Варта адзначыць раньняе знаёмства Каруся Каганцаа з братамі Луцкевічамі, тады яшчэ менскімі гімназістамі, гэтымі нястомнымі рухавікамі надыходзячага нацыянальнага адраджэння.
Цікавае пытанне і пра тое, ці былі якія ўплывы К. Каганца на Цётку. Абодва працавалі ў аднэй партыі, пэўне ж, не адзін раз сустракаліся, абодва пісалі вершы, у тым ліку і для прапагандысцкіх мэтаў, абодва мэтанакіравана працавалі над выхаваннем нацыянальнай сьведамасьці беларускіх дзетак: Цётка напісала ў 1906 г. "Першае чытанне для дзетак-беларусаў", тады ж убачыў сьвет і "Беларускі лемантар" К.Каганца. Нажаль, ніякіх зьвестак не захавалася, і можна толькі меркаваць пра тыпалягічнае падабенства іхняе творчасці. З.Жылуновіч трапна заўважыў: "К.Каганец і Цётка (А.Пашкевіч) ужо даюць нам песьняроў соцыялістычнага адбітку. Бадай што яны фактычна ёсць першыя закладальнікі тае грунтоўнае ў беларускім нацыянальна-культурным руху асярэдзіны дзеячоў, якія пранясьлі на сабе ўсю цяжар часоў замацаваньня ды аформленьня беларускае справы. І Карусь Каганец і Цётка зьвянчалі ў сваёй чыннасці ліру поэты з мячом барацьбіта рэволюцыанэра гэтым пераняўшы спадчыну К.Каліноўскага".
З аўтабіяграфічных успамінаў Я.Купалы мы даведваемся, што наздвычай важную ролю ў станаўленні нацыянальнае самасьвядомасьці паэты, у рашэньні пісаць па-беларуску, аказала рэвалюцыйна-агітацыйная літаратура на беларускай мове, якую ў той час выдавала толькі БСГ: "Ды вось трапляюцца мне ў 1904 г. ці на пачатку 1905 г. рэвалюцыйныя гіраклямацыі на беларускай мове і кніжкі "Дудка беларуская" Багушэвіча і "Гапон" ці нейкая іншая кніжка Марцінкевіча, выданая за мяжою, і ўсё маё польскае пісаньне пайшло ў бок. З гэтага часу я пачытаю пісаць толькі па-беларуску". І далей: "У 1904 г. трапляюцца мне ў рукі беларускія праклямацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё пакліканне — служыць сваему народу ўсемі сіламі сваёй душы і сэрца".
Цікава, што пра гэтыя першаштуршкі не заўсёды мелі ўяўленьне нават тыя, хто засяваў край беларускімі улёткамі ды праклямацыямі. Антон Луцкевіч у 1918 годзе ў крытычным артыкуле пра Купалу зазначаў: "Пачаў пісаць Купала перад Рэволюцыей 1905 году, калі рух беларускі толькі-толькі пачынаўся, укрываючыся ад вострых вачэй расейскіх жандароў, калі ешчэ ў поўнай меры трывала забарона беларускага друку. Можна з поўнай пэўнасьцю сказаць, што пачатак творчасці Купалы — зусім самабытны, не зьвязаны з гэтым рухам". Як мы бачым, гэтае ягонае сьцьвярджэньне не зусім адпавядае таму, пра што пісаў ва ўспамінах сам Купала.
Значны ўплыў на Купалу як паэта, на вызначэнне шляхоў разьвіцьця ягонай творчасьці і напачатку, і пазьней, у Вільні, аказала асабістае знаёмства паэта з беларускімі рэвалюцыйнымі дзеячамі, сябрамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Згадаем некалькі сціслых, але выразных заўвагаў Купалы з гэтае прычыны: "Дарэчы, павінен зазначыць, што я пазнаёміўся з беларускімі рэвалюцыйнымі дзеячамі... калі жыў яшчэ ў Бараўцах (у 1904 г. — А.Б.). Я ўжо тады пісаў і свае вершы паказваў У.І.Самойлу, на працягу 2-3 гадоў і перапісваючыся з ім. Ён заўсёды хваліў і заахвочваў мяне да пісаньня. Пры ягоным судзеяньні быў надрукаваны па-беларуску мой першы верш "Мужык". Яшчэ: "У 1904-1905 гг. я пазнаёміўся з беларускімі рэвалюцыйнымі дзеячамі (здаецца сябрамі "Грамады") У.І.Самойлам, былым маім рэпетытарам, Бурбісам, у далейшым камісарам земляробства БССР... Яны давалі мне нелегальную літаратуру для распаўсюджваньня і т.п." "Якія сустрэчы паўплывалі на мяне ў літаратурных адносінах? — Цяжка сказаць. У перыяд знаёмства з панам Чаховічам я тады не пісаў яшчэ. Застаецца з таго часу Ядвігін Ш. і У.І.Самойла. Абодва яны людзі сур'ёзныя, культурныя і самі літаратары, супрацоўнічалі ў газэтах і, безумоўна, усяляк заахвочвалі мяне ў маім пісаньні". "Сустрэча з людзьмі? Цяжка сказаць, хто і які ўплыў аказаў на мяне... акрамя Чаховіча, які быў высокакультурны чалавек, але паляк, я ў той час пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (А.Лявіцкім). Гэта таксама быў чалавек культурны, выключаны з універсітэту за рэвалюцыйную дзейнасьць, да ўсяго ён аказаўся беларусам, пісаў па-беларуску... З ім мы доўгія гадзіны гутарылі пра беларускую літаратуру ў прыватнасці і пра беларускае пытанне ўвогуле".
Усе вышэйзгаданыя асобы — У.І.Самойла, і Ядвігін Ш., і А.Бурбіс — былі актыўныя бэсэгоўны. А.Бурбіс нават сябрам ЦК партыі.
Уяўляюць цікавасьць для нас і радкі ўспамінаў пра Я.Купалу Антона Луцкевіча, гэтаксама сябра ЦК БСГ: "На тую-ж тэму (пісаць па-беларуску — А.Б.) гутарыў з ім і аўтар гэтых радкоў, калі ў 1905 годзе давялося яму першы раз спаткацца з гэтым скромным, вельмі нясмелым і напэўным сябе дзецюком у Менску".