Узьвядзе плячыма,
Ў нову шату апранецца
І празрыць вачыма.
І тым самым годам пазначаны верш Цёткі "Намяці, але будзе", у якім яна абвяшчае аб праве народа на самастойнасьць:
Досі, крыкнем: "Мы у хаце,
Ў Беларусі, ў сваім краю.
Сьведкі — сонца, дубы з гаю,
Што ня вы, а мы панамі
Над зямлёю, над лясамі.
На мяжы 1905-06 гг. да вышэйназваных беларускіх паэтаў далучаюцца Янка Купала і Якуб Колас, якія адразу сталі лідэрамі ў беларускай адраджэнчай паэзіі. Газэты "Наша Доля" і "Наша Ніва" зрабілі вершы, што хадзілі ў рукапісах, набыткам шырокага кола людзей, дапамаглі зьвесьці асобныя паэтычныя ручаінкі ў адзіную плынь беларускай, адраджэнчай паэзіі. Яны фактычна пераўтварылі беларускае пісьменства са справы прыватнай (за невялікім выключэннем вершаў Цёткі, што разыходзіліся ва ўлётках, ды асобных вершаў К.Каганца і Я.Купалы, што друкаваліся ў менскіх рускамоўных прагрэсіўных газэтах) у зьяву грамадзкую, агульнанацыянальнага значэньня.
Затым на працягу 1905-07 гадоў у "Нашу Ніву" прыходзяць А.Гарун, М.Багдановіч, Ц.Гартны, З.Бядуля ды іншыя пазты-адраджэнцы.
Актывізацыя нацыянальнае сьведамасьці, накмечаная К.Каганцом ды Цёткаю, праца над якой зьяўлялася важнай часткаю ідэалягічнай праграмы БСГ і была неад'емным аспэктам усяго нацыянальна-дэмакратычнага руху на Беларусі, стала гэтаксама найважнейшай задачаю іншых беларускіх паэтаў, што далучыліся да гэтага руху, і найперш для нашага нацыянальнага генія — Янкі Купалы.
Гэтая праца, накіраваная на ўзьняцьце нацыянальнае сьведамасьці беларусаў, праводзілася беларускімі паэтамі ў шматлікіх кірунках, пачынаючы ад самага, здавалася б, элементарнага — замацаваньня за нацыяй агульнага найменьня БЕЛАРУСЫ. Доўгая адсутнасьць уласнае дзяржаўнасьці, традыцыйны падзел беларусаў па веравызнаваньню на каталікоў і праваслаўных, шавіністычная прапаганда расейцаў і Палякоў прывялі да таго, што згодна перапісаў на мяжы ХІХ-ХХ ст. шмат хто з беларусаў запісваліся тутэйшымі.
Адзін з нешматлікіх вершаў Ф.Багушэвіча Хрэсьбіны Мацюка", што прысвечаны праблеме міжнацыянальных адносінаў, як раз і закранае такі выпадак нацыянальнага зацьменьня "тутэйшага" чалавека, які адчувае сваю розьніцу ад этнічных расейцаў да Палякоў, але ня можа выказаць конча сваё асобные нацыянальнае Я. Гісторыя заканчваецца тым, што па прыналежнасці да каталіцкага касьцёлу "тутэйшага" чалавека запісваюць у палякі.
К.Каганец у вершы "Беларусь" (1899) адначасна з найменьнем беларус ужывае і гістарычнае найменне беларусаў — русін, аддзяляючы яго ад "маскоўцаў" — уласна расейцаў. Гэта сведчыць за тое, што пэўны назоў народа яшчэ ня быў вызначаны. У той час як у наступных вершах паэта ўжо адназначна прытрымліваецца агульнапрынятага найменьня — беларусы.
Тып беларуса, які яшчэ ня вызначыў для сябе — дык хто ўсё ж такі ён, сустракаецца ў розных вершах Я.Купалы. У вершы "Мой пагляд і мэта" з падзагалоўкам "з прыпевак тутэйшага", Купала малюе зборны вобраз беларуса-прыстасаванца, які і не жадае ведаць — хто ён. Супраць гэтых рысаў абыякавасці і нацыянальнага нігілізму і змагаўся Купала.
"Тутэйшы" — сам назоў верша ў Купалы мае трохі грэблівы прысмак. Гэта тып тубыльца надзвычай кансэрватыўны і ў традыцыях і ў вядзеньні гаспадаркі. Ён трохі сварлівы, трохі зладзеяваты, выпівае, цураецца навукі, адным словам, па ўласным вызначэнні, жыве "па закону і па веры". Нас цікавіць тая частка верша, якая мае адносіны да нацыянальнай сьведамасьці "тутэйшага", у прыватнасці, ягоныя стасункі з роднаю моваю:
Знаём з расійскай, з польскай мовай;
Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,
Хаця ня зрокся і "вясковай" —
"Папросту" з "простым" гавару,
З яе ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Як мы бачым, нацыянальная сьведамасьць у "тутэйшага" чалавека ў зародкавым стане і глыбей традыцыйнага захаваньня адрозьненьняў у мове ён не сягае. Да й яно сьведама хаваецца, бо можа прынесці адно толькі клопат.
Роднага ж краю тутэйшыя людзі
У скуру чужацкую лезуць жыўцом.
- гэтак апісвае Купала працэс выраджэння "тутэйшага" чалавека такога кшталту.
Не заўсёды ў Купалы найменьне "тутэйшы" было раўназначным спалучэньню "беларус-рэнегат". Часам яно ня мела экспрэсіўна-стылістычнай афарбоўкі, адно, канстатавала факт. "Хто ты гэткі? — Свой, тутэйшы." — перафразуецца Купалам польскае, агульнавядомае: "Kto ty jesteś? — Polak mały!» Жаданьне "тутэйшага "ня быць скотам" непазьбежна стасуецца і з ягоным нацыянальным станам. Яно сіметрычна жаданьню "беларусаў" у іншым купалавым вершы "людзьмі звацца". Пазбаўлены індывідуальных рысаў, абагульненьняў, але ўсё ж уперсалізаваны вобраз "тутэйшага" у вершы "Хто ты гэткі" — папярэднік "агромністай грамады" беларусаў, нацыі ў вершы "А хто там ідзе?".