Канстанцыя Буйла, паэтка, грамадзка-палітычныя погляды якой былі цалкам адпаведныя канцэпцыі гістарычнага, культурнага развіцьця беларускай нацыі, выпрацаванай у грамадаўскіх, нашаніўскіх колах, пісала:
Мы ім песьню спяём, песьню зычну, як гром;
Ў ёй раскажам аб нашым народзе.
Ў ёй пець будзем аб тым, што было, ды, як дым,
Расплылося у віхравай хвалі, —
Тую славу-пачот, якой слыў наш народ,
Ды ўсё злыдні яму падрывалі...
Як забыўся пеяць, ўмее толькі стагнаць;
Песні болем яго налітые.
Хай жэ зычны наш спеў ўспомне ўраз, неўспадзеў
Яму прошласці дні залатые
Гістарычная канцэпцыя развіцьця беларускага народа тут дастаткова выразная: славутае мінулае беларусаў, іхнія "дні залатыя"; чужынцы, якія спынілі далейшае развіцьцё і, як вынік — цяжкая рэчаіснасць. Канстанцыя Буйла бачыць задачу сваёй "песьні" ў прабуджэньні гістарычнай свядомасці беларускага народа, у тым, каб нагадаць яму пра мінулае, калі, у прыватнасці, беларус
Мовы дзедаў, бацькоў для гаворкі паноў
Не чураўся ў хацінцэ айчыстай.
Гэтыя ж мэты ставілі перад сабой і іншыя паэты-адраджэнцы. Паралель між тым, што мелі беларусы ў мінулым і сёньняшнім падаецца, часам, лаканічна, жорстка, з горыччу і злосьцю на свой народ, як, да прыкладу, у Купалы:
Глядзіце: прадзедавы косьці
У зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Праклацьцем сталі той зямлі...
Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю
Купала папракае беларусаў, якія не здолелі адбараніць палітычныя, культурныя дасягненьні сваіх продкаў. У мінулым паэт знаходзіць тыя агульнанацыянальныя каштоўнасьці, якія марыць убачыць узноўленымі ў сёньняшнім дні. Ім не аднойчы падкрэслівалася дэмакратычнае уладкаванне беларускай сярэдневяковай дзяржавы, што цалкам супадала з паглядамі беларускіх гісторыкаў. Так, М.Доўнар-Запольскі у "Асновах дзяржаўнасьці Беларусі" адзначаў: "Панаваўшый у Літоўска-беларускім гаспадарстве дзяржаўны лад — гэта лад рэспубліканскі з выбарным дажывотна прэзыдэнтам, каторы называўся вялікім князям".
Як адзін з дэмакратычных інстытутаў кіравання ў беларускай дзяржаве Купала згадвае веча — агульнанародны заканадаўчы сход:
Бай яму даўнейшы казкі,
Ад бацькоў сваёй зямлі...
Як на веча сход ззывалі
І тварылі свой закон.
У вершы "З мінуўшых дзён" паэт шкадуе пра заняпад дэмакратычных традыцый:
"Не гудзе ў павазе
Голас вечавы."
У час расійскай унітарнай дзяржавы пачатку XX ст. свядомая арыентацыя на рэспубліканскі лад старой Беларусі мела на ўвеце магчымасць і пажаданасьць адраджэньня мінулых правоў беларускага народу, што недвухсэнсоўна падкрэсьлівалася Купалам:
Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў —
Слухаў, што веча яму звон казаў.
Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзіны звон...
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адзавецца калі болей ён?..
Вечавы звон у Купалы — сымболь народаўладзьдзя. Безумоўна, гэта паэтычны вобраз і адраджэньне яго для паэта — у першую чаргу ўзнаўленьне дэмакратычнага кіраваньня на Беларусі.
Народам жывучым у дэмакратычнай, прававой дзяржаве бачыліся беларусы і Андрэю Зязюлю, цікаваму, прызабытаму з ідэалягічных прычынаў беларускаму паэту-ксяндзу:
Меў князёў на загады,
Веча сходку на рады.
Іх суд мудры і правы
Вёў краёвыя справы
Бяз супрэчак і звалак.
Панаваў скрось парадак.
У супрацьвагу прыгнечанаму і бяспраўнаму становішчу беларускага народа на пачатку XX стагодзьдзя, паэты-адраджэнцы апявалі ягоную волю ды незалежнасць у сярэднявеччы, што не разыходзілася зь меркаваннямі тагачасных гісторыкаў. М.Доўнар-Запольскі адзначаў: "Найдаўнейшыя часы гісторыі Беларусі адзначаны панаваннем дэмакратычных ідэй у грамадзкім і гаспадарскім ладзе, найвышэйшая ўласць прыналежыць вечу, або народнаму сходу". Усё спазнаецца ў параўнанні. Побач істнавала аўтарытарнае, нецярплівае да іншадумства Маскоўскае княства. Апроч усяго, як мы ўжо адзначалі, незалежная Беларусь была палітычным ідэалам, лягічным вынікам і мэтаю нацыянальна-вызваленчай барадзьбы, якую вялі лепшыя сілы беларускай нацыі.