Выбрать главу

Зразумела, пад "ляхамі" ды "маскалямі" купала меў на ўвеце найперш тую частку гэтых народаў, якая прыймала найбольш інтэнсіўны ўдзел у калянізацыі Беларусі і асіміляцыі беларусаў, хаця, зноў жа, пэўне, што адказнасьць за дзеі часткі нацыі кладзецца на ўсю нацыю, бо, уважліва разглядаючы такія катэгорыі як нацыянальная псыхалёгія, нацыянальны характар, звычаі, урэшце рэшт спамеры нацыі, можна прыйсці да высновы, што яны таксама ўплываюць на палітыку экспансіі, калянізацыі, якую сьведама праводзяць ідэалягічныя і палітычныя колы гэтае нацыі.

У гэтай "простай" прозьбе Купалы мы таксама бачым ягонае жаданьне ўбачыць беларусаў вольнымі ды незалежнымі. Нашыя меркаванні пацьвярджаюцца больш выразным супрацьпастаўленьнем Купалам свайго героя-барацьбіта расейскаму, царскаму самаўладзтву, паказанага паэтам праз непрыемны, мабыць, для кожнага расейца вобраз "прыблуды з-пад Нявы крывавай"...

Рэзкім процістаяньнем беларуса і "апекуноў" вылучаецца верш Купалы "Ворагам беларушчыны". Таксама гэтай тэме прысвечаны сатырычны верш Купалы "Усе саюзы", дзе паэта крытыкуе русафільскія саюзы на Беларусі — "Крестьянин" і "Белорусское общество":

Усе саюзы ў беларусаў,

Ўсё апекуны, —

А бадай жа на іх немач!

Адкуль жа яны?!

Нягледзячы на тое, што новаўтвораныя таварыствы іменаваліся "беларускімі", Купала скептычна ацэньвае іхнюю беларускасьць, падкрэсліваючы іхнюю чарнасоценную, "истинно русскую" пазыцыю:

Саланевіч ды з кампаняй

Сцапаў гэту мысьль,

А ўсё "истинным" там духам

Сьмярдзіць, знай, дзяржыся

У верш трапіў і шырока вядомы кіраўнік "истинно русского" народа на Беларусі, рэдактар шавіністычнай газэты "Северо-Западная жизнь" Саланевіч, з якім беларуская публіцыстыка вяла жорсткую барацьбу на старонках "Нашае Нівы". У нацыянальным пытаньні "Саланевіч і кампаня" прытрымліваліся афіцыйнае вэрсыі, уважаючы Беларусь за "Северо-Западный край", а беларусаў за этнаграфічнае расейскае племя. Такая арыентацыя адразу ж ставіла пад пытаньне карысць ад іхняй дзейнасці, незалежна ад таго, што таварыства і менавалася Беларускім. Пра гэта адкрыта піша Купала:

Ох, паможа саюз гэткі

Беларусі нашай,

Як "Крестьянин", як знаёмы

У хваробе кашаль.

У байцы "Лякарства" Купала апісвае сцэнку з міжнацыянальных адносінаў: счапіліся беларус з палякам, у выніку выйграе "цень мураўёва" — расейскае самаўладзьдзе. Гісторыя ў нечым паўтараецца і зараз, калі спрабуюць пасварыць літоўцаў з беларусамі і зноў выйграе ад гэтага "цень мураўёва" ў новым абліччы — расейская савецкая імпэрыя. Перад агульнай небясьпекаю ўсе ўнутраныя звады павінны адыйсьці на задні плян, сьцьвярджае Купала:

Чытач, ты толькі не пужайся:

Літвін і Лях, жывым застаўся,

Яшчэ дазналісь, што ў нягодзе

Вада халодная ня шкодзе.

Такой халоднаю вадою для беларусаў і Палякоў была царская каланіяльная палітыка на ўскраінах Расеі, як і зараз для беларусаў і літоўцаў — палітыка цэнтра, Масквы.

Разьмежаваньне — "свае — чужыя" ў Купалы не заўсёды мела экспрэсіўную афарбоўку. "Чужыя" у паэты не заўсёды ворагі. Часам гэтае азначэнне нэйтральнае і падае толькі адное, што гэта — не беларусы. У вершы "Памяці Палуяна" Купала пісаў пра яго:

Шукаў ўсё праўды між чужымі і сваймі.

"Чужыя" тут азначаюць Украіну ды ўкраінцаў, сярод якіх некаторы час жыў Палуян і ня маюць адмоўнае сэнсавае афарбоўкі.

У любым выпадку, які б сэнс Купала ні ўкладаў ў азначэньне "чужы", процістаўленьне беларусаў іншым народам, вылучэньне іх сярод іншых, спрыяла этнічнай кансалідацыі беларусаў, росту нацыянальнай сьведамасьці.

МІНУЎШЧЫНА НАШАГА КРАЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ ПАЧАТКУ XX СТАГОДЗЬДЗЯ.

Перад маладой беларускай інтэлігенцыяй, якая на пачатку XX стагодзьдзя сфармавалася ў выразную нацыянальную адраджэнчую плынь, непазбежна паўставала задача адраджэньня гістарычнай самасвядомасьці беларусаў. У значнай ступені гэтая праца была зробленая беларускімі пісьменьнікамі, якія складалі арганічную частку беларускага адраджэнчага руху і прыймалі чынны ўдзел у палітычнай ды ідэалягічнай барадзьбе на Беларусі.

Зварот да гісторыі народа — абавязковы этап у адраджэнні і станаўленьні ўсялякай нацыі. Не абмінуў гэты працэс і беларусаў. Янка Купала ў вершы "Маладая Беларусь", пералічаючы набыткі "маладой Беларусі", беларускага адраджэнчага руху, адзначаў між іншым: "узьнімаеш мінуўшчыну даўнюю". Без асэнсаваньня перажытага цяжка арыентавацца ў сучасных падзеях, ісьці праўдзівым шляхам і тым больш зазіраць у будучыну, упэўнены паэт. Купала зьвяртаўся да сваіх сучаснікаў: