А паднялася нада мной дзянніца, —
З Хвілінкаю з крыніцы мог напіцца.
Мая хвілінка наталіла смагу —
I я адчуў сівых вякоў адвагу.
Расце былінка свечачкай на лузе —
Мая Хвілінка з вечнай Беларусі.
КРОПКА
Бегла кропка
нетаропка.
А за ёю
цэлы сказ
нетаропка
бег да вас.
А за сказам тым —
радкі.
За радкамі —
кніжка...
Бегла кропка
нетаропка.
Кропка ў нас
не лішняя.
Ставіць кропку
трэба ў час:
ратаваць i сказ
i вас.
Кропка — гэта сіла!
Пачыталі?
Пагуляць
вас яна
прасіла.
З кнігі «Жывіца». Вершы, апавяданні, казкі пра дзяцей i для дзяцей. Мінск. «Юнацтва». 1999 г. Укладальнік I. Гімпель
АНТЭНА
Бацька ўголас вырашае:
— Дзе б антэну мне дастаць,
Каб лавіла Рым, Варшаву
I Парыж магла б узяць?
Уявіў я: ў нашай новай
Той антэне над страхой
Як у сетцы павуковай
Бон трапечацца, Ханой,
Надрываецца Тырана,
А Нью-Йорк — як авадзень...
I антэны нашай рама
Накаляецца штодзень.
I тады сказаў я татку,
Каб суцішыўся мой страх:
— Голас Мінску напачатку
Ты пусці пад родны дах.
Будзем ведаць я i ты:
Дом наш — годны, не пусты!
САЛАЎІНЫЯ СЫНЫ
Зачараваныя гаі —
Купальскія — гудуць!
Ідуць сівыя салаўі,
Сваіх сыноў вядуць.
Ідуць азёрнай стараной
Па залатым куп'і.
I акрыляюцца зямной
Любоўю салаўі.
Хачу i я за салаўя
Быць у цябе, Краіна.
Табе — уся любоў мая
I салаўя i сына.
За намі цеплыня гаёў
I продкаў цішыня.
Мацнеюць крылы ў салаўёў,
Надзеяцца штодня.
На ўзлёце вераць у зямлю,
Дзе з песнямі растуць.
Сваё крылатае «Люблю!»
Да сонца данясуць.
Хачу i я за салаўя
Быць у цябе, Краіна.
Табе — уся любоў мая
I салаўя i сына.
З кнігі «Незабудкі». Вершы. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі У. Карызна, Я. Хвалей. Серыя «Бібліятэка беларускай дзіцячай літаратуры».
НА ЎЗЫХОДЗЕ СОНЦА
Лясныя прывіды — яліны —-
З начы вясенняй паўставалі.
Разлівы песняў салаўіных
Тушылі зоры,
Ранне звалі.
Па белых росах дзень каціўся.
Падрос — i сонейка напіўся:
Увесь у промнях...
Малайчына!
Сустрэла новы дзень Айчына.
ДАРОГІ I СУСТРЭЧЫ
Мне раніцу ліловую
Ускінуць бы на плечы!
Тады знайду я новыя
Дарогі i сустрэчы.
I на шляху з прываламі
Бацькоўскі дом узвесню,—
Каб гулкія, трывалыя
Укласці словы ў песню.
Дзе словы нараджаюцца?
Пра што яны вяшчуюць?
Па мураве качаюцца,
Размову продкаў чуюць.
I кожнаю былінкаю
Гучаць на Беларусі.
З Радзімаю-Крывінкаю
Я песняю зрастуся!
З кнігі «Вясёлы коўш». Вершы і казкі. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі А. Вольскі, I. Гімпель. Серыя «Школьная бібліятэка».
СВІСЛАЧ — МАЦІ НЯМІГІ
Зоркі з неба ападалі ў скрусе:
лёс Нямігі ўспомніла рака...
Адвяла ад гнеўнай Беларусі
меч варожы мужная рука.
Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце.
Прамаўляе Свіслач грамадзе:
— Зоркі па-над Мінскам
сцеражыце,
беражыце знічкі у вадзе!
Ты Мянеска мельніцу круціла.
Стронгу гадавала ты ў віры...
Да Купалы берагам гасцінным
тут ішлі вясёлыя сябры.
I не раз у веснім паўнаводдзі
крыгаломамі буяла ты.
Дваццаць першы век ужо наводзіць
над табою гонкія масты.