пачаўся шматвекавы ўпадак беларускага народа — "залаты век". Беларусам ёсьць чым ганарыцца, але зноў жа:
Простая нашых прадзедаў слава,
Хоць апаганена мудрым чужынцам;
Алесь Гарун гэтак паказваў гістарычны шлях разьвіцьця беларусаў:
У старьшу Беларус, ні падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка ў сьвеці быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.
У час "нядолі" на гістарычным шляху беларускі народ перастракаюць "чужынцы": у 17—18 ст. — палякі, у 19-20 — расейцы. А.Гарун паказвае поўнае непрыйманьне такіх "гасцей", рэзка адмоўна ацэньваючы іхнюю прысутнасць "у сялянскай аграбленай хаце":
Хто хацеў, той і сьмеў рабаваці,
Без прыпросу з'ежджаліся госьці -