Купала піша аб "войску Усяслава", полацкага князя, якое хадзіла
На той бой крывавы
За свой край, народ,
супрацьпастаўляючы яму новыя часіны, калі
Загасьціў лад новы,
Ды ня той, ня свой.
Жыцьцё беларусаў у вольнай сярэднявечнай дзяржаве паказвае паэт у вершы "Над Нёманам":
Край, дзе жыцыдё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшыя баіў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цвет.
Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшнай была.
Пакам быў дома і слаўным за домам
Мой патаптаны сягодня народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, -
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
Купала падкрэсьлівае вольнасьць беларусаў у мінулым:
З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Незалежны палітычна народ ня толькі "панам быў дома", але й "слаўны за домам", што адпавядае гістарычнай рэчаіснасці. Вялікае княства Літоўскае ў 14-15 стагодзьдзях было адным з найуплывовых дзяржаў у Эўропе. Адзначае Купала і прыярытэт нашых продкаў у кнігадрукаваньні на роднай мове, што, на яго думку, сведчыла пра высокае развіцьцё культуры ў старажытнай беларуска-літоўскай дзяржаве.
Пісаў пра веліч старой беларускай дзяржавы і Карусь Каганец:
І мы самі ўжо не сьцямім,
Чым Беларусь была:
Што багата колісь была,
Між народаў слаўна,
Што навукай колісь слыла,
Вайной была спраўна.
Мінуўшчына свайго краю была для паэтаў-адраджэнцаў крыніцай нацыянальнага гонару. Спаважна і з годнасьцю апавядаў Алесь Гарун:
У старыну Беларус, ні падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка ў свеці быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.
Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адыйшла, адцвіла, закацілась
Ён згадвае магутнасьць і багацьце нашага краю, ролю і значэньне Вялікага княства Літоўскага ў гісторыі ўсяе Еўропы:
Меў вялікія клейноды,
Быў і моцны і багаты, —
Задзіўляліся народы —
А дазнаўся горкай страты.
Андрэй Зязюля, які ў сваёй паэме "Слова праўды" выклаў, па-сутнасьці, кароткую гісторыю Беларусі на працягу стагодзьдзяў, так апісвае гэты пэрыяд:
Але згодна і міла
Сталі жыць два народы.
Іх князі дзеля ўгоды
Нашу мову зрабілі
Дворскай, ёй гаварылі,
У ёй уставы пісалі
суды адбывалі.
Слаўны Статут Літоўскі
І паргамін князеўскі
Аж да гэтуль ёсць сведкам,
Як было нашым прэдкам.
Як мы бачым, пытаньня пра існаванне "залатога веку" для нашых паэтаў-адраджэнцаў не было. Яны сьледам, а часам і разам з прагрэсіўнымі беларускімі гісторыкамі, ня толькі пагаджаліся з існаваннем дзяржаўнасці, незалежнасці ды магутнасці беларусаў, выражэнне чаго бачылі ў такіх палітычных утварэньнях як Полацкае княства ды Вялікае княства Літоўскае, у высокім узроўні культуры сярэдневяковай Беларусі, але й прапагандавалі гэтую ідэю, знаходзілі ў ёй гістарычнае абгрунтаваньне дэмакратычнага, незалежнага ладу будучай Беларусі, выхоўвалі моладзь (прыкладам, вышэйзгаданая паэма А.Зязюлі "Слова праўды" мае падзагаловак: "Пасвячаю беларускай моладзі") і наступныя пакаленні з мэтаю вяртаньня тых перавагаў у палітычным, дзяржаўным, культурным жыцьці, якімі валодалі нашыя продкі.
Асэнсаваньне сваёй мінуўшчыны, як мы ўжо заўважалі раней, неабходная ўмова ў вызначэнні далейшага накірунку развіцьця нацыі. У мінулым творцы бачылі не толькі далёкія часіны волі й незалежнасці, але і зьмяніўшыя іх стагодзьдзі прыгнёту, які цягнуўся да апошніх часоў. У вершы "Сон" Янка Купала бы ў сьне назірае за драматычнымі падзеямі ў сваім краі: