Узьнясеш нездабыты пасад,
маючы на ўвеце і пераемнасьць пакаленняў у дасягненні адзінай мэты і гістарычную спадчыну, без уліку якой немагчымы прагрэс нацыі.
Занядбаньне мінуўшчыны, гістарычная няпамяць у Купалы знаходзіць выяўленне ў вобразе разбурэння селянінам-беларусам кургана. Характэрызуючы беларуса як нацыянальны тып, Купала піша:
Устане ж, пойдзе полем, логам,
Будзе дыхту, будзе:
Пачапаў тупым нарогам
Кургановы грудзі.
Гэта не сьвядомае разбурэньне, а правалы ў гістарычнай памяці народа, гістарычнае калецтва, выкліканае шматвекавым прыгнётам:
Араты ўсход нясе адлогам:
Курган чапаючы нарогам,
Ня ўспомніць прадзедавай песьні
Гісторыя ў Купалы вымяраецца і больш сціслым пэрыядам — адрэзак часу, які ў стане абхапіць памяць патрыярхальнай сям'і. Гэта прыкладна — сто гадоў — жыцьцё бацькі, дзеда, прадзеда. У вершы "Ліпа" Купала спрабуе акрэсьліць гэтых сто год, якія пражыла ліпа:
Сто лет — кавалак часу,
Не сто дней, не сто тыдняў,
Якіх зайшло праменаў,
Збадаці ўсё абрыдне.
Няшчасцяў, кляцьбы, плачу
Было, што Божа мілы!
Нябожчыкаў бяз ліку
Сыходзіла ў магілу.
Сто апошніх год для Купалы — час уваходжаньня беларускага народу ў Расійскую імпэрыю, што не палепшыла ягонае жыцьцё. Да духоўнага прыгнёту Палякоў дадаўся яшчэ расейскі прыгнёт, што адзначае і Андрэй Зязюля:
У падвойнай няволі
Жывучы, лепшай долі
Доўга, доўга чакалі
У жыцьці мутнай хвалі.
Менавіта таму ўва ўсіх без выключэння выпадках, гэты час у Купалы афарбаваны ў песімістычныя, змрочныя таны:
Ідзі ў двор і там пану служы,
Як служыў і твой бацька, і дзед,
— піша ён, азіраючыся ў нядаўняе мінулае. Думаючы пра будучыну, марачы пра лепшае жыцыдё, Купала праводзіць мяжу між марамі і мінулым, чым яшчэ болей адцяняе мінуўшчыну:
І зажывём шчасьліва мы тады,
Як прадзеды век нашы не жылі.
Заслугоўваюць увагі, як своеасаблівыя замалёўкі, што дакладна перадаюць калярыт эпохі былой велічы, вершы Купалы "Замчышча" і "Запушчаны палап". Цяпер занядбаньне ды разбурэньне абхапілі гэтыя "памяткі дзён":
Спавіты няпамяці мглою
Руіны замчышча ляжаць;
Муры зарасьліся лазою,
Навокал балотная гаць.
Палац, "роскашы і працы многіх рук" заняпаў, як заняпала гісторыя, цяперашні дзень некалі вялікага краю. Яго ўладальнік, "кволы гаспадар", не памятае павучальнае велічы Зыгмунта, аднаго з Вялікіх князёў у сярэднявеччы, і, у выніку, усё плесьнявее, "зніштажэньне ў кожан гзымс паўзе і кут".
Шырока выкарыстоўваючы гістарычныя матывы ў сваіх творах, беларускія паэты-адраджэнцы не маглі пакінуць па-за ўвагаю і канкрэтныя гістарычныя падзеі, асобаў, якія пакінулі свой сьлед у гісторыі Беларусі. Янка Купала ў вершы "Зь мінуўшых дзён" згадвае полацкага князя Усяслава, паказвае яго ў гераічным арэоле, змагаром "за свой край, народ". Максім Багдановіч робіць вольны пераклад "Песьні пра князя Ізяслава Полацкага" — урыўка са "Слова аб палку Ігаравым". У адной з пераказаных вершамі Карусём Каганцом легендаў паказваецца ўдалая для беларусаў бойка з крыжакамі.
Пра дасьведчанасьць Купалы ў старажытнай гісторыі нашай дзяржавы сьведчаць ягоныя згадкі пра беларуска-літоўскага Вялікага князя Гэдэміна. Апісваючы віленскую Замкавую гару з рэшткамі княскага замку, Купала заўважае:
Слаўны Гедымін,
Князь Літвы — літвін,
Душа чынная,
Многа лет таму,
У гэтым жыў даму,
Жыў з дружынаю.
І яшчэ раз прыгадвае Купала гэтага Вялікага князя, заснавальніка сталіцы ў Вільні: "Над Вільлёй, дзе сталіца была Гедыміна". Перакладаючы "Трох Будрысаў" А.Міцкевіча, Купала зноў піша аб Вялікіх беларуска-літоўскіх князях ХІV стагодзьдзя — Альгердзе, Кейстуце і Скіргайле:
Ольгерд рускіх біць едзе,
Скіргел — ляхаў—суседзяў,
А князь Кейстут разгроміць Тэўтоны.
Першы верш у нашай літаратуры, прысвечаны Францішку Скарыну — "Безнадзейнасць" — напісаў Максім Багдановіч. Цэлы цыкл з шасьці вершаў "Старая Беларусь" у М.Багдановіча прысвечаны мінуўшчыне Беларусі. Сярод іх такія шэдэўры як "Летапісец", "Слуцкія ткачыхі".