Годзе нам есьці аб'едкі і косьці,
Злыбедзе ўсякай паклоны дарыць!
Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць!
Заклік Купалы да самастойнасьці тычыліся ня толькі культуры. Дзесяткі і сотні тысяч беларусаў жылі палітычным, эканамічным жыцьцём іншых народаў, найперш сваіх магутных суседзяў, не прыносячы карысьці свайму краю:
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.
Купала яшчэ і яшчэ раз апісвае карціну пагібелі беларускіх сыноў для славы "чужынцаў":
Белы косьці, што гублялі
Беларускія сыны,
Што сабе кавалі путы,
Ў бітвах мручы за другіх...
З асаблівым трагізмам гэтыя матывы загучаць ў Купалы у часы грамадзянскай вайны, калі зноўку беларусы паміралі за гонар і славу іншых народаў, дапамагаючы "чужынцам" палавініць сваю Бацькаўшчыну. Паэта паўставаў супраць гэтага:
Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць
Дзецьмі, багацьцем радзімай зямлі!
Ды ў якія ж часы ў нас слухалі паэтаў?
Апісваючы стан беларускага адраджэньня, Купала часта супрацьпастаўляе "маладой Беларусі" — "чужынцаў", скіраваных супраць яе. У вершы "Маладая Беларусь" Купала піша:
Дарма хэўры чужынцаў мяне застаўляюць
Пакланяціся ім, прадаюць і купляюць
І апекай сваёй зьневажаюць мяне...
У гэтых пярэчаньнях у Купалы назіраюцца матывы пратэсту, нязгоды з існуючым парадкам нацыянальнага прыгнёту:
Здушылі мне голас на родных на нівах;
Крыж цяжкі упадку з народам нясла,
І думаў чужынец, што я ўжо няжыва.
Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!
Купала ацэньвае моц нацыі і упэўненасьцю глядзіць у будучыну:
Нас восем мільёнаў! — эх! бі нам паклоны,
Чужнік ўсяк, прыліпшы да нашай зямлі!
Пакуль што гэта толькі ўяўляемая ім, патэнцыяльна магчымая зьверхнасьць, якая, па ягоным перакананні, хутка пераўтварыцца ў рэальную, сьведамую нацыянальную сілу, што стане вызначальнаю ў краі.
Але адначасна з такімі аптымістычнымі прароцтвамі мы бачым створаныя паэтам малюнкі, поўныя крыўды, зьнявагі і пагарды да свайго народа. Яны былі часткова гіпербалізаваныя Купалам (паэт часта выкарыстоўваў гэты псыхалягічны прыём — адчуванне прорвы, давядзеньне становішча да канцовага пункту прымушае супраціўляцца, абурацца, падпіхвае да дзеяў, абуджае пакрыўджаны гонар), але ж у цэлым несьлі суровую, балючую праўду:
Ці ж нас такое з роду ўжо пракляцьце
Зачаравала чарамі сваімі,
Што мусім мы пад вокнамі стагнаці,
Губляці пад крыжамі сваё імя,
Й не знаючы век бацькаўшчыны-маці,
У ёрмах валачыцца між чужымі?..
Дзе-нідзе Купала называе гэтых "чужынцаў", якія, на яго думку, узьдзелі ярмо на беларусаў, аднялі імя і айчыну. У вершы "Папросту" Купала абмалёўвае маральнае аблічча беларускага народа:
Простым мы словам з сьветам гаворым,
Песьні аб цяжкай творым нягодзе,
З думкамі рвёмся к сонцу і зорам.
Рвёмся к свабодзе.
Паэта пералічвае лепшыя рысы ў характары беларускага народа, адзначаючы прастату, дэмакратызм, вернасьць роднай зямлі.
Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы
Кожны к нам прэцца.
- з годнасьцю гаворыць Купала. Характар беларуса ў вершы вылучаецца менавіта гэтай напоўненасьцю ўнутранай годнасьцю, цьвёрдасьцю і перакананасцю. Выказваючы асноўнае, на думку Купалы, жаданне беларусаў: "Каб стаць раўнёю, славай і сілай іншым народам", паэта называе асноўныя сілы, што перашкаджаюць гэтаму:
Проста жывём мы, як доля лучыць,
І крывадушыць не прабавалі...
Просім папросту: кіньце нас мучыць,
Ляхі, маскалі!
Вось так. Кропкі над "і" расстаўленыя. Рэчы названыя сваімі імёнамі. Пры веданьні хваробы трэба думаць, як яе вылечыць. Верш гэты доўгі час не друкаваўся. Мабыць, ня ўсім падабаліся "папросту" сфармуляваныя Купалам высновы.