Гэй, гаротнае, маркотнае!
Ты шырока, маё полейка,
Ад кусточка да кусточка разьлягаешся,
Ты глыбока, сэрца, краешся.
Дзе цяпер я сьмерць сваю спаткаю:
Цi у моры, цi у рэчцы, цi ў ставочку,
Што капытам пры дарозе быў прабiты
I да краю буйным дожджыкам налiты?"
V
- Ды i што-ж там за шум учынiўся?
- А камарык там з дубу звалiўся.
Грымнуў ён на зямлю з высакосьцi
I пабiў - паламаў сабе косьцi.
Цесьлi дошкi з дубоў пiлавалi,
Габлявалi, труну змайстравалi.
Ўсю чырвонай кiтайкай аббiлi,
Стужкай чорнай з краёў адтачылi.
Гэй, кладуць камара ў дамавiну,
Заклiкаюць сяброў i радзiму.
Камары над труной затрубiлi,
Сьветлячкi лепш за зорак сьвяцiлi.
- "Вы пацiху, музыкi, зайграйце,
Майго сэрца у край не ўражайце!"
Горка мушка-ўдава галасiла,
Борздай сьмерцi у Бога прасiла:
- "Мой мужочак, мой камарочак,
Ты падай мне з труны галасочак.
Ах, нiхто над табой не заплача,
Толькi хмарачка дробнымi дажджамi,
Толькi мушачка горкiмi сьлязамi".
Палажылi дамоўку на мары,
Панясьлi праз лугi ды папары.
Ля дарогi магiлу капалi
I у ёй камара пахавалi,
У сырую зямельку злажылi,
Зьверху насып вялiкi зрабiлi.
Людзi добрыя шляхамi мiнаюць,
Шапкi нiзка здымаюць, пытаюць:
- "Ня iначай, вяльможны вандроўнiк,
Генэрал, цi маёр, цi палкоўнiк?"
- "Не, ляжыць тут камар - камарочак,
У каторага з локаць насочак".
Максiм Багдановiч
КАМАР ХВАЛЬКО
Пад прысадзiстым дубком
Збудаваў камарык дом,
Плотам дом абгарадзiў,
Бесклапотна, цiха жыў.
Ды аднойчы камара
Бура вынесла з двара,
I звалiўся камарок
У бярозавы лясок.
Выжыў, буру перанёс,
I задраў угору нос:
- Што мне бура, што вiхор,
Я ўзьнiмаўся вышай гор,
Я ўзьнiмаўся вышай хмар,
Стаў асiлкам я, камар...
- Вецер, вецер, замаўчы!
Што ёсьць сiл камар крычыць.
Вецер змоўк, зацiх гушчар.
Зноў сваё пачаў камар:
- Захацеў я - вецер сьцiх,
Я мацнейшы стаў за ўсiх...
Муху крык такi ўстрывожыў,
Муха веры даць ня можа:
- Ды няўжо ты, камарок,
Моцны стаў такi, браток?
- Я ня то магу зрабiць
Зьвера я магу звалiць!..
Цiха ў лес iшоў мядзьведзь,
Перавальваўся ледзь-ледзь.
Частаваўся ён мядком,
I на пыску - воску ком.
Патаптаўся - i ў бярлог
Адпачыць мядзьведзь прылёг.
Задаволен камарок,
Сеў мядзьведзю ён на бок.
- Я мядзьведзя павалiў,
Я мядзьведзя пакарыў!
Муха кажа: - Хто-б паверыў,
Што камар мацней за зьвера...
- Я ня то магу зрабiць,
Дрэва я магу звалiць...
Зазьвiнела тут пiла,
I камар, нiбы страла,
На вяршыню дрэва сеў,
Звонка песеньку запеў:
- Як удару я крылом,
Будзе ў лесе буралом.
Дрэва падае, трашчыць...
Муха зьдзiўлена глядзiць:
- I няўжо ты, камарок,
Моцны стаў такi, браток?
- Я ня то магу зрабiць,
Сьвет магу я пакарыць!..
Ды ляцела павуцiна,
Нос кранула камарыны,
Абкруцiла яму ногi,
Стаў ён клiкаць дапамогi.
Добра, што пасьпела муха
Выцягнуць яго за вуха.
Паглядзела яму ў твар
I сказала: - Эх, камар!..
А.Д.
КОТ, САБАКА I МЫШ
Прайшло таму нямала год,
Калi сабака, мыш i кот
Жылi у згодзе, разам елi,
Скакалi, навет песьнi пелi,
Лiзалi косьцi пад сталом
I весялiлi цэлы дом.
Ды вось аднойчы гаспадар
Задумаў ехаць на базар.
Ён загадаў сабаку срога:
- Не адыходзься ад парога,
Сядзi, для пэўнасьцi, пры хаце,
Пiльнуй усё маё багацьце.
I можа мала, можа многа
Сядзеў сабака ля парога,
Ды захацеў ён паскакаць,
Крыху пагаўкаць, пабрахаць.
I кажа ён кату: - У дружбу
Ты саслужы адну мне службу
I за мяне пiльнуй у хаце
Гаспадаровае багацьце.
- Ну, што-ж, - яму прамовiў кот,
Каб большых ня было турбот!
З ахвотай пасяджу ля ганку,
А ты сабе бяжы пагаўкай.
I можа мала, можа многа
Той кот праседзеў ля парога.
Паклiкаў мыш i кажа: - У дружбу
Ты саслужы адну мне службу
I за мяне пiльнуй у хаце
Гаспадаровае багацьце.
Бо тут ад ветру на парозе
Я дужа лапкi памарозiў.
- Ну, добра - кажа мыш, - скарэй
Бяжы на печ ды лапы грэй.
I можа мала, можа многа
Сядзела мышка ля парога.
Ды раптам чуе - памiж траў
Цьвiркун на скрыпачцы зайграў.
Тут мышка, ўзяўшы лапкi ў бокi,
Хутчэй пусьцiлася у скокi.
Вярнуўся гаспадар - а ў хаце,
Глядзiць, няма яго багацьця.
Хацеў сабаку ён прагнаць,
Ды той пачаў яго лiзаць,
Прасiць, малiць, гаспадара:
- Не праганяй мяне з двара.
За гэта буду я нязьменна
Служыць аддана i сумленна.
- Што-ж, - гаспадар яму ў вадказ,
- Чым марнаваць дарэмна час,
Служы ды верны будзь, як друг...
Аднак iдзi, брат, на ланцуг.
Сабака бедны з тэй пары
Сядзiць навязан на двары.
За крыўду гэткую гатоў
Ён разарваць усiх катоў.
I кот з мышамi больш ня дружыць,
Як толькi зловiць, так i душыць.
А мыш залезла ў падпамосьце,
Грызе падлогу там iз злосьцi.
* * *
Вядома, гэта толькi казка,
Ды прачытаць для тых я раю,
Свае хто часам абавязкi
Выконваць iншым даручае.
Н.Тарас
КАЗКА ПРА МЯДЗЬВЕДЗЯ
Пад самую восень, пад верасень месяц
Задумаў жанiцца Мядзьведзь шэры ў лесе.
I кажа сватом: - Мне шукайце пасагу;
Зiму зiмаваць - трэба мёду i брагi.
А сам я ня маю нi пчол, нi гароду;
Падушка - i тая з альховай калоды.
За лета снапа мне нажаць ня прыйшлося,
То хворы ляжаў, то гнуў дугi, палозьзе.
Няхай сабе будзе ня важная жонка,
Каб толькi я выжыў зiму пад сасонкай...
* * *
Хадзiлi сваты ад Мядзьведзя па лесе
Усё дзеўкi шукалi празь верасень месяц.
Хадзiлi яны ў Белавеж да Зубрышкi,
Да Зайцавых дзевак, былi i ў Казьлiшкi.
Там ветлiва важных гасьцей прынiмалi,
Крынiчнай вадой, мурагом частавалi;
Старалiся ўсе iм у пояс хiлiцца
Сваты былi важныя - Воўк ды Лiсiца!
Калi што ня так, дык патрапiлi-б самi
Пагладзiць, дзе трэба, памацаць зубамi...
Эх, важныя дзеўкi, былi-б гаспадынi,
Каб мелi каўбасаў, курэй, саланiны.
Нашто i шукаць-бы што недзе другое,