Часам найменьне "тутэйшы" выступае ў Купалы як сымболь падкрэсьленага нацыянальнага адрозьненьня ад суседзяў, сымболь нацыянальнай годнасці:
Я не чыноўнік і ня граф, ня князь,
Таксама — я ня турак і ня грэк,
І нават не паляк і не маскаль,
А проста я тутэйшы чалавек!
І ўсё ж значна часьцей Купала ўжываў найменьне беларусы, этнонім Беларусь, спалучэньні беларуская мова, беларуская песьня ды інш. Ён актыўна выкарыстоўваў лексему беларус у сваёй творчасьці разам з іншымі пісьменьнікамі-адраджэнцамі, прапагандаваў яе, замацоўваючы у свядомасці народа і ў сьвядомасьці іншых нацыяў. Уважаючы на тую барацьбу, якую вялі шавіністычныя прарасейскія і прапольскія колы нават супраць самога слова беларус, супраць афіцыйнага прызнання назова ўсяго краю Беларусь, замест "Северо-Западного края" ці то "Kresów wschodnich". Трэба адзначыць асаблівую экспрэсіўную нагрузку, якую несьлі гэтыя словы ў творах пісьменьнікаў-адраджэнцаў, нават як на цяпер дык і ў зусім бязкрыўдных сітуацыях.
Вобраз беларуса ў Купалы заўсёды абагулены. Нават надзяляючы яго індывідуальнымі рысамі, Купала заўсёды імкнецца ўбачыць за ім народ, нацыю:
Я мужык-беларус, —
Пан сахі і касы;
- аповяд ідзе ад аднаго чалавека і як бы ад усяго народа.
Што ты сьпіш, што ты сьпіш,
Беларускі мужык?
- зьвяртаецца Купала да кожнага асобна і адначасна да ўсіх беларусаў.
Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,
І шчасьце такое ж ты маеш...
- дакарае Купала кожнага і ўвесь народ.
У вершы "Аўтарцы "Скрыпцы Беларускай", прысвечаным Цётцы, пералічваючы яе заслугі, Купала піша: "Беларуса, й яго жонку называеш ты людзьмі". Гэта галоўнае, чаго дабіваецца Купала сваёй творчасцю для беларускага народа.
Часам вызначэнне нацыянальнасці ў Купалы набывае больш вузкі сэнс і адносіцца да сьведамых прадстаўнікоў нацыі, да беларускай інтэлігенцыі:
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
Беларусаў сямейка худая.
- гэта сьведамыя беларусы. Менавіта ў такім сэнсе Купала піша пра С.Палуяна ў вершы, прысвечаным яму:
Як верыў, як да родных рваўся ніў і сёл
З душой і сэрцам беларуса! Асоба Палуяна па Купалу, ягоная душа і сэрца, адпавядаюць нейкай ідэальнай ва ўяўленьні паэта нацыянальнай выяве беларуса сапраўднага. Гэтай выяве належаць неабходныя, на погляд паэта, уласцівасці, якія павінен мець вартасны беларус. Вершык, дарэчы, доўгі час не друкавалі, мабыць лічачы рысы, акрэсленыя Купалам, не адпавядальнымі патрабаваньням камуністычнае ідэалёгіі. А да іх Купала залічае родную мову, павагу да нацыянальнай самабытнасці беларускага народа, веданьне гісторыі нацыі, працу на яе карысць, мужнасць у адстойваньні інтарэсаў нацыі. З парадаю выхоўваць гэтыя рысы ў дзецях зьвяртаецца Купала да беларускіх жанчынаў:
Гэта ўсё ўпаі дзіцяці
З малаком сваіх грудзей
Адсутнасьць акрэслена індывідуальных рысаў у апісаньні і паказе беларуса як асобы ў Купалы, абагуленасць гэтага вобраза, ягоная эпічнасьць набліжае беларуса-асобу ў паэзіі Купалы да беларусаў -нацыі, народу. І пачынаюць дзеяць адваротныя сілы. Беларускі народ у Купалы часта выступае як адзіны велізарны маючы душу арганізм. Досыць часта зварот Купалы да ўсяго народа, акрамя нейкіх канкрэтных мэтаў, меў значэньне эмацыйнага, ідэалягічнага фактара, які замацоўваў і ўзаконьваў "дэ факта" паняцьце-беларускі народ. Купала аб'ектыўна абгрунтоўвае, умоўна кажучы, уваскрашэньне беларускага народа, ягонае зьяўленьне на гістарычнай арэне, абвяшчае ягонае права на самастойнае вырашэнне ўласнага лёсу:
Кожны народ сам сабе пан;
І беларус можа зьмясьціцца
У сямьі нялічанай славян!...
Жыў беларус і будзе жыць!
Існаваньне беларускага народа Купала мянуе "яснай праўдаю". Менавіта гэтыя абставіны, упэўненасць у гістарычнай справядлівасьці надаюць веры паэту ў лепшую будучыню: "Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!" Купала імкнецца таксама пераканаць у гэтым астатніх. Калі ёсьць народ — значыць жыве і будзе жыць Беларусь: