Кардынальна сітауцыя мяняецца на пачатку XX стагодзьдзя, у адзін час са стварэньнем першай рэальнай нацыянальнай сілы — Беларуская Сацыялістычнай Грамады. Праграма гэтай партыі была даволі шырокай і рэвалюцыянізаванай: на зьезьдзе ў канцы 1905 г. "у выніку гарачае дыскусіі выявілася, што эсэраўшчына мае дужа слабыя карані сярод грамадаўцаў, а пераважна кірунак с.-д. — пераважна ў пэпээсаўскай інтэрпрэтацыі ў адносінах да нацыянальнага пытаньня".
Удакладненьне А.Луцкевіча наконт "пэпээсаўскай інтэрпрэтацыі" паказвае на вялікае значэнне ў праграме БСГ нацыянальнага пытання ў адрозненні ад "истинных" эсдэкаў.
Грунтоўна і аб'ектыўна дзейнасьць БСГ, яе задачы і прынцыпы яшчэ не вывучаліся. Але самае істотнае і бясспрэчнае для нас тое, што менавіта ў гэтым асяродзьдзі выпрацоўвалася ідэалёгія нацыянальнага беларускага руху, абмяркоўваліся і практычна вырашаліся задачы па абуджэньні нацыянальнай свядомасці беларусаў. Захопленасьць і перакананасць у правідловасьці сваёй справы былі ў беларусаў-адраджэнцаў наздвычай вялікімі. Усячасны рух наперад смутнай і расплывістай, але крыштальна чыстай і гэтым захапляючай думкі нацыянальнага адраджэння беларусаў спаміж невялікага гурту беларусаў-ахвярнікаў, для якіх "справа беларуская станавіла бытцым інтэгральную, неаддзялімую часьць іх душы", іхняя канкрэтная кіпучая праца якраз і спрыялі ўтварэньню атмасферы, якая ў сваю чаргу спрыяла разьвіцьцю беларускай літаратуры, і нават болей — літаратуры наступальнай ды аптымістычнай, што адбівала патрэбы гэтага руху, зьяўлялася ягонай складаемай часткаю. "Сельскі настаўнік, лясьнік, дробны чыноўнік, рамесьнік-рабочы, хлебароб-селянін пакіравалі ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду, хапіўшыся за чытанне беларускай літаратуры, за агітацыю й пропаганду на беларускай мове" — гэтак апісваў той час Цішка Гартны. Зьявіліся няпэўныя пакуль, але такія заманлівыя пэрспэктывы разьвіцьця. "На працягу нядоўгага часу (канец 1905-1906 г.) — адзначае Цішка Гартны, — нарадзіўся шырокі слой свядомых нацыянальна беларусаў, якім патрабавалася мець організацыю, тварыць сваю нацыянальную культуру". І беларускія пісьменьнікі сьмела ўступілі на гэты шлях, выконваючы гістарычную місыю — узьнімаючы праз літаратуру праблемы нашага народу на агульначалавечы, сусветны ўзровень.
Можна праназіраць у якой ступені на беларускіх пісьменьнікай уплывала дзейнасьць Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
У ранейшых літаратуразнаўчых працах гэтыя ўплывы не вызначаліся і не канкрэтызаваліся.
Цётка — Алёйзыя Кейрысава з Пашкевічаў была ля вытокаў беларускага нацыянальнага руху. Яна пачынала беларускую работу ў Вільні праз далучэньне да Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады - (пазьней БСГ) Вацлавам Іваноўскім, студэнтам Пецярбургскай тэхналёгіі яшчэ ў 1903 годзе і адразу ж узяла актыўны ўдзел у працы партыі. Гэта адзначае С.Александровіч у прадмове да твораў Цёткі.
Пачатак яе літаратурнай творчасьці (першы датаваны верш Цёткі — "Мужыцкая доля", 1903 r. трэба меркаваць, трохі раней былі напісаныя вершы "Лета", "Восень") прыкладна супадае з далучэньнем яе да нацыянальна-рэвалюцыйнага руху. Публіцыстычныя вершаваныя творы Цёткі "Хрэст на свабоду", "Мора", "Пад штандарам" выкарыстоўваліся супраць самаўладства. Яны выдаваліся БСГ і, як згадвае А.Бурбіс, "дзесяткамі тысяч распаўсюджваліся, асабліва сярод віленскіх работнікаў". Гэтыя і яшчэ некаторыя вершы Цёткі можна ўважаць, на нашу думку, за партыйную паэтычную публіцыстыку.
Карусь Каганец, які пачынаў пісаць па-беларуску яшчэ ў канцы XIX ст., быў адным з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Пра гэта яшчэ ў машэраўскія часы ўдалося сказаць С.Александровічу: "К.Каганец прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, быў членам Беларускай сацыялістычнай грамады, рабіў захады яшчэ ў 1904 годзе адносна выданьня ў Мінску беларускай газеты "Палесьсе". Таму ў гады рэвалюцыі 1905-1907 гг. ён на самым пярэднім краі барацьбы з царызмам. За агітацыйную дзейнасць сярод сялянства Койданаўшчыны К.Каганец трапіў у сьнежні 1905 года ў Мінскую турму і прасядзеў там да мая 1906 года... У 1910 годзе Віленская судовая палата прыгаварыла К.Каганца за ўдзел у рэвалюцыі 1905 года за зьняволеньня ў Мінскай крэпасьці, дзе ён з 26 ліпеня 1910 года адсядзеў роўна год".
Творчасць К.Каганца займае ў беларускай літаратуры даволі сьціплае мейсца. Але на пачатку стагодзьдзя, яшчэ да выхаду "Нашай Долі", ягоныя нешматлікія творы на беларускай мове друкаваліся ў выданнях краю. Самое існаваньне сялянскага паэта-агітатара, які пасьлядоўна выступаў у абарону нацыянальнай самабытнасці беларусаў (гл. ягоныя публіцыстычныя зацемкі "Парады" ды "З рэфэрату на Калядны сход беларускай грамады 1903 года", адыграла пэўную ролю ў стварэньні перадгромавай атмасфэры.