Да цябе вяду, як да сястрыцы,
з новымі падзеямі гады,—
каб Дзяржава помніла крыніцы
летапіснай, векавой вады.
Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце.
Прамаўляе Свіслач грамадзе:
— Зоркі па-над Мінскам беражыце,
сцеражыце знічкі у вадзе!
З кнігі «Бярозка». Вершы, апавяданні, эсэ. Мінск. «Мастацкая літаратура». 2003 г. Укладальнік У. Мароз.
Зверху - сонца. Знізу - зёлка. Паяднала ix Вясёлка.
ВЯСЁЛКА
Пасля дажджу смяецца зёлка,
бо навальніца не грыміць.
Над галавой вісіць вясёлка
i так лагодна просіць піць.
Ёй i крынічка заспявала:
трымцяць вясёлыя кругі.
...Мяне вясёлка уздымала
i мной злучала берагі.
Сказаў вясёлцы: — Калі ласка!
I мне дай радасці глыток,
бо ты — Айчыны апаяска,
а я — Радзімы завіток.
ВЯСНА
Пераступіў парог —
у хаце як у лесе:
вясна
у вочы лезе.
Зіме перапалох.
Клявала нас у нос
i выла на начлезе.
Вясна
у вочы лезе.
Бывай, густы мароз!
Парог пераступлю,
скажу сястры Алесе:
— Вясна
у вочы лезе,
бо я вясну люблю.
Залезе на руку —
вазьму яе на плечы.
I сцягам затрапеча
вясна ў сакавіку!
У РУКАХ БАРБАРЫ – ДОЖДЖЫК
Зверху — сонца.
Знізу — зёлка.
Паяднала ix
вясёлка.
Колькі
у вясёлкі дужак, —
столькі ж
у Барбары стужак.
Гэта значыць,
што Барбара
сёння для вясёлкі -
пара!
Той,
хто палівае зёлку,
сам падобны
на вясёлку.
ГАЛІНКА
Павярнуўся да Галінкі:
— Рукі
у цябе —
галінкі.
Не махай рукамі, годзе:
каля носа вецер ходзіць.
Лепш далонькай правядзі
па шчацэ маёй.
Глядзі —
чырванее...
Ты, сястрыца,
веру, будзеш чараўніцай!
Свецяцца іскрынкі
у вачах Галінкі.
Хай галінкі веснія
зачаруюць песнямі!
ЗАВУШНІЦЫ
У Міланькі-вучаніцы
зоркі дзве, як дзве сястрыцы
завушніцы.
Вам усім не надзівіцца.
Не спрабуйце вы ўчапіцца
ў завушніцы.
Каралеўна-чараўніца
вам аддаць не пагадзіцца
завушніцы.
Будуць радаваць, іскрыцца
у Міланькі завушніцы —
бліскавіцы.
Хто ix носіць — не баіцца,
бо й вясёлка-таямніца —
неба завушніца.
ПЕВЕНЬ-ГАРЛАПАН
Золак. Певень-гарлапан
на шастку сядзіць як Пан.
Прэ з яго гардыня.
Кукарэкне першы раз —
крэкне гаспадыня.
Гаспадар, нібы той вожык,
растрасе санлівы ложак,
дакранецца веніка —
супакоіць Пеўніка.
Толькі ж Певень лайдаку
клюне ў сонную руку.
Кукарэкне так, дурніца,
што абвісне аканіца.
Сонца ў небе разгарыцца
ад яго ку-ка-рэ-ку!
Вёска наша не сталіца.
Кожны рады сваяку...
Квохкае курыца,
цецярук такуе,
шэрая зязюля
у бары кукуе.
ФІЛІН ФІЛЬКА
Філін Філь замест малін
любіць а-цы-да-філін.
Лес глухі — свой родны дом —
памяняў на гастраном.
Філь глядзіць на ношу нашу:
у «Кефір», ці «Сыраквашу»
толькі дзюбай дзеўбане:
вітаміны ёсць на дне?
— Дайце
а-цы-да-філіну
мне!
Чуем Фількі смелы кліч.
Ён разумны, лекар Сыч.
Медсястра ў яго — Сава:
з мудрай дзюбай галава.
Прастуджуся, —
дзесяць ложак
дайце ацыдафіліну ў ложак.
I Сыча паклікаць варта:
будзе ля пасцелі варта.
З ім, здаровы, перад сном
палячу
у гастраном.