Выбрать главу

Сакатухi так i прыселi, дзе каторая была. А тут зьверху ўзноў нешта шэрае - ш-ш-шась! I - на белашыйку. Певень - кок-кок-ку-дак! - кiнуўся на дапамогу. А белашыйка - нi жывая нi мёртвая. I бачыць певень, як з пад кiпцюроў каршуна толькi пер'е ляцiць.

Усе куры папрыцiскалiся да зямлi, крычаць не сваiм голасам - ка-а-а! ка-а-а! Навет Мiхась прысеў ад нечаканасьцi. Складанчык выпаў з рук. Што рабiць: мацi клiкаць цi самому бегчы на дапамогу? А певень з разгону - раз! раз! сваей дзюбай-малатком каршуну ў сьпiну. Той аж кiгiкнуў ад болю ды хутчэй угару. А тут Мiхась сабраўся зь сiламi i як гаркне:

- Ага-га-га! Разбойнiк...

Так Мiхась зь пеўнем выратавалi белашыйку. I хто ведае, можа таму яна першай i чарвяка кажную ранiцу атрымлiвае, што пабыла ў каршуновых кiпцюрох...

Калi куры вяртаюцца з пасьбы, Мiхась уважлiва сочыць за iмi. Чаго добрага, возьмуць ды i махнуць у гарод!... А куры падыйдуць да карытка з вадой i пачынаюць пiць. Паволi, не сьпяшаючыся. Прысядуць крыху, набяруць вады, а потым высока-высока падымуць галаву. Шыя выцягваецца-выгiнаецца, i вада бульк-бульк-бульк! - пацякла ў горла. Нап'юцца, палягуць пад плотам i капошацца ў пяску. А певень ходзiць-ходзiць вакол, потым скок на плот. Сядзе, залопае крыламi, ды закрычыць: ку-ка-рэ-ку-у-у! I так моцна, што напэўна чуваць аж у суседняй вёсцы. Пасьпявае i iдзе адпачываць. Але ня сьпiць! Адно вока прыжмурыць, а другiм цiкуе, каб вораг не падкраўся...

Сонейка-ж тым часам так ласкава сьвецiць, так прыгравае. Певень ляжыць, час-ад-часу адкрые вочы, пацягнецца. Нагою - трэп! трэп! - i зноў зажмурыцца.

Мiхась любiць свайго пеўня i не баiцца яго. А суседзкiя дзецi баяцца. Певень ня кажнага пускае ў хату. Дзяўбецца!.. Аднойчы Вера, дзевяцiгадовая дзяўчынка, iшла да iх за нейкай патрэбай. Падыйшла да варот, толькi ўзялася за кручок, каб адчынiць, а певень скок ей на плячо. I пачаў калацiць дзюбай-малатком! Калi-б у гэты час ня было на дварэ Мiхася, нямала-б ёй дасталося.

Праўда, раней дык i Мiхасю нельга было выйсьцi з хаты: певень ня пускаў. Дык бацька неяк параiў:

- Ты, сынку, вазьмi палку i паганяй гэтага генерала вакол хаты. Запамятае i будзе цябе баяцца.

Мiхась узяў палку ды задаў генералу такога дыхту, што той цяпер абыходзiць хлопчыка далёка. Добранькi стаў, хоць ты яго да раны прыкладай.

Калi ў вёсцы заходзiць гўтарка пра Мiхасёвага пеўня, дык абавязкава пачуеш:

- Гэта якi певень? Той гарлапан? Генерал?

Для каго гарлапан, а для Мiхася - весялун, прыгажун, для мацi будзiльнiк, для сакатух-чубатак - абароньнiк i кармiлец.

I ўсе зь лёгкай бацькавай рукi завуць яго генералам.

Цi-ж ня цудоўны певень у Мiхася?

Аўг.Рапановiч

МАЦЕЯЎ КОТ

Не дарма пра Мацеявага ката людзi й прыказку злажылi: "Хiтры, як Мацеяў кот". Гэты кот прост легендарны. Хiба няма нiводнага кутка на Беларусi, каб ня чулi пра Мацеявага ката. Цi вы вазьмеце за Ячанскiм Рубяжом, цi за Ярэмiчамi, цi ля Баранавiчаў, цi яшчэ дзе за лепельскiмi лясамi-вазёрамi - усюды яго ведаюць. Ну й я дадам, што гэта запраўдны кот, якi заслужыўся таго, каб аб iм на'т пiсаць. А правёў ён свой век кашачы ў Каляпечнiках. Вось жыў ён - складаў пра сябе легенды.

Была ў Мацеявых шэрая котка - вялiкая, шустрая; часта ў гумно хадзiла мышэй лавiць, катоў да сябе заманьвала. Былi ў яе ўжо трэйцiя кацяняты. Нарадзiлася iх чацьвёра: беленькае, пярэсьценькае, чорненькае й рыжае. Спачатку Мацеiха хацела iх усiх патапiць, але пасьля раздумалася, адно пакiнула сабе - рыжае, а iншыя людзям аддала. Так яно гэта рыжае кацянё й расло - гадавалася. За якi тыдзень - другi пазiраць пачало, а яшчэ за тыдзень пачаў Рыжак iз кошыка вылазiць, больш сталым рабiцца; пад ложак бегаць, з клубком гуляць. Як рос, так i вырас. За год Рыжы ўжо быў вялiкiм катом i прынамся паўвёскi знаў, напэўна знаў.

Вось-жа, калi мiнула Рыжаму год, пачаў ён свае крокi ў жыцьцё. Насамперш ён абмежаваўся тым, што вылавiў усе мышы ў нашым канцы. Засталiся толькi ў Сымонавых пад хлеўчыкам дзьве мышы, якiм удалося ўцалець ад акцыi Рыжака. Аб гэтым ужо ўсе бабы гаварылi, а Янкава старая дык азванiла ўвесь канец, быццам-бы нейкая паморнiца на мышэй увалiлася. Але гэта драбнiца.

Ужо падыходзiла пад Вялiкдзень. Сонца падымалася вышэй i вышэй, жураўлi цягнулi на поўнач свае повалачы, вераб'i зьбiралi шматлiкiя сходы, бiлiся на платох пявуны - рабiлася цёпла. Цёпла рабiлася й у будынку Данiлы: прыгрэла надта ў кубельцу. Там шынкi даўно ўжо чакалi веснавога сонца. Вынуў гэта Данiла дзьве шынкi й кiлё дый падчапiў на гумнё ў шчыце. Шынкi вiсяць, а Данiла то зь сяней, то з-за вугла зiрк на шынкi - цi вiсяць яны ды памалу далей ля дроў паварачваецца. Трэба-ж было Мацеяваму кату, лежачы на страсе, на сонцы, падгледзець шынкi ў шчыце й паварот Данiлы. Зьлез гэта ён дый пацiснуў ля плоту пад гумно. Узьдзёрся на страху ды цiкуе, дзе паварочваецца Данiла. I толькi Данiла набраў дроў ды несьцi ў хату, як Рыжы за кiлё цап, а кiлё вобземлю. Кот за яго ды за вугал, ды за другi: i прапала кiлё, адно рукамi Данiла размахнуў ды суседзяў пакляў.

Паехала й у Сьцёпкавых манiста каўбас з вышак, калi падпiльнаваў яе Мацеяў кот; i сплыла ў Кузьмовае Арыны смажаная курыца, якую яна вынесла, каб астыла ў каморцы. Пачало неставаць i яек на седалах, паводля бабскага падлiку. Калi гэта прайшло, дык i на масла паскупела, бо сьмятану з збанкоў як чарамi хто шчароўваў. Памог Рыжы суседзям i сыры сушыць. Дзiвiўся ўвесь канец з гэтых праяваў, але нiхто ня ведаў поваду ўсяго гэтага.

А Рыжы адно пацягваецца ды грэецца на сонцы. Ён, каб каму на вочы паказвацца, дык не, пазагуменьню абыдзе й зробiць так гладка, што як з маслам. А iншы раз, калi ня ўдаецца ягоная валакiта й дома з-за стала гоняць, выцягне з-пад полу бульбiну на сярэдзiну хаты ды грызе сырую, залiўшыся сьлязьмi. Трасе тады Мацей галавою, гледзячы на ягоны хiтры вынахад: "А каб ты ўрэзаўся, каб ты... Ото-ж ты розуму набраўся!" - ды дасьць ложак iз дзьве стравы. Вось Рыжы й жыў так, покуль не раскусiлi яго ды не перашкодзiлi ў ягонай дзейнасьцi. Асаблiва прычынiўся Мiхась Янаў, якi добра даў лупцаванкi Рыжаму ў мяшку ад мукi, а пасьля яшчэ сучкаю з двара правёў.