Зайдзі на магілкі з крыжамі
І насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках ня кінула жыць;
Сягоньняшні дзень паймі добра,
Што ўсьлед нашай долі бяжыць...
Балазе, у нашай гісторыі ёсць што згадваць, асэнсоўваць, параўноўваць з рэчаіснасцю і рабіць адпаведныя высновы.
Адзін з асноўных матываў, які гучаў у вершах паэтаў-адраджэнцаў, было апяваньне магутнасьці беларускага народа, яго вольнасьці і дзяржаўнай незалежнасьці ў сярэднявеччы. Нашая мінуўшчына давала поўнае маральнае, гістарычнае, юрыдычнае права беларускаму народу дабівацца аднаўленьня былых набыткаў ва ўмовах новае палітычнае сітуацыі.
У сваіх пошуках, закладаючы супольна з палітыкамі падваліны нацыянальнае ідэалёгіі, беларускія паэты абапіраліся на гістарычныя працы і погляды вядомых прагрэсіўных беларускіх гісторыкаў: М.Доўнар-Запольскага, В.Ластоўскага, Е.Раманава, Я.Карскага ды інш.
Сьцісла погляды беларускіх гісторыкаў на сярэдневяковую гісторыю Беларусі можна выкласці наступным чынам: дзяржаўнасьць на Беларусі ўзьнікла ў XІ ст. адначасна з утварэньнем раньнебеларускіх дзяржаўных аб'яднанняў, насамперш Полацкага, а таксама Смаленскага, Тураўскага ды іншых княстваў. Дарэчы, гэткай жа думкі на першапачатковую дзяржаўнасьць Беларусі прытрымліваюцца і сучасныя прагрэсіўныя гісторыкі, у прыватнасці М.Ермаловіч і Г.Штыхаў.
Наступны важны момант: аб'яднаньне беларускіх земляў у Вялікім княстве Літоўскім не выклікала страты беларускім народам сваіх палітычных, культурных, эканамічных правоў, а наадварот спрыяла яго кансалідацыі, росквіту беларускай культуры, навукі, мастацтва, узроўня прававой, дзяржаўнай сістэмы, аб чым сведчыць статут дзяржаўнасьці беларускай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім, выданне "Бібліі" Францішкам Скарынам, "Статута Вялікага княства Літоўскага", посьпехі ў зьнешне-палітычным ды ўнутраным жыцьці дзяржавы, урэшце, адсутнасьць вялікіх сацыяльных узрушаньняў, што падкрэслівала стабільнасьць сітуацыі ў краіне. Адным словам, тое, што ўвабрала ў сябе ёмкая метафара — "залаты век".
Усё гэта ў сканцэнтраваным выглядзе выяўлялася ў творчасьці беларускіх паэтаў-адраджэнцаў. Часам — як толькі згадкі пра мінулую гучную славу беларусаў. Купала, у прыватнасці, просіць песьняра запяяць
Аб той славе небывалай
Нашае зямлі,
Дзе мы долю пахавалі,
Скуль бяду ўзялі;
Паэт адначасна з крыўдаю і гонарам сьцьвярджае: Простая нашых прадзедаў слава, Хоць апаганена мудрым чужынцам;
Гаворачы з "братам-беларусам", Купала мянуе гісторыю беларусаў "Дзіўнай аповесьцю мінуўшай славы і жыцьця". Карусь Каганец, які надаваў вялікае значэньне выяўленьню мінулага Беларусі ў сваёй творчасьці, праводзіць паралель між хуткаплыннасцю гісторыі народа і Нёманам, што сваёю няспыннасцю сымбалізуе хаду часу:
Ой, многа ж яна (рака — А.Б.)
З сабой унясла
Нашага шчасьця, славы і гора.
Для Купалы гісторыя свайго краю зьяўляецца неад'емнай часткаю ў працэсе асэнсаваньня сьвету, адной з істотных тэмаў яго творчасьці:
Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,
Не аб славе забытага краю,
Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,
Гэту песьню сягоньня складаю.
Амаль заўсёды, і ў вышэй цытаваных вершах і ў наступных, дзе размова заходзіць аб мінуўшчыне, творцы імкнуліся правесьці кантрасную мяжу між тым, што было і тым, да чаго прайшла, ці больш дакладна, да чаго прывялі беларускую нацыю. Славутая мінуўшчына і занядбаная сучаснасць паўсюдна ставяцца імі побач:
Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.
Гераізаваная, рамантызаваная мінуўшчына і цяжкі стан народнага жыцьця ў сучаснасьці, натуральна, вымушалі думаць пра неўладкаванасьць цяперашняга становішча, штурхалі да пошукаў выйсьця зь яго, спрыялі знікненьню комплекса нацыянальнай нявартаснасьці, скіроўвалі думку да ідэальных арыентыраў у палітычным развіцьці беларускага народа.