Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!
Вобраз Беларусі як самастойнай, незалежнай этнанацыянальнай адзінкі даволі часта сустракаецца ў творах паэтаў-адраджэнцаў. Мы зьвернем увагу, адно, на два вершы Купалы, супрацьлеглыя па настроі, але аб'яднаныя вобразам Беларусі.
У вершы "Маладая Беларусь" Купала паказвае працэс адраджэньня Беларусі, працэс няўхільнага ўздыму нацыянальнае сьвядомасьці народа. Паэта перакананы ў перамозе нацыянальнага руху:
Не з вясёласьці яснай, не з ясных палацаў,
А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы,
Вызываная праўдай, таптанай, жывой,
Я ўзышла, расьцьвіла непагаслай зарой...
І ад краю да краю ўсё далей і далей
Моц мая разальецца нязможанай хваляй...
Гэта адзін з самых аптымістычных, сьветлых, мяркую нават самаўпэўненых вершаў Купалы, калі паэта ня толькі прадказвае перамогу беларускаму нацыянальнаму руху, але й вынікі гэтае барацьбы: Грамадзянская згода, супольнасьць загосьце,
Аж усьцешацца прадзедаў цені і косьці,
Слоў унука ня зглушыць ніякі прымус,
Што ёй, роднай зямлі, верны сын, беларус.
І зусім іншы па танальнасьці, бы рэквіем, ягоны верш "Гэй, капайце, далакопы...", дзе хаваецца ўсялякая надзея на прагрэс, на перамогу:
Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу, —
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы.
Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце, —
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
Дзіва, што яшчэ Жыве Беларусь!
* * *
Важнае пытанне ў працэсе станаўлення нацыянальнай сьвядомасьці адыгрывае тырэтарыяльная сьвядомасьць — адчуванне і разуменне сваёй тэрыторыі, на якой жывуць гэткія ж людзі. Яшчэ больш важнае тым, што беларусы на пачатак стагодзьдзя ня мелі дзяржаўных межаў. Пасьля пытання — хто мы? натуральна паўставала пытанне — а дзе ж мы жывем?
Побач з навуковымі працамі ды публіцыстыкай, сьледам за прадмоваю да "Дудкі Беларускай", пра гэта пісалі і пісьменьнікі-адраджэнцы пачатку XX стагодзьдзя. Францішак Багушэвіч гэтак вызначыў тэрыторыю разсяленьня беларусаў: "Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывей: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак..."
Карусь Каганец спрадвечна беларускімі тэрыторыямі лічыць Панямоньне:
Штось Нёман наш ціхі прачнуўся,
У пасьцелі сваёй спеляхнуўся
І хвальку за хвалькай ціхенька пагнаў,
Ад краю да краю ганцоў ён паслаў,
Ад рэчкі да рэчкі,
Уздоўж і папярэчкі,
У Шчару, у Сулу,
У Лоту і Вусу—раку,
а таксама Палесьсе:
Па-над Шчарай і над Пцічам,
Над Бярозай і над Случам, —
Дзе та Прыпяць прабягае,
Піну, Горынь што прыймае.
Гэй, Палесьсе, Палесьсе!
Вызначальнай прыкметаю беларускай нацыі, межаў яе рассялення, для Купалы і для Багушэвіча зьяўляецца беларускамоўны абшар:
Дзе дом мой, народ мой, — з якога я краю, —
Паслухайце смутную повесьць маю.
— спавядаецца Беларусь -
З канца ў канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;
Вось жа гістарычна ўтвораная неадпаведнасць межаў разсяленьня беларусаў з дзяржаўнымі межамі (прыкладна яны супадалі толькі ў 14-15 стагодзьдзях), нацыянальная няпэўнасьць значнай часткі беларусаў, робіць гэты прынцып ці не самым дакладным.
Я. Купала выказваўся і больш акрэсьлена:
А хто брат мне тут і друг,
Ладзь-наладзь душу і слух
І за песьняй думкай скоч
Там, дзе Нёман, Дзьвіна, Буг
Точаць наша поле, луг,
Дзе шумяць у сьвет далёкі
Белавежа, Налібокі...
Згодна з гэтым творам Купалы па нашай зямлі бягуць Нёман, Дзьвіна, Буг, на ёй шумяць Белавеская і Налібоцкая пушчы. Гэта і сапраўды складае значную частку беларускага этнаграфічнага абшару. Асноўныя са згаданых ім геаграфічных пунктаў — слупоў беларушчыны-паўтараюцца і ў іншых ягоных вершах: