З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
- зьвяртаецца Беларусь да нацыяў-суседзяў.
Нёман у творах адраджэнцаў быў сэрцам, сымболем Беларусі. Радкі пра яго мы неаднаразова сустракаем у Каруся Каганца, Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Карусь Каганец, дапрыкладу, пісаў:
Ой, Нёман цячэ, Нёман плыве
Ад нас у літоўскія зямліцы.
А хто там пайме, хто разьбярэ
Шопат і гоман нашай рачыцы.
Купала ўтарыць яму:
Хай імчыцца наша песьня
Птушкай па-над гай,
Дзе бяжыць бурлівы Нёман,
Дзе наш родны край!
Я. Колас зьвяртаецца да Нёману:
Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка...
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!
Нёман, рака, на якой узгадаваўся Я.Колас, паводле геаграфічных уяўленьняў паэта цячэ праз цэнтр Беларусі:
Вісьне скарга уздоўж Нёмна,
Беларусі сына.
Паэта ўважае Беларусі за "край з-пад Нёмана берагоў", стасуючы сюды і Вяльлю:
Дзе з Вяльлёю Нёман льецца
Між прыгожых берагоў...
Цётка таксама паказвае як на сэрца Беларусі на Нёман і Вяльлю:
Далёка, далёка, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Немнам шумяць;
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе.
Ужыванне канкрэтных геаграфічных назоваў спрыяла замацаваньню ў масавай сьвядомасьці іхняй прыналежнасці да Беларусі. Карусь Каганец удадатак да вышэйпералічаных назваў згадвае таксама пра Дзьвіну і Сож, Бярозу і Ольсу.
Як пра родны край, пэўную частку Беларусі піша Я.Колас пра Палесьсе, дзе ён быў настаўнічаў:
Я далёка цяпер
Ад палескіх раўнін,
А люблю ж я той край,
Бы яго родны сын...
Гэтаксама часткаю Беларусі лічыць Палесьсе Карусь Каганец:
Браты мае родныя,
Браты мае — братанькі,
Хлопцы — беларусікі,
Палесься казачанькі!
Выпрацоўцы нацыянальных геаграфічных арыентаваў дапамагаў і такі чыннік, як супрацьпастаўленне, вызначэнне чужых, не беларускіх пунктаў нацыянальнага апірышча. Менавіта таму для замацавання ў нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў нянаскасьць, чужынства двух суседніх нацыянальных цэнтраў і гучэў рэфрэнам у Купалы праз усе вершы матыў Масквы і Варшавы, Віслы і Нявы (Волгі):
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тыя заплюшчыўшысь пруцца к Няве...
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
Торг гругановы вядуць між сабой.
Адмяжоўваў Купала ад Беларусі — цэнтра сусьвету для беларусаў, пункту адліку ўсяго існага — і такія геаграфічных паняцьці як захад і ўсход, што адпавядала разьмешчаньню Польшчы і Расеі:
Добра вядомы і путы і пугі,
Песыдіў якімі ваш Захад і Ўсход.
Гэтыя Захад і Ўсход добра папрацавалі ў наступныя гады, каб зьмяніць геапалітычную арыентацыю ў беларусаў. І дзіўна гучыць увушшу школьнікаў назоў і зьмест главы Я.Коласа з "Нашае Зямлі" — "Дзядзька ў Вільні". Натуральна, бо што яму было рабіць у літоўскім Вільнюсе. Ці такі факт з гісторыі Беларусі, як абвешчаньне БССР у Смаленску — а чаму за мяжою? Я ужо не кажу пра Беласток ці Даўгаўпілс, які ж некалі гучэў у беларускім вусе як Дзьвінск. А, й нават Менск стаў Мінскам. Для бальшавіцкіх гандлёвых эксперымзнтаў слабая нацыянальна Беларусь сталася добрым палігонам.
* * *
Беларускія паэты-адраджэнцы надавалі выключна вялікую ўвагу беларускай мове, разумеючы яе мейсца ў працэсе нацыянальнага адраджэньня. Апроч натуральнага жаданьня бачыць родную мову, абраную імі як інструмэнт у творчасьці, разьвітай, роўнай сярод іншых, пісьменьнікі-адраджэнцы разумелі вялізнае ідэалягічнае значэньне агульнанацыянальнай мовы, якая зьяўляецца асноўным духоўным апірышчам нацыі. Яны адзначалі вялікую ролю роднае мовы ў захаваньні адметнасьцяў псыхікі, культуры беларускага народа.
Пад навалай крыўдаў многія сталецьці
Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця...
Адно ты нам, слова, засталося верным,