Можна меркаваць, што былі абгавораны і праект выпуска "Нашай Долі", мэты і задачы газэты, накірунак матэрыялаў.
Беларускі гісторык В.Склубоўскі даводзіць, што "Наша Ніва" была органам Грамады, адначасова цэнтрам культурнага жыцьця ўсіх беларускіх прагрэсіўных сіл".
У яшчэ большай ступені партыйнасць выявілася ў першай беларускай газэце "Нашай Долі", пытанне пра выпуск якой абмяркоўвалася на партыйнай канфэрэнцыі БСГ і было падтрыманае аднагалосна.
Алесь Гарун 17-гадовым пачаў рэвалюцыйную дзейнасьць. Маладосці характэрны максімалізм. Вось жа і ён быў, па словах А.Барычэўскага, "актыўны ўдзельнік арганізацыі соцыялістых-рэволюцыянэраў максімалістах" (эсэраў — А.Б.). А.Зіміёнка (пісьменьнік А.Дзяркач), актыўны ўдзельнік падзеяў рэвалюцыі 1905 года на Беларусі, удакладняў: "У склад комітэту (эсэраў — А.Б.) ўваходзілі вядомыя й шчырыя рэволюцыянэры, як ... Аляксандр Прушынскі (потым беларускі поэта Алесь Гарун)". З.Жылуновіч адзначаў прамую сувязь Алеся Гаруна з Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, мянуючы яго "сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады з максымаліцкім ухілам". Прыймаючы актыўны ўдзел у дзейнасьці эсэраў, Алесь Гарун, трэба меркаваць, супрацоўнічаў і з Менскім камітэтам БСГ. Падыход да нацыянальнага пытання ў дзейнасьці гэтай партыі ня мог не прыцягваць яго. Ужо у 1905 годзе паэта, як зазначае А.Барычэўскі, дэклямаваў свае беларускія агітацыйныя вершы па вёсках.
У часы спаду рэвалюцыі, у 1908 годзе пачалі свой літаратурны шлях Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля. Да іх ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня прыйшлі праз "Нашу Ніву", рэдакцыя якой, па словах Антона Луцкевіча, "зьяўлялася фактычным цэнтрам ня толькі Грамады, якая фармальна як-быццам замірае, але і ўсяго беларускага адраджэнскага руху — яго "генэральным штабам".
Падзеі 1905-07 гадоў закранулі Максіма Багдановіча і Цішку Гартнага. Яшчэ ў малодшых клясах гымназіі М.Багдановіч прыймаў удзел у вучнёўскіх хваляваньнях. Ён захапляўся поглядамі анархістах, выступаў на гымназічных зборах і нават удзельнічаў у падрыхтоўцы ўзрыва самаробнай бомбы у мурох гімназіі.
Трэба ўсьведамляць, што гэтыя яшчэ як бы і несур'ёзныя захапленьні атрымалі лягічны працяг у адраджэнчай дзейнасьці М.Багдановіча — паэта і публіцыста. Стасункі з беларускім адраджэньнем у М.Багдановіча мелі болей культурны чымся палітычны характар. Зусім зразумела. Паэта жыў далёка ад Беларусі, ад тых падзеяў, што захапілі яе. Мабыць таму публіцыстычныя вершы займаюць невялікае мейсца ў ягонай творчасці. Больш упэўнена М.Багдановіч выкарыстоўваў літаратурныя, міфалягічныя, агульначалавечыя сюжэты. Праца над формаю, удасканаленьне паэтычнага майстэрства, эстэтыкі твораў — натуральнае выйсце ў становішчы, так бы мовіць, пражывання па-за падзеямі. Падобнае адбывалася і з іншымі буйнымі паэтамі — Уладзімерам Жылкам, які жыў у Празе, ці Натальляй Арсенневай, якая мусіла жыць у этнічнай Польшчы.
Пад час прыезду М.Багдановіча на Беларусь ён адразу ж падключаецца да актыўнага грамадзкага жыцьця. Дастаткова згадаць, што найбольш яркія публіцыстычныя творы, у тым ліку і сваю славутую "Пагоню", М.Багдановіч напісаў у Менску у 1916-17 гадох, калі ён "стараўся быць на ўсіх пасяджэньнях, сходках, дзе прымаў усягды чынны ўдзел".
Неабходна згадаць, што з першых нумароў "Нашай Долі" і "Нашай Нівы" М.Багдановіч чытаў іх, быў асабіста знаёмы з рэдакцыяй "Нашай Нівы", кіраўнікамі беларускага адраджэнчага руху. Паэта перапісваўся з А.Луцкевічам, В.Ластоўскім, актыўна друкаваўся ў "Нашай Ніве", гэтым ужо выказваючы сваю падтрымку яе грамадоўскага накірунку. Ён быў цалкам захоплены ідэяй беларускага нацыянальнага адраджэння: "быў поўны бадзёрасьці і веры ў сьветлую будучыню свайго народа... Трэба было яго бачыць у спрэчцы па нацыянальнаму пытанню — пытанню для яго усёпаглынаючай надзвычайнай важнасці".
Ц.Гартны гэтак апісвае сваё станаўленьне як рэвалюцыйнага і нацыянальна сьведамага беларускага паэты: "З 1904 г. Цішка Гартны прылучаецца да соцыял-дэмократаў і становіцца актыўным рэволюцыянэрам... Працуючы за сталом у смуродных майстэрнях, Цішка Гартны спачатку піша першы парасійску, чытаючы іх таварышам і адсылаючы ў расійскія часопісы. У 1908 годзе ён натрапляе на "Нашу Ніву", чытае вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі і захапляецца іх прыгажосцю і роднасьцю, ды пачынае пісаць сам пабеларуску".