Пабегла Хомчыха па дзiцё. Падняла кашолку i ўзрадавалася.
- Дзiцё цэленькае! Сьмяецца дурненькае... Дзякуе панiчу.
У гэтую-ж хвiлiну зь лесу выскачыла мядзьведзiха, вырвала з рук Хомчыхi дзiцё i зьнiкла ў лесе.
Дзiвiлiся людзi, а Хомчыха качалася па iржышчы ды галасiла.
- Дзетка мая мiленькая... Дзетка мая родненькая...
Панiч склiкаў паляўнiчых з усёй ваколiцы. Нарыхтавалi аблаву. Мядзьведзiхi i сьлед прастыў.
Суседзi радзiлi Хомку панесьцi малых мядзьведзянятак у лес на тое самае месца, дзе ён iх узяў.
Хомка так i зрабiў.
У тую-ж ноч чуе Хомка - нехта стук-стук у вакно. Ён падыйшоў, бачыць - за вакном мядзьведзiха стаiць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе.
Пабаяўся Хомка выйсьцi з хаты. Затое Хомчыха сьмела выскачыла - матка... Сэрца маткi заўсёды чуе i кепскае, i добрае.
Мядзьведзiха падняла зь зямлi дзiцё i падала мацi ў рукi. Хомчыха падзякавала. Мядзьведзiха нешта зараўла ў вадказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача й сьмяецца ў вадзiн i той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль - у лес.
Хоць дзiцё жыло ў мядзьведзiхi цэлы тыдзень, але было вясёлае й ружовенькае - лепш, чым у маткi. Мядзьведзiха не адбывала-ж прыгону. Вiдаць, акуратна кармiла чалавечае дзiцё сваiм мядзьведзкiм малаком.
Дзiцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзiць, яго ўсё цягнула ў лес. Аднаго разу ён пайшоў у лес - i колькi яго нi шукалi, не знайшлi.
- Пэўна, ваўкi зьелi, - гаварылi людзi.
Усё лета палясоўшчыкi скардзiлiся, што хтосьцi крадзе ў iх хлеб i мёд.
I вось у самую восень, калi надыйшлi халады, хлопчык вярнуўся дамоў.
- Дзе-ж ты быў?
- У мядзьведзяў...
- Як гэта?
- Захацелася да iх. Вось я й пайшоў...
- Чым-жа ты жывiўся там, сынок?
- Мядзьведзiха прыносiла мне хлеб i мёд.
Кажны раз, канчаючы гэтае апавяданьне, Вышамiрскi гаварыў:
- Каб я з гэтага месца ня ўстаў, калi маню!
I ён уставаў зь месца i адыходзiў дамоў, абапiраючыся аб кiёк.
Зьмiтрок Бядуля
ГЕНЕРАЛ
Вы ня ведаеце Мiхасёвага пеўня? Шкада! Цiкавы певень... А можа вы i Мiхася ня ведаеце? Дык гэта-ж цёткi Агаты сын. Яму ўжо чатыры гады з гакам. Праўда, гак гэты не такi вялiкi: усяго два месяцы. Але Мiхась шмат чаго сам ужо ўмее зрабiць. Ён, напрыклад, сам трымае лыжку ў руцэ, сам есьць. А калi пад'есьць, то адсуне ад сябе мiску i скажа:
- Мама, Мiхась пад'еў. Дзякуй.
Пасьля яды хлопчык пачынае майстраваць. Ён-жа - майстра на ўсе рукi. I складанчык у яго ёсьць. Зусiм запраўдны. Праўда, складанчык гэты з маленькiм бракам: палавiна ляза адламаная, i ён ня войстраны гады два. Але што тут за бяда. Падумаеш, - палавiна ляза адламаная. Другая-ж засталася. Ёю можна зрабiць, што хочаш. У нядзелю, калi нiкога ня было дома, Мiхась узяў матчын апалонiк i зрабiў зь яго... люльку! Як бачыце, Мiхась - хлопчык хоць куды!..
Вось так напрацуецца за дзень, а ўночы сьпiць - хоць з гармат палi, не разбудзiш. Тады ён забываецца й пра пеўня. А певень кажны раз досьвiткам першы ў вёсцы сьпявае. Ну, быццам, пiльнуе, калi ранiца надыйходзiць. Залопае крыламi i як зацягне, моцна-моцна, - ку-ка-рэ-ку-у!
- Ах, каб на цябе лiха! Вось-жа глотку дзярэ, гарлатан! I паспаць ня дасьць, - зь лёгкай злосьцю бурчыць ён i зноў пачынае драмаць. А певень памаўчыць крыху, набярэ поўныя грудзi паветра i зноў - ку-ка-рэ-ку-у-у!
I калi зацягне ў трэйцi раз, то па усей вёсцы пачнуць адгукацца пеўнi, быццам хочуць даказаць, што яны таксама ня сьпяць.
А ранiцай певень i Мiхась на двор выходзяць разам. У кажнага зь iх занятак. Мiхась дапамагае мацi дайнiцу несьцi, а певень зьлезе з куратнiка, паглядзiць-паглядзiць вакол i нешта загаворыць да курэй-чубатак на сваёй курынай мове: ко-ко-ко-о-о! Вiдаць, кажа:
- Злазьце, чубаткi, сьнедаць пара. Пойдзем чарвякоў шукаць.
I чубаткi, сьпяшаючыся, адна за другой скачуць на зямлю, абступаюць свайго важака. А ён гэтак горда пазiрае вакол.
Мiхась таксама не стаiць склаўшы рукi. Ён чакае, пакуль мацi падоiць карову, i адначасова пiльнуе, каб певень iз сваей сям'ёй у гарод не забраўся. Калi ўсе куры зьбяруцца, певень павольна выходзiць зь iмi на вулiцу. Мiхась глядзiць, як певень вядзе курэй сьнедаць. Горда iдзе певень. Пастаў на галаву шклянку з вадой - не ўпадзе. Ступае адразу на чатыры пальцы. Крок цьвёрды. I стукае так, як рота салдат у цяжкiх ботах па бруку. Раз! раз! раз! Ды i ногi ў пеўня, што ў ботах. Нiжэй каленаў мякiнькае цёмнасiняе пер'е. Хвост што серп. Некалькi пярынак падымаюцца ўгару, апiсваюць паўкруг i апускаюцца данiзу. Так i здаецца: узлуй толькi такога ваяку, i ён гэтымi сярпамi-пярынкамi - мах!.. мах!.. I адразу напалам расьсячэ.
А як высока галаву трымае! Дзюба прыўзьнята. Грэбень крыху сьхiлены на правы бок. Iдзе - i вокам ня мiргне!
Глядзiць Мiхась i радуецца, што ў iх такi цудоўны певень. Ня толькi жывы гадзiньнiк, але i гаспадар курынай сям'i. I ўсе куры яго слухаюць. Вось певень нешта знайшоў, вiдаць, чарвяка. Хуценька павярнуўся, махнуў галавой - дзёўб! дзёўб!.. А дзюба ў яго - што малаток. Дзяўбануў колькi разоў, а потым ко-ко-ко!.. I тут як кiнуцца да яго чубаткi! Тапу! тапу! тапу!.. Адна перад адной - навыперадкi. А ён войстрым вокам паглядае: каму-ж аддаць здабычу? Першай падбегла чарнушка. Не, ёй не аддасьць чарвяка. Зiрнуў на яе - i чарнушка адскочыла, нiбы варам аблiтая. Падскочыла белашыйка. Так i ёсьць! Гэта для яе знайшоў ён першага чарвяка. Схапiла белашыйка здабычу, адбегла у бок, а сакатухi - за ёю, хочуць адабраць. Але дзе там! Яна ўжо глынула чарвяка i рассыпаецца:
- Ко-ко-ко, дзякую, браце певень, за пачастунак...
Мiхасёў певень ня толькi кормiць курыную сям'ю, але i абараняе яе ад ворагаў. А ворагаў у курэй многа. То каршун, то лiсiца, то галодны воўк захоча паласавацца. Тут певень i выступае абаронцам.
Аднойчы ў жнiўнi Мiхась прагнаў курэй з гароду, а сам нешта ўзяўся майстраваць. Курыны статак накiраваўся сьцежкай мiж жыта. Наперадзе, як заўсёды певень. Iдуць куры, гавораць мiж сабой, чарвякоў, мошак зьбiраюць. I раптам - ш-ш-шась! - нехта крылом па каласох. I зьнiк. Нямоцна шаснуў, але певень пачуў. Падскочыў, азiрнуўся, ды - кр-р-р-р... Насьцярожана, трывожна.