Выбрать главу

...З сваім людам ня дамся ў сваёй старане...

...Я ўзышла, расцвіла непагаслай зарой...

- вяшчае "маладая Беларусь". Купала падкрэсьлівае агромністасьць, масавасьць беларускага народа — аснову нацыянальнай самабытнасці, нацыянальнага духа, таго, што паэта мянуе "беларушчынай":

Як жыла і жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:

Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.

Ёсьць у Купалы і больш выразнае вызначэнне агромністасьці беларускага народа: "Нас восем мільёнаў... зьлічы хто, шалёны!" Паэта ўпэўнены ў пазытыўным значэньні абуджэньня беларускага народа са стану нацыянальнай летаргіі. Ацэньваючы становішча і магчымасці беларусаў, Купала піша:

З сьцежкі — наперад, ня пойдзем назад...

Мы ўжо ня тыя, — інакшыя думы

Вырасьлі з намі, завуць к барацьбе.

Ад ініцыятывы нацыі, яе культурнай, працоўнай дзейнасьці залежаць яе аўтарытэт між іншымі народамі. Купала бачыць стваральную сілу беларускага нацыянальнага руха, духоўны, нацыянальны патэнцыял свайго народа, пакліканага сьцьвердзіцца роўным між роўнымі:

І радзімым словам рукой мазалістай

Беларус упіша на старонцы чыстай

Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе

Сумную аповесьць роднай Беларусі.

Уважаючы на адсутнасьць нацыянальных дзяржаўных межаў, якія б аддзялілі беларусаў ад астатніх нацыяў, Купала вялікі акцэнт робіць на этнічную самабытнасць беларусаў, сваеасаблівасьць нацыянальнае псіхалогіі, што належыць цалкавіта самастойным нацыям:

На курганавым каберцы

Нечувалае чуваць,

Што ўсё можа толькі сэрца

Беларусава паняць.

Паэта ўпэўнены ў вялізных магчымасцях беларускае нацыі:

Пойдзе плавам песьня-казка

Ў сьвет аб нашай славе,

Дзіву дасца сьвет вялікі

Гэтакай праяве.

Хай сьвет знае, што патрапе

Без чужых прымусаў

Беларуса праца, сіла,

Сэрца беларуса.

Перад беларусамі стаяць пэўныя задачы, сфармуляваныя і выказаныя Купалам ва ўжо згаданым намі вершы "А хто там ідзе?" Галоўнае жаданьне беларусаў існуе ў тым, "каб людзьмі звацца". Купала бачыць шляхі дасягненьня гэтае мэты праз актыўнасць народа, ягоную барацьбу, да чаго і заклікае беларусаў:

Пейце, пейце а дружней,

Браці-беларусы,

Барукайцеся сьмялей

З няпраўдай, з пакусай.

Згадваецца Купалам і больш вузкая задача, якая адносіцца да цікаўнага для нас нацыянальнага аспэкта — нацыянальнага раўнапраўя:

Хочам папросту, каб лепш ручыла

Нашым хацінам, нашым прыплодам,

Каб стаць раўнёю славай і сілай

Іншым народам.

Пры ўсім пры гэтым Купала ня лічыць шлях да адраджэння беларускае нацыі нечым выключным. Ён знаёмы з разьвіцьцём нацыянальнага руху ў Славянаў (хоць бы нават праз тую ж "Нашу Ніву"), з ягонымі заканамернасьцямі (дастаткова згадаць выказванні праф. А.Пагодзіна, выдрукаваныя ў "Нашай Ніве" у N 9 за 1910 год: "але ці сустрэла хоць раз пагібель такі народ, які адчуў у сябе самім права на жыцьцё нароўні з іншымі? Можна сказаць, што новая гісторыя... ня ведае ніводнага такога прыпадку". Купала ўпэўнены ў неадольнай моцы адраджэнчага руху: Наша вярнуцца к нам мусіць, канешне, — Гэткі ўжо быту народаў закон.

Даволі добра ведамыя словы Купала пра прызначэнне свайго таленту, пазтавым мейсцы спаміж беларусаў:

Кожна край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы ж нікога ня маюць,

Няхаў жа хоць будзе Янка Купала.

Вось жа ізноў, сентэнцыя збудаваная на параўнанні беларусаў з іншымі народамі, ведама, у адным радзе, ведама, як роўнага з роўнымі. Менавіта з гэтага, вызначанага Купалам становішча розных народаў, якія маюць роўныя правы на істнаваньне і разьвіцьцё і вынікае няроўнасць беларусаў, якія ня маюць, каб ува ўсіх, сваіх песьняроў. Таму і зьяўляецца ў "мільённага народу" Янка Купала.

Спрадвечная забітасьць беларусаў уяўляецца паэту асноўнай перашкодаю на шляху да росквіту беларускай нацыі і таму побач з цытаванымі вышэй радкамі мы знаходзім у Купалы радкі незадаволенасці і крыўды на беларусаў: