ЗДАРОВЫ СМЕХ
Ох, які забаўны Смех!
Не схаваеш Смех у мех.
Ён раскацісты, уцешны,
i вясёлы, i нацешны.
Толькі ж ты не рагачы.
Мы з табой не рагачы,
як ласі, ці зубры.
Зверы скаляць зубы.
Гарлапаніць, глотку дзерці
не, не хочуць нашы дзеці.
Дождж на вуліцы, ці снег, —
коціцца за імі
Смех.
ГАСЦІНЕЦ
Падрастаў з унучкай дзед
Бегаць налаўчыўся.
Весяліць з ёй цэлы свет
хутка навучыўся.
Дні з унучкаю лічыў:
нёс ёй у свяцёлку
на Вялікдзень кулічы,
на Каляды — ёлку.
Спланаваў на цэлы год
дзед усе навіны.
Вось i заўтра карагод:
будуць імяніны.
Паднясе салодкі дар
ёй з янтарнай лыжкі.
Будуць «грызці» i «Буквар»
Анатоля Клышкі.
Слова – промнічак лагодны, Мова – месячык і сонца
КАЛЬЧУГА СЛОВА
Не вараг я ваяўнічы —
мечнік службы адмысловай.
Мне пасуе да аблічча
светлая кальчуга слова.
Хто прамоўца — абаронца
ад нямоты i нягоды:
слова — промнічак лагоды,
мова — месячык i сонца.
Гукамі зямлі лячуся.
Хай глядзіць Айчына горда:
я ў кальчузе, ты ў кальчузе, —
мы сумоўная кагорта!
АДБОРНЫЯ ЗЯРНЯТЫ СЛОЎ
Мова — скарбніца, казна,
поле векавое.
Дзе — у словах — збажына,
думай галавою.
«У мінулым годзе...» — сказ
калькаю завецца.
«Летась...» — добры пераказ
лашчыцца да сэрца.
Смела йдзеш у магазін,
а да крамы — воўкам?
Карандаш ну хоць адзін
замяні алоўкам.
Мытня ёсць, таможня ёсць,
тратуар i ходнік...
На Радзіме ты не гоець, —
субяседнік-моднік.
Будзе
чуйнаю
душа, —
мову не праб'е іржа!
МАЦЯРЫК
Не толькі мы расцём,
i дрэвы падрастаюць.
Вясновы вадаём
галінкі абдымаюць.
Разгортваюцца дні,
трапечыцца лістота.
Праменьчыкі крані —
абудзіцца прырода:
ў яе на далані
ты — родная істота.
Сцяжына як ручнік:
трава аб тварык трэцца...
Скажы, а як завецца
айчынны мацярык?
СВЕТЛАФОР
Тата кажа мне ў дакор:
— Верцешся па вуліцы...
Не глядзіш на светлафор.
Бачыш, як ёы жмурыцца?
Ты скажы сваім сябрам:
бегчы наўскасяк не дам.
Я свавольніка спыню.
Пастаіць, гаротненькі.
Школьнікі — не шкоднікі.
Вочы таты, не маню,
аж праменяць дабрыню.
— Тата, я цябе цаню,
светлафор мой родненькі!
ЗУБРЫНЫЯ ВЕДЫ
Школа ў пушчы.
Донца дня
рэха навашчыла.
Тут зубрыха
зубрыня
мудрасці вучыла.
Чуў разгалісты дубок
пушчы павучанні:
— Зубрык, ведай назубок:
словы ў нас — мычанні.
Наматай на рожкі
сцежкі i дарожкі.
Ты навуку не зубры, —
думай у развазе.
Не зубрылы мы, зубры,
ў белавежскім класе, —
мысляры-гаспадары
на сваім папасе.
Як арэхі лушчы
Веды
нашай
пушчы!
ЛІТАРЫ Ў PACE
Хто на Нарач,— падзівіцца.
Я ж трымаю коўш расы.
Уваткнулі
у вадзіцу
літары свае насы.
У (кароткага) не стала, —
толькі капялюш плыве.
У каўшы загрукатала,
нескладовае прыўстала
кепка зноў на галаве.
З выбуховым «у» на востраў
перабраўся. Добры схоў.
Там з расою вельмі проста:
доіцца з крылатых слоў!
Літары ў расе купаю,
бы купальскія вянкі.
Мову звонкую ўздымаю
ад зямлі да небакраю.