А вы, адродкі Белай Русі,
Сьпіцё, як быццам кат засек!
До спаць! Паўстаньце грамадою...
Тут і дакор і заклік да вызвалення, адчуваньне непабуджанай, магутнай сілы народа.
Гэй, прасьніся, беларусе!
Усе людцы паўставалі.
Гэй, прасьніся, беларусе!
Усе праўдачку пазналі.
Тут і заклік Купалаў да абуджэньня з мэтаю спагнання нейкай вышэйшай нацыянальнай ісціны.
У вершы "Брату-беларусу" Купала крытычна ацэньвае сучасны стан беларускага народа, які не ўсвядоміў свайго прыгнечанага стану. "Чаму свой край аддаў на глум?" — пытаецца ў беларуса апірышча ягонае — зямля. Лес, бацька, лічы, папракае яго:
А ты, змарнелы чалавек,
Нікчэмны пасынак былога...
Прывучай кланяцца, ўніжацца,
Паганіш скарб свой дарагі.
Духоўнымі судзьдзямі Купалам абраныя зямля і лес — паняцьці пэўныя, устойлівыя і даўгавечныя, што памятаюць на іншае жыцьцё беларускага народа. Зараз — становішча іншае. І тое, што па перакананнях Купалы "Ад прыроды шлях свой мела", чужынцы "здушылі, збэсьцілі ўсё чыста". Вынікам векавога прыгнёту ёсьць гандаль беларускім народам, які ладзяць як свае рэнегаты так і замежная навалач:
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус.
Гандляры не даюць беларусам быць вольнымі, не даюць, словамі Купалы, "зірнуць арліна", не даюць узьняцца нацыянальнай думцы. Вось жа канстатацыя Купалам рэальнага патэнцыялу беларускай нацыі, не рэалізаванага з-за суб'ектыўных прычынаў, не прыніжае беларускі народ, а прыводзіць да высновы — пазбаўленьне гэтых прычынаў дазволіць разгарнуцца беларускай нацыі, у якой будуць і "узьлёты дум" і "арліны погляд". Ды пакуль што рэальнасьць дыктуе Купалу і такія пэсэмістычныя фантастычныя карціны, як продаж на рынку беларускае душы:
Паціху... не бойцеся — пойдзе ўсё гладка, —
Крый, Божа, якога прымуса.
Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка...
Усёй куплі — душа беларуса.
Без пануканьняў, з ягонае згоды, а мо' нават і самім беларусам прадаецца ягоная душа. Гандаль ідзе і ідзе. Уся Беларусь даўно перавернутая на вялізны кірмаш. Адкуль толькі бяруцца новыя сілы?
* * *
Праца беларускіх паэтаў па прышчапленьні ў народзе саманайменьня беларус шчыльна зьвязаная і з замацаваннем назову Беларусь за ўсім краем, які, назоў, нягледзячы на сваю багатую гісторыі і доўгі век, канчаткова ўсталяваўся толькі на пачатку XX стагодзьдзя. Любоў да роднага краю, Радзімы — абавязковая рыса ў складзе нацыянальна сьведамага чалавека. Пісьменьнікі-адраджэнцы здолелі ўкласці ў найменьне Беларусь самыя разнастайныя пачуцці, конча замацаваўшы лагічны ланцужок: родны край — Бацькаўшчына — Беларусь.
Даволі часта гаворка ў творах пісьменнікаў -адраджэнцаў ішла толькі пра родны край, які яны моцна любілі:
Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Вобразаў пакуты! (Колас)
і заклікалі да гэтага іншых:
Хай злыдні над намі скрыгічуць зубамі —
Любі сваю ніву, свой край,
І, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!... (Я. Купала)
Часам беларускія творцы імкнуліся даць як бы нэйтральны, аб'ектыўны ягоны відарыс, з прыхаванай шкадобаю да беднасьці і забітасьці краю:
Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балоты і пясок...
Чуць дзе крыху луг прыгодны...
Хвойнік, мох ды верасок.
А туманы, як пялёнка,
Засцілаюць лес і гай.
Ой ты, бедная старонка!
Ой, забыты Богам край! (я. Колас)
А часам і не хавалі гэтую шкадобу, проста галосячы над ім:
Краю мой родны! Як выкляты Богам -
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі. (М. Багдановіч).
Яны не ўяўляюць сабе жыцьцё бяз гэтага забытага Богам краю, як дзіцё не ўяўляе сябе без маці:
Мілая, родная старонка—маці!
Моцна цябе я і шчыра люблю,