Андрэй Зязюля не абмінуў у сваёй паэме "Слова праўды" такія зьявы, як падзел Рэчы Паспалітай у канцы 18 стагодзьдзя, адмену прыгону. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага згадвае ня раз Янка Купала.
Як мы бачым, беларускія паэты-адраджэнцы, і ў першую чаргу такія волаты слова, як Янка Купала, Максім Багдановіч, Алесь Гарун ды іншыя, надзвычай уважліва ставіліся да адбіцьця мінуўшчыны ў сваёй творчасьці. На пераломным этапе станаўленьня нацыі, выяўлення яе гістарычнай сьвядомасьці — паглыбленне ў мінуўшчыну народа, аб'ектыўны паказ яго велічы і ўпадку меў выключна важнае значэнне. Зьвязваючы мінуўшчыну з сучаснасьцю, робячы яе неад'емнай часткай жыцьця нацыі (яскравы прыклад — верш М.Багдановіча "Пагоня", у якім сімвалічная старажытная Пагоня, як квітэсэнцыя духу нацыі, перамяшчаецца ў сучаснасьць), беларускія паэты-адраджэнцы гэтым самым перакідалі кладку ня толькі зь мінулага да свайго часу, але і ад сваёй эпохі ў будучыну, забяспечваючы непарыўную сувязь пакаленьняў — найістотную адзнаку духоўнага жыцьця нацыі.
* * *
З прычыны спэцыфікі сваёй працы — працы на беларускай мове, беларускія пісьменнікі аб'ектыўна ўжо рабілі на пазбаўленьне беларуса ад комплекса непаўнавартасны бо выконвалі адну з найважнейшых задач у пачатку станаўленьня нацыі — распрацоўвалі беларускую літаратурную мову, той духоўны інструмэнт, які дазваляе кожнаму беларусу ад Беластока да Смаленска адчуць рух крыві аднае нацыі ў сваіх жылах. Па-за гэтым укладам у разьвіцьцё сьведамасьці беларусаў, вялізную вагу меў пазытыўны нацыянальны запал, які ёсьць у творах паэтаў-адраджэнцаў, які сьведама накіраваны на вывад беларуса са стану "тутэйшага", на вызначэнне кожнага ў арганізме народа, а таксама мейсца народа з яго гісторыяй, культураю, мовай у міжнацыянальнай лучнасьці.
Праз зварот да нацыянальнага пытання, асэнсаванне якога і ў значнай ступені вырашэнне зьяўляюцца сфэраю духоўнага жыцьця народа, паэты-адраджэнцы выводзілі традыцыйную сацыяльную беларускую паэзію на новы ўзровень.
Парадаксальна, але ў творчасці беларускіх паэтаў др. пал. ХІХ ст., на якой грунтавалася паэтычнае адраджэньне пачатку XX ст., нацыянальнае пытанне, пытанне разьвіцьця беларускай культуры, мовы, магчыма, з-за правілаў беларускай паэтыцкай эстэтыкі, якая склалася на той час, амаль не ўздымалася. Крыху ў Францішка Багушэвіча, яшчэ меней у Дуніна-Марцінкевіча і Янкі Лучыны. Чаму так? Да прыкладу, у суседзяў-украінцаў ужо выспеў свой нацыянальны ідэоляг — Тарас Шаўчэнка. Але ўсяму, мабыць, свой час.
Задачы, якія стаялі перад беларускімі паэтамі ў др. пал. ХІХ ст., былі больш сціплыя і абмежаваныя. Яшчэ не стала самакаштоўнасьцю ідэя самавызначэння беларускай нацыі, яе кансалідацыі, усебаковага культурнага, палітычнага, сацыяльнага разьвіцьця на аснове сваіх уласных магчымасцяў. Падваліны гэтаму былі закладзеныя гісторыкамі, этнографамі, лінгвістамі і, ведама ж, пісьменнікамі. Яны назапашвалі энэргію духоўнага нацыянальнага беларускага сьвету. І вось у 1893 годзе, амаль адначасна з апошнім магіканінам выбітага паўстанцкага пакалення, Францішкам Багушэвічам, ягонага прадмоваю да "Дудкі Беларускай", Карусь Каганец, сын паўстанца, заяўляе:
Ой, гора жа, гора над намі,
А ўсяму вінаваты самі,
Бо мову прыродну мы забываем,
Апратку, звычай на чужы мяняем.
Гэй, да схамянемась,
Ды са сну прачнемась!
У тыя яшчэ гады паэта зьвяртаўся да беларускага народа:
За родну краіну, звычай і мову,
За гонар грудзьдзю ставайце!
Тэма абуджэньня беларусаў з нацыянальнага небыцьця — адна з найбольш выразных тэмаў, што праходзяць у ягоных раньніх творах. У 1899 годзе Карусь Каганец піша верш "Беларусь", у якім абвінавачвае дзяржаўны лад царскай Расеі ў нацыянальным генацыдзе у стасунках з беларусамі:
Хіба ты забыўся, як цар праваслаўны,
Айцец — бацюшка Расіі праслаўны —
Усім русінам прыказ такі даў
І рукою ўласнай яго падпісаў,
Што б русінаў не было болей на сьвеце,
А ўсе расіяне — маскоўскія дзеці,
А хто ся адважыць русінам ся зваці,
Таго у ссылку або расстраляці!
У 1904 годзе Карусь Каганец ужо выразна бачыць, як Беларусь,
Што нікне зь лятамі,
Ўзварухнецца, ўстрапянецца,